«Кажуць, што мужчын адразу цягне спаць пасьля сэксу. — Чаму тады так цяжка злавіць гвалтаўніка?»
«Я ня гей, бо я ніколі не змагу займацца сэксам з тымі, каго паважаю. Таму я не магу займацца сэксам з мужчынамі.»
Як вам такія жарты?
Гэта клясыка сучаснага англійскага і амэрыканскага гумару. Набярыце на Юцюбе Most Offensive Jokes (самыя абуральныя жарты) — паслухайце сцэнічныя жарты вядомых комікаў, якія паказваюць па ТБ.
Вы пачуеце там жарты і пра масавыя забойствы школьнікаў у ЗША, і пра Мухамада, і пра Ісуса, пра чорную жанчыну, якая зрабіла сем абортаў, пра гееў, пра рак, і пра Біблію, і нават пра 11 верасьня. Амэрыканскі комік Сара Сільвэрман замахнулася нават на самае сьвятое — жартуе пра Марціна Лютэра Кінга.
Самае страшнае, што можа быць у жыцьці — гэта вайна і сьмерць. Але народы ва ўсе часы жартавалі над сьмерцю. Вы ніколі не чулі анэкдотаў пра сьмерць, пра вайну, пра партызан?
Адзін з самых разьняволеных — брытанец Джымі Кар (Jimmy Carr). Чытаем у Вікіпэдыі: «Некаторыя выданьні асудзілі жарт Кара пра брытанскіх жаўнераў, якія страцілі канечнасьці на вайне ў Іраку і Аўганістане. Сам Джымі палічыў свой выпад „цалкам дапушчальным“, бо мае схільнасьць жартаваць пра інвалідаў і згвалтаваньні».
Успомніць пра «межы дазволенага» давялося ў сувязі з дыскусіяй вакол публікацыі на сайце «Нашай Нівы», якая надрукавала анэкдот пра згвалтаваньні побач з інфармацыяй пра тое, што ў Маскве двое беларусаў згвалцілі актрысу порна-кіно. Мяркую, што НН паступіла не зусім карэктна, але я б хацеў выкарыстаць гэтую нагоду, каб увогуле пагаварыць пра межы дазволенага і дапушчальнага, бо дыскусія ў сацыяльных сетках пайшла вакол таго, ці дапушчальныя ўвогуле анэкдоты пра згвалтаваньні.
У людзей, якія кажуць, што такія жарты ўвогуле ня маюць права на існаваньне, хочацца спытаць: як вы ў цэлым уяўляеце сэнс існаваньня гумару, жартаў і анэкдотаў? Відавочна, што гумар — гэта часьцей за ўсё сьмех над чымсьці кепскім, няправільным, заганным, агідным. Нават самы нявінны анэкдот «прыйшоў муж з камандзіроўкі» — гэта ўжо сьмех над здрадай, над трагедыяй, над разводам. Чаму б гэта не ацаніць як разбурэньне сямейных каштоўнасьцяў? А анэкдоты пра нацыянальнасьці, расы — увогуле распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Калі нельга анэкдоты пра гвалтаваньні — а пра што можна? Самае страшнае, што можа быць у жыцьці — гэта вайна і сьмерць. Але народы ва ўсе часы жартавалі над сьмерцю. Вы ніколі не чулі анэкдотаў пра сьмерць, пра вайну, пра партызан?
Беларусь яшчэ не пасьпела адчуць свабоду самавыяўленьня, а разам зь дзяржаўнай цэнзурай ужо наступае цэнзура паліткарэктнасьці
Псыхолягі лічаць, што гумар — гэта ў пэўным сэнсе выцясьненьне страху, своеасаблівая абарона. Людзі расказваюць анэкдоты пра сьмерць, каб не баяцца яе. У традыцыях Захаду, ад Дантэ і Шэксьпіра, заўсёды было адкрыта гаварыць пра самыя «страшныя» тэмы жыцьця, пра самыя непрывабныя бакі чалавечай натуры, пра якія ў іншых цывілізацыях часам сарамліва маўчалі.
Беларусь яшчэ не пасьпела адчуць свабоду самавыяўленьня, а разам зь дзяржаўнай цэнзурай ужо наступае цэнзура паліткарэктнасьці, калі «новыя камсоргі» дакладна ведаюць, што можна і чаго нельга гаварыць.
І дарэчы, чым больш патрыярхальнае грамадзтва, тым больш у ім публічна забароненых тэмаў для гумару. У Іране не жартуюць пра гвалтаваньні, у Аўганістане не жартуюць пра гееў. Гэта прывілея свабодных людзей у свабодных краінах.
Што, аднак, не азначае адмены правілаў добрага тону, патрабаваньняў густу, прыстойнасьці. Гэта акурат тыя паняцьці, якія ня маюць жорстка прапісанага раз і назаўсёды рэглямэнту — што якраз і зьяўляецца іх моцным бокам. Каб людзі самі заўсёды думалі, што дапушчальна, а што — па-за межамі.