Звольненыя з бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага распачалі галадоўку.
Пра пачатак сваёй акцыі пратэсту чацьвёра яе ўдзельнікаў абвясьцілі 5 лістапада а 10 гадзіне раніцы ў будынку Бабруйскага гарвыканкаму. У ім актывісты зьбіраюцца правесьці першы дзень галадоўкі.
Прафсаюзьнікі заяўляюць, што пакуль галадоўку будуць трымаць двое сутак. Ёй яны прыцягваюць увагу грамадзкасьці да перасьледу сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў.
«Мы хочам, каб нашы праблемы былі пачутыя ўладай. Нам ніхто не надае ўвагі, куды мы ні зьвяртаемся. Таму мы вырашылі правесьці такую акцыю пратэсту», — заявіў адзін з удзельнікаў галадоўкі Алег Шаўчэнка.
На галадоўку прафсаюзьнікі наважыліся пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У ім прасілі кіраўніка дзяржавы разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
У лісьце прэзыдэнту скаржнікі даводзілі, што з заводу звальняюць высокакваліфікаваных спэцыялістаў, шкодзячы вытворчасьці. Яны вінавацяць у сваім звальненьні кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, які, на іхную думку, «абвясьціў вайну свабоднаму прафсаюзу».
Сёлета ў сакавіку сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага ўжо праводзілі падобную трохдзённую галадоўку пратэсту, але свайго не дамагліся. Адміністрацыя прадпрыемства па яе сканчэньні пачала звальняць яе ўдзельнікаў.