Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі бомж Юры: Я бачыў і гутарыў з Лукашэнкам


Бяздомны Юры з Магілёва
Бяздомны Юры з Магілёва

Больш за месяц жыве ў бэтоннай трубе вадасьцёку 75-гадовы магілёўскі бяздомны Юры. Ён герой некалькіх сюжэтаў Свабоды.

Пасьля аднаго з іх старога выгналі са схованкі ў цеплатрасе, а лаз у яе заварылі жалезнымі трубамі. Цяплейшага прытулку Юры Іванавіч не знайшоў. Бадзяга не спадзяецца, што ягоны лёс зьменіцца да лепшага. Перажыўшы лютыя маразы дзед чакае вясны, каб наведаць сына.

Юры Іванавіч апавядаючы пра жыцьцё апошніх трох дзён жартаўліва зазначае, што ў ягонай трубе не бывае ўзімку цёпла. Кажа, што дужа калеюць ногі і дакучаюць пацукі, якія іншым разам вырываюць з рук ежу.

«Рукі мерзнуць, ногі мерзнуць. Адну нагу не адчуваю зусім — левую. Нібы драўляная стала. Ды наагул ужо і падыхаць пара. Надакучыла ўсё. Стаміўся я ад гэтага жыцьця. Досыць зь мяне сваё я пажыў. Прабоўтаўся. 23 гады бадзяюся», наракае на лёс Юры Іванавіч.

Стары прызнае, што некалькі разоў спрабаваў зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага, аднак ня выйшла. Калі ў 1991 годзе прыехаў з расейскай Пермі ў Магілёў пажыўшы з сынам, той купіў яму дом у вёсцы:

Паеду я назад і буду тут боўтацца“. І я паехаў адтуль
«Дом вялікі быў у цэнтры сяла. Крама пад вакном. А потым восень надышла. Трэба было печку паліць. А я да гэтай справы не прывыкшы. Я тады кажу сыну: „Давай прадамо дом і я паеду на Ўрал“ У Пермі паступіў на ваенны завод імя Леніна і адпрацаваў там чатыры месцы і думаю: „Паеду я назад і буду тут боўтацца“. І я паехаў адтуль».

Пасьпеў папрацаваць стары і ў Шклоўскім раёне — у адным зь мясцовых тады яшчэ калгасаў:

«Тады першы год быў прэзыдэнтам Лукашэнка. Прыяжджаў ён туды. Сустракаліся з ім. Гутарылі. Потым міліцыя праводзіла мяне да Магілёва, бо я гутарыў з прэзыдэнтам. Усе ж тады думалі, што ён будзе ня доўга, а высьветлілася, што доўга. Дваццаць гадоў ужо служыць».

Пра ўсё гэта Юры апавядае ахвотна, але без асаблівага шкадаваньня. Больш цешыцца ён з таго, што стала цяплейшым надвор’е. Са свайго прытулку стары цяпер выбіраецца раней, чым у лютую калатнечу. Адразу ідзе ў жылы масіў — да крамаў і сьметніц.

У гэтым магілёўскім мікрараёне такіх як Юры Іванавіч бяздомных нямала. Некалі, кажа ён, тутэйшыя бадзягі перабывалі непагадзь у будынку чыгуначнай станцыі «Магілёў-2» ды жылі ў цеплатрасах. Пасьля рамонту станцыі бяздомных туды больш не пускаюць, а ўваходы ў цеплатрасы пазаварвалі. Цяпер бамжы туляцца ў падвалах жылых дамоў.

Юры Іванавіч адмаўляецца ехаць да сына. Ягоны адрас ўдалося ўсё ж адшукаць.

«Іх там трое. Пакой адзін. Кухня. І я яшчэ буду перашкаджаць. Тут я, як свабодны чалавек. Устаў. Пакурыў. Нікому не перашкаджаю».

Карэспандэнт: «Але ж вы казалі, што хочаце пабачыць сына?»

«Я сам да яго паеду, калі пацяплее. У Расею не хачу. Там у мяне нікога няма. Пляменьнікі мае ва Украіне. Яны прыяжджалі сюды шукалі мяне на двух машынах. Па падвалах хадзілі, але не знайшлі».

Сярод тутэйшых бадзяг Юры Іванавіч — чалавек вядомы. Не засьпеўшы яго ў вадасьцёку адзін з бамжоў, які раскладаў назьбіраны мэталялом, падказаў, дзе старога знайсьці. Разгаварыўшыся ён адзначыў:

«Цікава, што беларусы пра расейцы больш турбуюцца чым расейцы пра Беларусь. Бачачы ягоны ўзрост яму даюць грошы, харчы. Іншым разам і добра даюць. Сын ягоны хацеў яго забраць, але ж ён ня хоча гэтага. Ён па звычцы сваёй не прызвычаены жа кватэрнага жыцьця. Яго адна маладая пара забірала да сябе. Ён у іх пабыў суткі і ўцёк а іх».

Суразмоўца з прыкрасьцю зазначае, што Юры Іванавіч хутчэй за ўсё і памрэ ў бадзяжніцтве як многія іншыя бяздомныя. Як і іншых пахаваюць у безыменнай магіле.

Пераказаць сыну, у якім стане цяпер ягоны бацька бадзяга не ўдалося. Па адшуканым адрасе ён больш не жыве. Цяперашнія гаспадары кватэры паведамілі, што ягоная сям’я выехала ў іншы раён Магілёва. Стары пра гэта ня ведае, але цьвердзіць, што ў сталоўцы, куды ён рэгулярны наведвацца, працуе сынава знаёмая, якая і кажа сыну, пра бацькава жыцьцё.

Магілёўскі бомж Юры Іванавіч нарадзіўся ў 1938 годзе. У адной з гутарак стары апавёў, што ў дзяцінстве варажбітка нагадала яму шчасьлівае жыцьцё, бо нарадзіўся ён 31 сьнежня. Напярэдадні 75-годзьдзя Юры Іванавіч стаў героем аднаго зь сюжэтаў Свабоды. Неўзабаве пасьля яго бамжа і пазбавілі жытла ў цеплатрасе. У Юрыя Іванавіча няма беларускага грамадзянства. Няма прапіскі і дакумэнтаў. Без грамадзянства стары ня можа разьлічваць на прытулак у начлежцы для бяздомных і ў доме састарэлых. Валянтэры адной з дабрачынных арганізацыяў гораду носяць Юрыя Іванавічу штодня ежу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG