Шаноўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько ня так даўно напісаў пра адну папулярную ўкраінскую народную песьню: «Так сьмяецца падлетак, якога б’е банда. Вы мяне ў гразь мачаеце, вы мяне б’яце нагамі, а я ўсё адно не заплачу, усё адно не папрашу літасьці. Ла-ла-ла-ла». А вось калі «Наша Ніва» прывязала да інфармацыі пра згвалтаваньне ў Маскве анэкдоты, гэта выглядала больш падобна на чалавека, які сьмяецца за кампанію з бандай, што б’е нагамі ляжачага.
Нездарма найбольш эмацыйна крытыкавалі гэтую публікацыю жанчыны. Бо найперш яны пабачылі ў жарце не сытуацыю з мульціка, а жывую і рэальную ахвяру. Калі б нейкая газэта надрукавала інфармацыю пра згвалтаваньне беларускай дзяўчыны расейцамі і жартаўліва спыталася б, ці яны беларусафобы, ці беларусафілы, магчыма «Наша Ніва» крышку па-іншаму ацаніла б такі гумар.
Год таму расейскі тэлевядоўца Іван Ургант пажартаваў на кулінарнай перадачы, што пасек зеляніну, як камісар жыхароў украінскай вёскі. Потым ён зьдзекліва прасіў прабачэньня, абяцаўшы назваць усіх сваіх будучых дачок Багданамі. «Але ж сьмешна пра зеляніну», — напісала мне тады адна знаёмая. У адказ я папрасіў яе ўявіць жартаўніка, як пячэ піражкі ў тэлеэфіры і тлумачыць: «Я засоўваю іх у духоўку, як эсэсавец габрэяў у газавую камэру».
Вядома ж, для кожнага межы прымальнага гумару будуць свае. Тым, хто цяпер заклікае скарыстаць супраць «Нашай Нівы» рэпрэсіўны апарат дзяржавы, мае сэнс пачытаць анэкдоты у «гумарыстычных» газэтках для дзяцей, што паўсюдна прадаюцца ў Беларусі.
«Псыхолягі лічаць, што гумар — гэта ў пэўным сэнсе выцясьненьне страху, своеасаблівая абарона», — напісаў у сваім блогу Віталь Цыганкоў, баронячы права сьмяяцца з табу. Толькі ня варта блытаць гэты магчымы мэханізм гумару з самазадаволеным садысцкім сьмехам ці лісьлівымі ўсьмешкамі тых, хто баіцца апынуцца на месцы ахвяры.