Два тыдні таму на гэтым жа стадыёне сустракаліся зборныя Беларусі і Ўкраіны, і ў шмат каго з прыхільнікаў дзьвюх камандаў засталіся не найлепшыя ўспаміны — міліцыянты беспрычынна затрымалі блізу паўсотні чалавек, 24-м былі прысуджаныя адміністрацыйныя арышты і штрафы. Ці не адбіла пільнасьць сілавікоў ва ўкраінскіх фанатаў жаданьня спакушаць лёс у непрадказальнай Беларусі?
З-за ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны «Шахтар» вымушана эвакуяваўся з Данецку і цяпер кватаруе ў Кіеве. Пры гэтым хатнія сустрэчы каманда гуляе на «Львоў Арэне». Адтуль у нядзелю ўсім складам «гарнякі» і рушылі ў Менск.
Паказальныя ўражаньні ад сустрэчы зь Беларусьсю. Вось як прэсавая служба «Шахтара» перадае на клюбным сайце першыя хвіліны на беларускай зямлі:
«Апісваць уражаньні ад начнога, халоднага і мокрага гораду — справа няўдзячная. Але некаторыя моманты адразу зьвярнулі на сябе ўвагу. Найперш, адчуваньне, што вярнуўся ў Савецкі Саюз. Канчаткова яно замацавалася, калі кіроўца ў аўтобусе ўключыў радыё і адтуль панеслася: „У Светки Соколовой день рожденья, ей сегодня 30 лет...“. Наступныя песьні былі таксама з рэпэртуару дыскатэк 1990-х. Зрэшты, ёсьць у гэтым свой калярыт — вярнуліся ў юнацтва...»
А сёньня ў Беларусь пачнуць прыбываць групы падтрымкі ўкраінскай каманды. Як апавёў спэцыяліст па працы з фанацкімі рухамі «Шахтара» Дзяніс Сарокін, выглядае, што на трыбунах у Барысаве чалавек 200 павінна быць дакладна:
«Так, заўзятары будуць. Трэба было б удакладніць адносна рэалізацыі квіткоў на сёньняшні дзень, але ў продажы яны яшчэ былі. Таму дакладна сказаць не магу, але думаю, што чалавек 200 будзе, можа нават крыху больш».
Карэспандэнт: «Няма апасеньня наконт магчымых затрыманьняў, як гэта было падчас матчу зборных Беларусі і Ўкраіны?».
«Не, мяркую, што праводзіць нейкія аналёгіі з матчам зборных ня варта. Але справа ў тым, што я не афіцыйны сьпікер клюбу, і што тычыцца матчу, то даведкі лепш навядзіце ў прэсавай службе. Яны выдадуць максымальна карэктную, правільную інфармацыю, каб пазьбегнуць розначытаньняў».
На жаль, скантактавацца з прэсавай службай «Шахтара» не ўдалося — тэлефон упарта маўчаў. Але калі кіравацца досьведам усё таго ж матчу нацыянальных зборных, няма нікай гарантыі, што ўкраінскіх фанатаў не пачнуць заварочваць яшчэ на пад’езьдзе да Беларусі. 9 кастрычніка без тлумачэньня прычыны на памежных пераходах былі спыненыя дзясяткі аматараў футболу, шмат каму паставілі ў пашпарты штамп «Уезд забаронены» на розныя тэрміны. Сьведкам «фільтрацыі» нядобранадзейных стаў заўзятар Мікола Каўтанюк:
«Я ехаў электрычкай з Ковеля. Дакладней, да Забалацьця, і ўжо адтуль — да Берасьця. І бачыў, як здымалі хлопцаў. Памежнікі правяралі, глядзелі, потым пытаюцца — куды? Тыя кажуць, што на футбол. Тады іх паклікалі, вывелі з вагона, і потым яны ўжо не вярнуліся. Проста зьнялі зь цягніка. Аказалася, што іх яшчэ і занесьлі ў нейкі „чорны сьпіс“. Іншых пусьцілі, але пару чалавек забракавалі. Цікава, што спачатку ніхто наўпрост нават і не казаў — маўляў, едзем да Берасьця. Памежнік не адступаў: а далей? Ну, далей — да Менску. Цёрся, мяўся, урэшце кажа — на футбол. Выявілася, што, напэўна, ня трэба было казаць. Асабіста я не прызнаваўся, што еду на футбол. У мяне, вядома, і сымболіка была, і футболка, але ўсё ляжала ў заплечніку, ніхто не правяраў. А хлопцы спартовага выгляду, дык да іх прычапіліся і зьнялі. Увогуле ў вагоне было чалавек 10, якіх нават візуальна можна было вызначыць, што яны едуць на футбол».
Адзінае, што ў тым выпадку празь сеціва задоўга анансавалася акцыя салідарнасьці ультрас абедзьвюх камандаў, што ўрэшце і вылілася ў супольнае выкананьне крыўднай песьні пра Пуціна, пераклічкі паміж сэктарамі — «Слава Ўкраіне», «Героям слава!», «Жыве Беларусь!» і г.д. Да матчу і пасьля яго заканчэньня дзясяткі чалавек былі затрыманыя нібыта за хуліганства, 12 беларусаў і столькі ж украінцаў асудзілі, іншых пасьля прафіляктычных размоваў адпусьцілі. Сёньня палітычнага падтэксту нібыта не плянуецца, таму і пазыцыя сілавікоў, можа, будзе не такой прынцыповай.
На гэты момант БАТЭ на адно ачко апярэджвае «Шахтар»: у першым матчы выхаванцы Аляксандра Ермаковіча разгромна прайгралі партугальскаму «Порту» (6:0), але на «Барысаў Арэне» рэабілітаваліся ў матчы з гішпанскім «Атлетыкам» (2:1). «Гарнякі» дзьве сустрэчы завяршылі ўнічыю і цяпер сур’ёзна настройваюцца на першую перамогу.