Нават калі чалавек нешта скраў у супэрмаркеце, ці дае гэта права ахоўнікам крамы ўжываць у дачыненьні да яго фізычную сілу, абражаць яго нецэнзурнымі словамі? А калі чалавек ня скраў, а яго абзываюць злодзеем і пачынаюць прылюдна абшукваць?
Прафэсія гэтая апошнім часам робіцца ўсё больш распаўсюджанаю. А якія паўнамоцтвы маюць яе прадстаўнікі? Сёньня ахоўнікі — у супэрмаркетах, барах, начных клюбах, казіно, розных забаўляльных цэнтрах ды, здаецца, паўсюль. Кажуць, яны патрэбныя, каб спыняць крадзяжы, хуліганства ды проста непрыстойныя паводзіны некаторых грамадзянаў. А як насамрэч?
Вось якія меркаваньні пачула «Свабода ў турмах» на вуліцах Горадні.
Your browser doesn’t support HTML5
http://mreporter.ru/videos/10268
Пэнсіянэрка-інвалід і два неаплачаныя цэляфанавыя пакецікі
Адзін з самых нядаўніх выпадкаў на тэму, які здарыўся ў гэтым горадзе. Мужчына, якога злавілі на крадзяжы ў кампутарнай краме, паспрабаваў ускрыць сабе вены. Відэазапіс з камэры нехта выклаў у інтэрнэт. (Як кажуць у гэтай сувязі праваабаронцы, калі ёсьць неабходнасьць выкарыстаць запіс у якасьці сьведчаньня супраць дзеяньняў ахоўнікаў, то менавіта гэтае відэа некуды зьнікае).
Другі выпадак... Гарадзенскую пэнсіянэрку затрымаў ахоўнік крамы, абшукаў кішэні, выкінуў рэчы з сумкі. Знайшоў неаплачаныя два цэляфанавыя пакецікі, у якіх можна пакласьці хлеб ці гародніну. Яны каштавалі ў пераліку крыху больш за 10 амэрыканскіх цэнтаў. Ахоўнік затрымаў і абшукаў жанчыну, інваліда другой групы, прылюдна. Празь некалькі месяцаў яна вырашыла зьвярнуцца ў суд, каб спагнаць 11 мільёнаў рублёў — за маральную шкоду і нанесеныя страты здароўю. У таварыстве спажыўцоў ёй пацьвердзілі, што яна мае на гэта права, бо ахоўнік крамы перавысіў свае паўнамоцтвы: асабісты агляд могуць рабіць толькі міліцыянты ў асобным памяшканьні, у прысутнасьці сьведак. Калі гэта робіць ахоўнік, ён павінен скласьці пратакол. Аднак пратаколу не было, а вобыск ён правёў бяз згоды жанчыны — на вачах у іншых пакупнікоў.
Пакупнік: «Пабіць у краме могуць і празь беларускую мову»
А вось ужо магілёўская гісторыя. Мясцовага жыхара Сяргея аштрафавалі за інцыдэнт з ахоўнікам крамы. Супрацоўнік аховы, як сьцьвярджае мужчына, яго пабіў, а потым выклікаў міліцыю. Агрэсію ў ахоўніка, паводле Сяргея, выклікала ягоная беларуская мова. Калі раней, кажа ён, высьвятленьне адносінаў з ахоўнікам зводзілася да звычайнай перапалкі, то ў гэты восеньскі дзень дайшло да зьбіцьця.
Сяргей даводзіць, што чапляцца да яго ахоўнік пачаў ледзьве ня зь першых дзён сваёй працы ў краме. «То выгляд мой яму не спадабаецца, то як я выбіраю прадукты, і кожны раз ён даймаў крыўляньнем, як я гавару», — згадвае свае дачыненьні з ахоўнікам мужчына. У дзень інцыдэнту ўсё склалася інакш:
Your browser doesn’t support HTML5
«„Як ты са мной размаўляеш“, — прычапіўся ён адразу, — заяўляе Сяргей. — Заламаў рукі і пацягнуў у сваю падсобку. Паклікаў напарніка. Потым выклікалі міліцыянтаў. Тыя прыехалі, і мне яны дабавілі. Завезьлі ў пастарунак. Быў суд. Мяне аштрафавалі амаль на мільён рублёў. Прыносілі відэаназіраньне. На ім відаць, як я заходжу ў краму і як мяне ўжо валакуць зь яе. А вось дзе сам інцыдэнт быў, што мяне ахоўнік біў, дык сказалі, што запіс не атрымаўся».
