Гомельскі бадзяга: Са сьметніцы я дзяржаве падаткі не заплачу

Belarus - Homel train station, 4Jan2013

Беларускія ўлады з дапамогай адмысловага закону зьбіраюцца змагацца з дармаедамі — тымі, хто не дасягнуў пэнсійнага ўзросту і нідзе не працуе.

Мяркуецца, што кожны «дармаед» павінен будзе сплачваць дзяржаве ў год 968 даляраў падаткаў, што адпавядае 10 мільёнам беларускіх рублёў.

Ці зьбіраюцца гомельскія дармаеды плаціць дзяржаве падаткі? І ці пабеглі яны рэгістравацца ў цэнтар занятасьці?

Што бадзягаў у Гомелі нямала, бачна адразу. Адны стаяць у людных месцах і жабруюць, іншыя пэрыядычна дасьледуюць дваровыя кантэйнэры са сьмецьцем, выграбаючы адтуль парожнія бутэлькі, жалязякі, кардон, паперу і нават рэшткі ежы.

Кабета ў гадах у двары на праспэкце Леніна зьлівае па кроплях малако з парожніх плястмасавых бутэлек у адну. Падумалася: ці не даярка?

«Даяркай, а потым цялятніцай працавала — у Баршчоўцы, што ў бок Рэчыцы. І прыехала во ў Гомель. Тут пакуль знаходжуся».

Валянціна — так яна назвалася — не схацела распавядаць сваю гісторыю бадзяжніцтва. Сказала толькі, што мінулую ноч спала на макулятуры пад бальконам:

«Пад бальконам начую з катом разам. Паперу разаслала, ёй жа ўкрылася — і спала».

Кабета вельмі спакойна адрэагавала на ўказаньне міліцыі паставіць да 1 сьнежня на ўлік усіх бадзягаў, каб потым і зь іх спаганяць падатак на дармаедзтва:

«Няхай шукаюць і няхай ставяць. Як ужо я пайду працаваць? На адной назе ў мяне, лічы, наагул пальцаў няма. Грузіла мэталалом, дык чыгуном папала. Апэрацыю рабілі ў Першым савецкім шпіталі, косьці няправільна зрасьліся».

Няхай хоць бы які інтэрнат пабудавалі. Тады б людзі езьдзілі ў калгасы, дапамагалі б

Суразмоўніца кажа, што ўладам варта было б пабудаваць для бадзягаў хоць які дах над галавою, а пасьля ўжо вазіць на працу — нават у тыя ж калгасы, саўгасы:

«Няхай хоць бы які інтэрнат пабудавалі. Тады б людзі езьдзілі ў калгасы, дапамагалі б. Я б і сама паехала, каб зарабіць капейчыну, зарабіць хоць на цыгарэты».

Гарадзкі валацуга Ўладзімер — родам з Расеі, але грамадзянства мае беларускае. Жыве ў Гомелі ад 1991 году. З жонкаю ў разводзе. Кажа, што тая зь міліцыяй вытурыла яго са сваёй хаты. І ён бадзяецца. Рабіў сьлесарам у аўтапарку № 1, але працу страціў за прагул. Цяпер, як і большасьць гарадзкіх бадзягаў, дасьледуе сьметніцы. Але дармаедам сябе ня лічыць:

«Як гэта — дармаеды? Я што — дармаед? Я вось зарабляю на сьметніках. Мэталалом зьбіраю. Бывае, людзі й ежу дарагую выкідаюць Бутэлькі таксама зьбіраю. Ня кожны дзень, але тысяч 30 выходзіць».

Гомельскі бяздомны Ўладзімер

Уладзімер кажа, што плаціць падаткі яму як беспрацоўнаму не выпадае, бо няма з чаго:

«Зараз я ніяк не магу заплаціць. Няма з чаго. Толькі са сьметніцы я й маю даход. Ну, а зь дзяржавай дзяліцца? Дзе мне ўзяць такія грошы? Са сьметніцы ўзяць і дзяліцца зь дзяржавай? Лухта нейкая».

Суразмоўца кажа, што калі б быў вялікім начальнікам, то зрабіў бы іначай:

«Я разумею так: калі ён сабраў усю гэтую гвардыю, якая па сьметніках лазіць, і хоча прымусіць працаваць, дык дай ім умовы хоць якія, каб не ў падвале жыць і не на вуліцы пад цеплатрасай. І я б ня стаў лазіць па гэтых сьметніках — дай працу. А то прыходжу ўладкавацца на працу — нам ня трэба. У іншым месцы — нам ня трэба. Апошні раз быў у „Цукаргандлі“, хацеў грузчыкам уладкавацца. Не ўзялі, сказалі, што ў іх няма інтэрнату. Калі б я быў вялікім начальнікам, я б пабудаваў добры інтэрнат — засяляйцеся. І вось інтэрнат зрабіў — тады ўсіх на працу. Хто ня хоча — жывіце ў падвале, жывіце як хочаце».

У цэнтар занятасьці Ўладзімер таксама больш не хадок, бо тры месяцы стаяў там — і безвынікова. Куды пасылаюць, там адмаўляюць: паглядзяць у працоўную кніжку, што звольнілі за прагул — і выпраўляюць за браму.

На сельгаспрацы суразмоўца таксама зарокся езьдзіць:

«У калгас нас накіроўваюць — на ўборку бульбы, морквы. Разы тры я езьдзіў. Капеечныя заробкі — калі 50 тысяч дадуць, калі не. Гэта ж ерунда, мала. А гарбацісься на гэтым полі чорт ведае колькі. Кілямэтар гэтую моркву дзярэш. Брудны, увесь у пыле, а памыцца няма дзе».

Гомельскі бяздомны Пётар

Яшчэ адзін бяздомнік, які жабраваў на вуліцы Катуніна і назваўся Пятром Пятровічам, кажа, што трэба было не лядовыя палацы ўсюды будаваць, а і пра бяздомных падумаць — во тады, працуючы, яны й плацілі б падаткі:

«Гэта ідыятызм поўны. Як бяздомнага можна ставіць на ўлік? Не разумею гэтага. Гэта нейкі маразм. Дайце спачатку жытло, а потым паглядзіце на чалавека, на стан яго здароўя і на што ён можа прэтэндаваць, на якую працу.

Не лядовыя палацы ўсюды трэба было будаваць, а хоць якія пяціпавярховікі для бяздомных».