Гэтага рашэньня ЭЗ наконт санкцыяў адносна Беларусі чакалі зь вялікай цікавасьцю. Бо яно было ў пэўным сэнсе вызначальным тэстам, індыкатарам, з дапамогай якога можна больш дакладна рабіць высновы наконт палітычнай лініі Эўрапейскага Зьвязу ў беларускім пытаньні на тле ўкраінскага крызысу.
Справа ў тым, што ЭЗ уводзіць санкцыі тэрмінам на адзін год. І праз 12 месяцаў трэба прымаць новае рашэньне: ці то працягваць, ці адмяняць свае, як яны называюць, «абмежавальныя захады». Тэрмін дзеяньня санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у палітычных рэпрэсіях, заканчваўся 31 кастрычніка 2014 г.
Год таму для ЭЗ гэтае пытаньне было простае і яснае. Беларускія палітзьняволеныя сядзелі ў турмах, таму ніякіх дыскусіяў у Эўропе наконт санкцыяў не ўзьнікала.
Але за год сьвет зьмяніўся. Украінскі крызіс, канфлікт паміж Захадам і Расеяй шмат у чым памяняў уяўленьне пра важнасьць тых ці іншых палітычных чыньнікаў. На тле вайны, масавых ахвяраў ва Ўкраіне восем беларускіх палітвязьняў сталі бачыцца ў Эўропе ня самым вялікім злом. Да таго ж афіцыйны Менск дыстанцыяваўся ад Расеі па ўкраінскім пытаньні, заняў пазыцыю нэўтралітэту ў канфлікце паміж РФ і Ўкраінай, пачаў рабіць міратворчыя высілкі. Ва ўмовах вострага міжнароднага канфлікту паміж Захадам і Расеяй пытаньне каштоўнасьцяў трохі адышло ўбок, на першы плян выйшлі праблемы геапалітыкі. І заходнія палітыкі лічаць, што Лукашэнку трэба неяк «аддзячыць» за ягоную «гнуткую» пазыцыю.
Але, зь іншага боку, галоўнае патрабаваньне ЭЗ ня выкананае, палітзьняволеныя па-ранейшаму сядзяць за кратамі, Брусэлю трэба неяк захоўваць палітычны твар. Да таго ж працэдура прыняцьця рашэньня ў Радзе Эўразьвязу такая, што адмяніць санкцыі, можа, цяжэй, чым іх увесьці. Бо патрэбен кансэнсус. Дастаткова, каб адна краіна прагаласавала супраць, і рашэньне не прымаецца. Таму нават увесьці, напрыклад, мараторый на прымяненьне санкцыяў на год, як ЭЗ гэта рабіў у пэрыяд дыялёгу 2008–2010 гг., вельмі цяжка.
У выніку ЭЗ прыняў кампраміснае, саламонава рашэньне. Санкцыі не адмененыя, а працягнутыя. Але адначасова з санкцыйнага сьпісу выключылі 24 чалавек і сем юрыдычных асобаў. Гэта сыгнал на адрас Менску пра тое, што Эўразьвяз гатовы таксама праявіць гнуткасьць.
Лягічнае пытаньне: чаму б Лукашэнку ня вызваліць палітвязьняў і ня зьняць праблему? Акрамя таго ж пытаньня захаваньня твару, ёсьць і іншыя, нават больш важныя прычыны. Ён хоча выгадна «прадаць» палітзьняволеных. Калі б гаворка ішла толькі пра адмену санкцыяў, то тут было б лёгка дамовіцца і ажыцьцявіць разьмен: вызваленьне ўсіх палітвязьняў на адмену ўсіх санкцыяў.
Падаецца, Менск лічыць свой «тавар» даражэйшым і хоча атрымаць за яго яшчэ і грошы
Але, падаецца, Менск лічыць свой «тавар» даражэйшым і хоча атрымаць за яго яшчэ і грошы. Зьвярніце ўвагу, як апошнім часам актывізаваліся кантакты беларускіх афіцыйных асобаў з прадстаўнікамі міжнародных фінансавых арганізацыяў. Напрыклад, прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч у ЗША сустрэўся з намесьнікам выканаўчага дырэктара МВФ Чжу Мінем. На гэтым тыдні місія фонду чарговым разам наведала беларускую сталіцу.
Крэдыт МВФ у абмен на вызваленьне палітзьняволеных — чым ня зьдзелка? Аднак, здаецца, менскія палітычныя бізнэсоўцы сяго-таго ня ўлічваюць. Акрамя праблемы палітвязьняў, пасьпяховаму завяршэньню гэтага торгу перашкаджае адна дробязь. Як ні дзіўна для афіцыйнага Менску, МВФ патрабуе рынкавых рэформаў у эканоміцы. Таму перамовы паміж Беларусьсю і Міжнародным валютным фондам ужо шмат гадоў ідуць па адным зачараваным коле. Беларускія чыноўнікі просяць: дайце грошай. Прадстаўнікі фонду адказваюць: добра, але крэдыты могуць выдзяляцца толькі пад праграму эканамічных рэформаў. Беларускі бок адказвае: Окей, будзем рыхтаваць такую праграму. І нічога ня робіць. Бо слова «рэформы» для Лукашэнкі — лаянка, кіраўнікі ўраду проста баяцца ісьці да прэзыдэнта з такімі прапановамі. І на наступнай сустрэчы з прадстаўнікамі МВФ усё паўтараецца.