У судзе Сяргея зьвінавацілі ў дробным хуліганстве. Як ён сьцьвярджае, прадаўцы, якія бачылі інцыдэнт, адмовіліся падтрымліваць наведніка крамы. Многія ў прыватных гутарках, кажа Сяргей, спрабавалі давесьці, што трэба было саступіць ахоўніку, бо ён характарам такі чалавек:
«То бок усе яго ў краме баяліся. Бабка там старэнькая працавала, дык казала: я бачыла, што ты не мацюкаўся і нікога не чапляў. І прадавец з харчовага аддзелу казала таксама, што бачыла, як мяне ахоўнік ударыў ды пацягнуў. Я тады запытаўся, ці можа яна гэта сказаць у судзе. Жанчына адмовілася. Сказала, што яе звольняць з працы, бо ў ахоўніка сувязі нейкія», — кажа Сяргей.
Пасьля інцыдэнту, кажа наведнік крамы, ахоўнік пацішэў — больш не чапляўся, хоць і паводзіў сябе заўжды фанабэрыста. А празь нейкі час зьнік з крамы:
Проста іншым разам стараесься не навязваць сваю мову. Стараесься стрымліваць сябе
«Мо куды перавёўся, — мяркуе Сяргей, — я ягоным лёсам не цікавіўся. Дзякуй Богу, я яго ўжо даўно ня бачу доўга, і ня дай Бог ні мне, ні маім сябрам такіх людзей бачыць. Мо і перавысіў сваю ўладу. Ён жа лічыў, што калі ён ахоўнік, то ён гаспадар у краме. Мне казалі, што ён нібыта былы міліцыянт. Пэўна, што ён токарам на заводзе ці кіроўцам-дальнабойшчыкам не працаваў».
Пасьля інцыдэнту ў краме Сяргей і сам зьмяніў свае паводзіны. Цяпер, кажа, і я пацішэў з сваёй моваю. «Проста іншым разам стараесься не навязваць сваю мову. Стараесься стрымліваць сябе».
«Свабода ў турмах» хацела выслухаць і меркаваньні іншага боку, прадстаўнікоў самой крамы. Ці сапраўды пакупніка можна зьбіць толькі празь ягоную беларускую мову, або ў канкрэтнага інцыдэнта ёсьць іншыя акалічнасьці? Не ўдалося. Ахоўнік той сапраўды ўжо не працуе. Прадаўцы кажуць, што занятыя справаю.
«Міліцыянт бачыў зьбіцьцё, аднак сказаў, што заняты»
Паводле праваабаронцаў «Плятформы», яны нярэдка атрымліваюць скаргі ад зьбітых ды абражаных ахоўнікамі людзей. Як ні дзіўна, самі ж ахвяры і становяцца вінаватымі.
...У апошні дзень лета маладыя менчукі — Саша, Раман, яшчэ адзін Раман і ягоная жонка Вераніка — вырашылі пайсьці на так званую «пенную вечарынку» ў аквапарку «Лябяжы». З басэйнамі, воднымі атракцыёнамі, дыскатэкай, барамі... Усё пачыналася як мае быць. Кампанія аплаціла квіткі, узамен на іх атрымалі чыпы, дзе быў пазначаны дакладны час знаходжаньня ў аквапарку — да восьмай гадзіны раніцы. Моладзь весялілася, пры гэтым паводзіла сябе прыстойна, нічога не парушала, шмат не піла. Аднак а пятай раніцы іх пачалі прасіць з аквапарку. Напачатку хлопцы паказалі ахоўнікам свае чыпы, але тыя не адрэагавалі. Потым запатрабавалі грашовай кампэнсацыі за нявыкарыстаны час. Гэта таксама засталося без увагі. Моладзь стала пытацца, дзе знайсьці адміністратара, у адказ пачула брудную лаянку. Адзін з Раманаў дастаў свой мабільнік і сказаў ахоўнікам, што будзе запісваць іхнія словы ды фіксаваць паводзіны на відэакамэру.
Your browser doesn’t support HTML5
Раман: «Я кажу ім: як вы з намі размаўляеце! Зараз усё буду фіксаваць на відэа. Здымаю. Тады яны спрабуюць вырваць камэру з маіх рук. Мне кажуць: давайце адыдзем крыху. Мне нічога дурнога ў галаву і не прыйшло. Адышлі туды, дзе кабінкі. Потым, ужо пабіты, зразумеў, што яны вырашылі адвесьці мяне далей ад камэраў відэаназіраньня. І там, дзе распранальня, мяне валяць на падлогу і пачынаюць зьбіваць. Так было цягам паўгадзіны. Я быў у крыві, мне было рэальна кепска. Прасіць іх спыніцца было бессэнсоўна. Потым яны павалаклі мяне па кафэльнай падлозе да рэцэпцыі. Там стаіць міліцыянт, які бачыў, які зьбівалі мяне, як зьбівалі Рамана, як зьбівалі Сашу. Саша зьвяртаецца да яго: вы — супрацоўнік міліцыі, паглядзіце, што яны робяць, прыміце меры. У адказ чуем: я заняты».
