Як паведамляе ЦВК сэпаратыстаў, на «выбарах» кіраўніка ДНР перамог дзейны прэм’ер-міністар Аляксандар Захарчанка. Захарчанка набраў больш за 765 340 галасоў, намесьнік старшыні «парлямэнту Наваросіі» Аляксандар Кофман — 111 024 галасы, а дэпутат «Вярхоўнага савету» ДНР Юры Сіваконенка — 93 280 галасоў выбарцаў.
На выбарах у «парлямэнт» ДНР найбольшую колькасьць галасоў набрала грамадзкая арганізацыя «Данецкая рэспубліка», якую ўзначальвае Захарчанка.
На «выбарах» кіраўніка ЛНР таксама перамог дзейны прэм’ер-міністар — Ігар Платніцкі. Як паведамляе ЦВК сэпаратыстаў, Платніцкі набраў 63,4% галасоў (440 613), кіраўнік прафсаюзаў Алег Акімаў — 15,15% галасоў, прадпрымальнік Віктар Пенер — 10,08%, «міністар аховы здароўя» ЛНР Ларыса Айрапецян — 7,29%.
На выбарах у «парлямэнт» ЛНР перамагла грамадзкая арганізацыя «Мір Луганшчыне», якая набрала 69,46% галасоў. Выбарчы сьпіс гэтай арганізацыі ўзначальваў Платніцкі.
Украіна, ЭЗ і ЗША лічаць выбары ў ДНР і ЛНР незаконнымі і нелегітымнымі, і ад самага пачатку заяўлялі, што яны ня будуць прызнаныя.
У сваю чаргу, Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што «паважае волевыяўленьне жыхароў паўднёвага ўсходу» Ўкраіны і лічыць, што «абраныя прадстаўнікі атрымалі мандат для вырашэньня практычных задач па аднаўленьні нармальнага жыцьця ў рэгіёнах».