Вядомы прапагандыст Яўген Новікаў, вядоўца праграмы «Правы чалавека: погляд у сьвет», заявіў, што праграму забаранілі. Паводле Новікава, прычынай стала ягоная пазыцыя па ўкраінскіх падзеях.
Цяпер праграма выходзіць на расейскім радыкальным нацыяналістычным рэсурсе «Крамола».
15 кастрычніка Нацыянальная рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня прызнала тэлеканал «Беларусь-24» неадпаведным патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб транспамежным тэлебачаньні, а таксама заканадаўству Ўкраіны, і зьвярнулася ў суд з пазовам аб забароне вяшчаньня на сваёй тэрыторыі.
Падставаю для гэтага рашэньня сталіся скаргі тэлегледачоў, а таксама выбаркавы маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за мэдыйную палітыку.
Гэтак, у праграме «Правы чалавека. Погляд у сьвет» на тэлеканале «Беларусь-24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэньне інфармацыі пра падзеі ва Ўкраіне.
Прэсавая служба Белтэлерадыёкампаніі ў камэнтары для Радыё Свабода абяцала разабрацца з гэтым пытаньнем.
Праграму Новікава ня першы раз абвінавачваюць у паклёпе і маніпуляцыі. Сваё нэгатыўнае стаўленьне да сюжэтаў праграмы выказвалі дыпляматы і палітыкі, і справа нават даходзіла да суду. У 2011 былы прэм’ер Міхаіл Чыгір і ягоная жонка Юлія падавалі зыск пра абарону гонару і годнасьці з нагоды інфармацыі, якая прагучала ў праграме.
Адзін з апошніх скандалаў, зьязаных з праграмай Новікава, адбыўся год таму. Новікаў заявіў у эфіры, што «амэрыканскія дзеці ядуць пацукоў».
«Беларусь-24» — тэлеканал, створаны Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь для замежных гледачоў. Ён пачаў вяшчаньне ў 2005 годзе.