Празь некаторы час міліцыянт, аднак, сам прапанаваў хлопцам адвезьці іх у РАУС і напісаць заяву на ахоўнікаў. Гэта было сказана пасьля таго, як маладзёны самі загаварылі пра паход у міліцыю і пра тое, што гэтую справу проста так не пакінуць. Тая паездка разам зь міліцыянтам у пастарунак абярнулася для іх поўнай нечаканасьцю. Вінаватымі ў канфлікце сталі яны, а вось ахоўнікаў назвалі пацярпелымі. У лепшым выпадку хлопцам сьвяціў штраф, у горшым — суткі. Вырашылі зьвярнуцца ў «Плятформу». Пра тое, што адбылося ў міліцэйскім пастарунку і як разьвівалася справа далей, — праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч:
«Прыехалі ў РАУС. Дзяжурны сьледчы папрасіў пачакаць. Чакаюць — ніхто іх не выклікае. А пакуль яны сядзелі, прыехалі ахоўнікі з аквапарку і напісалі на хлопцаў заяву, што тыя буянілі. І хлопцам інкрымінавалі хуліганку, 17-1 Адміністрацыйнага кодэксу. Зразумела, у Раманаў ды Сашы таксама ўзялі заявы. Правялі праверку. І ў дзеяньнях ахоўнікаў ніякіх парушэньняў не знайшлі. На просьбы адносна выдачы запісаў відэакамэры ніхто не адрэагаваў. Як праводзілі праверку па факце — незразумела. Міліцыянты нават не апыталі хлопцаў паводле артыкула 17-1.
Цікава, што неўзабаве ў «Плятформу» зьвярнуўся яшчэ адзін хлопец, Сяргей, які таксама пацярпеў ад ахоўнікаў «Лябяжага». «Пеннай вечарынкі» ён не наведваў, а прыйшоў у аквапарк днём разам зь дзяўчынай і яе мамай. У аквапарку ўсе неяк нечакана пагубляліся. Сяргей пачаў шукаць сваіх жанчын, нават выйшаў за турнікет. Але нікога ня ўбачыў і вырашыў вярнуцца. Ахоўнікі сказалі: плаці грошы, бо выйшаў. Слова за слова — у выніку зь Сяргеем, паводле ягоных словаў, ахова абышлася яшчэ круцей, чым з абодвума Раманамі ды Сашам: яго са зламанай сківіцай даставілі ў шпіталь. Гіпс зьнялі зусім нядаўна. Да самага апошняга часу хлопец ня мог гаварыць. Аднак і яму прышылі хуліганку. Затое ў паводзінах аховы нейкіх супрацьпраўных дзеяньняў не знайшлі...
Што ў Швэцыі лічыцца вышэйшым пілятажам ахоўніка?
Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, зараз з маладымі людзьмі працуе адвакат. Выпадкі, калі ахоўнікі жорстка зьбіваюць чалавека на вачах у іншых, зусім ня рэдкія. А пакараць за гэта сапраўдных вінаватых практычна немагчыма — «у нас ахоўнікі заўсёды „пацярпелыя“ і, як самі кажуць, заўсёды вымушаныя абараняцца».
Кіраўніца «Плятформы» прыводзіць леташні выпадак у гандлёвым цэнтры «Карона». Тады да іх зьвярнуліся двое хлопцаў-пакупнікоў. Адзін зь іх, Дзяніс, пакаштаваў пару арэшкаў, якія ляжалі ў адкрытым кантэйнэры. Гэтага рабіць, зразумела, нельга. Аднак рэакцыя ахоўнікоў была такая, нібыта перад імі рабаўнік са зброяй. Сябар Дзяніса — Аляксандар паспрабаваў патлумачыць, што тры арэшкі ўсё ж не падстава для такіх дзеяньняў. Ахоўнікі яму разьбілі галаву. Зьбівалі Аляксандра нагамі адразу некалькі чалавек.
Зразумела, сам жа Аляксандар стаўся вінаватым. Супраць яго распачалі адміністратыўку. Праз суд яму неяк удалося «адбіцца», і нейкія санкцыі ў дачыненьні да яго не ўжываліся. Але ж... і ахоўнікаў не пакаралі.
Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што нярэдка ўзгадвае экскурсію ў швэдзкую турму:
«Мы тады спыталі ў ахоўнікаў: а дзе ваша зброя? Яны нам тады адказалі: а навошта нам зброя? Вышэйшы пілятаж для ахоўніка, асноўны прафэсійны навык — гэта вырашаць пытаньні вэрбальна: праблемы, канфлікты і г.д. Выкарыстаньне зброі — гэта верх непрафэсіяналізму».
Хоць нашы ахоўнікі, дадае суразмоўца, таксама спрабуюць вырашыць сытуацыю праз словы. Некаторым наведнікам крамаў ці іншых грамадзкіх цэнтраў часам удаецца зафіксаваць на мабільнікі іхнія слоўныя, так бы мовіць, пасылы... Дарэчы, такія відэа- і аўдыёматэрыялы будуць доказам для суду толькі ў выпадку, калі папярэдзіць, што ўсё запісваецца на электронны носьбіт.
Your browser doesn’t support HTML5
Былы міліцыянт: «Любы ахоўнік адчувае сябе нейкім прадстаўніком улады»
Былы віцебскі палітвязень, вэтэран МУС Сяргей Парсюкевіч кажа, што нейкі час ён сам думаў пайсьці працаваць у ахову. Так робяць былыя міліцыянты з адстаўнікоў ды тыя, каго звольнілі з праваахоўных структураў паводле розных прычынаў. Аднак, узважыўшы розныя «за» і «супраць», вырашыў, што гэта не ягонае. «12 гадзін вось так тупа стаяць ды назіраць за патэнцыйнымі зладзеямі — гэта праца, якая патрабуе нямала сілавых затратаў», — кажа маёр міліцыі ў адстаўцы.
— Каго бяруць на гэтыя пасады?
— Зразумела, на культурны ўзровень ніхто ўвагі не зьвяртае. Калі фізычна, то для той жа аховы крамы пажадана, каб ня надта дохлы быў. Ну, і каб выгляд быў прэзэнтабэльны нейкі, каб мужык выглядаў мужыком. Худзенькіх, слабенькіх, маленькіх быць не павінна. Бо ўсё ж не выключаецца, што ахоўнік будзе ўступаць у нейкае фізычнае супрацьборства.
— У нейкай няштатнай сытуацыі кшталту той, што здарылася ня так даўно ў беларускай сталіцы ў гандлёвым цэнтры «Шчасьце», — калі супрацоўнікаў ці пакупнікоў бяруць у закладнікі, — ці гэтыя ахоўнікі здольныя нешта зрабіць, каб захаваць бясьпеку грамадзянаў?
— Шчыра кажучы, калі браць асноўную масу, то сумняюся. Я рэальна бачу, хто стаіць у ахове, і больш-менш кваліфікавана ацэньваю людзей. Як правіла, гэта людзі, якія наўрад ці могуць аказаць у падобных сытуацыях сур’ёзны фізычны супраціў. У некага фізычная падрыхтоўка ня надта, у некага рэакцыя, у некага ўзрост, у некага мазгі. Зь сярэднестатыстычным чалавекам справіцца могуць, да таго ж стаяць яны звычайна не па адным. Адбіць збройны налёт — гэта ўвогуле выключана. Максымум, што яны могуць — гэта выклікаць міліцыю, бо стаяць яны там бяз зброі. Увогуле, людзі стаяць там ня дзеля аховы, а дзеля заробку. Калі я служыў, яшчэ была ахова, а цяпер матывацыя — толькі заробак.
— А як з выпадкамі кшталту таго, што апошнім часам адбываліся ў менскім аквапарку, «Кароне», у супэрмаркеце ў Гомелі ды ў іншых гандлёвых ці забаўляльных цэнтрах розных беларускіх гарадоў, калі ахоўнікі сур’ёзна зьбівалі людзей, перавышалі паўнамоцтвы?
— У прынцыпе, любы ахоўнік на сваім працоўным месцы адчувае сябе нейкім прадстаўніком улады. Тым больш людзі, якія некалі працавалі ў міліцыі, а потым іх выгналі адтуль за нешта. Таксама ідуць працаваць у ахову людзі, якія паводле сваёй сутнасьці садысты. Зразумела, з гэтага нічога добрага не атрымаецца. Ну, і, зразумела, сямёра аднаго не баяцца. Я ўпэўнены, што ў тых сытуацыях, калі людзей зьбівалі, гэтыя ахоўнікі ішлі зьбіваць цэлай кодлай.