Як выправіць расстралянага?

Валеры Філіпаў

«Само сьмяротнае пакараньне — нават не пакараньне», — перакананы праваабаронца Валеры Філіпаў. Бо нябожчыка не наставіш на правільны шлях, як абавязвае Крымінальны кодэкс РБ: «Асобе, якая ўчыніла злачынства, павінны быць прызначаныя пакараньне ці іншая мера крымінальнай адказнасьці, неабходныя і дастатковыя для яе выпраўленьня».

«І далей мы ўпадаем у дылему: як выпраўляць чалавека, калі ён расстраляны?» — кажа Валеры Філіпаў. Падобныя месцы, якія ёсьць у Крымінальна-выканаўчым і Крымінальна-працэсуальным кодэксах, на яго думку, несумяшчальныя зь юрыдычнымі нормамі, але існуюць. А замест сталай і абгрунтаванай думкі па тэме людзі згадваюць, што яны «за», толькі ў нестабільных эканамічных ці сацыяльных умовах. У іншыя часы праблема злачыннасьці, як і спосабаў пакараньня, адыходзіць далёка на задні плян.

Адна з прычын — неактуалізаванасьць пытаньня ў грамадзтве. У нас абмінаюць тэму турмаў і іх стану, а пра маральна-этычныя аспэкты (хоць бы пра тое, што сваякі расстраляных ня могуць атрымаць цела пакаранага) гавораць толькі асобныя «энтузіясты».

«Хоць самае цікавае: тое, пра што мы пішам і што дасьледуем, ужо сто год таму было напісана...» — кажа Валеры, згадваючы, сярод іншых, Альбэра Камю: «Калі дзяржава сее алькагалізм, то ня варта зьдзіўляцца, што яна пажынае злачыннасьць».

Сытуацыя, на думку Валера, відавочная: паводле дадзеных пракуратуры Беларусі, за 2010 год каля 85% цяжкіх забойстваў і каля 81% замахаў на забойства зрабілі асобы ў стане алькагольнага ап’яненьня, а квоты на вытворчасьць і продаж алькаголю растуць.

Апроч ужываньня сьпіртных напояў на сытуацыю ўплывае стаўленьне людзей да міліцыі і судовай сыстэмы. Міліцыі не давяраюць. Толькі каля ¼ насельніцтва ставіцца да яе станоўча, а астатнія бачаць яе супрацоўнікаў як некампэтэнтных і грубых. Імідж псуе і палітычная каньюнктура — незаконныя арышты, забароны сходаў.

У той жа час каля ¾ пажыцьцёва зьняволеных (як і нейкая нявызначаная частка грамадзтва) мяркуе, што ў нашым жыцьці большасьць людзей, якія нечага дамагаюцца, карысталіся злачыннымі мэтадамі.

Калі мы можам прапанаваць людзям іншыя варыянты барацьбы са злачыннасьцю, яны робяцца не такімі крыважэрнымі

А стаўленьне да судоў часам вызначаецца думкай, што калі нехта мае грошы, то можа і купіць сабе свабоду. «Гэта ўсё прыводзіць да таго, што калі некаму прысудзілі сьмяротнае пакараньне, то ўсе радуюцца: хоць аднаму далі па заслугах. ...Гэта незадаволенае пачуцьцё справядлівасьці», — кажа Валеры.

Многія выказваюцца ў падтрымку сьмяротнага пакараньня (тых, хто «за», з 2008 па 2012 год бывала ад 35,4% да 54,8%; на рэфэрэндуме 1996 году іх колькасьць увогуле склала 80,44%). На думку Валерыя, частка зь іх так мяркуе толькі таму, што на апытаньні не далі варыянтаў, апроч «за» і «супраць»:

«...Калі возьмем яшчэ трэці варыянт — пажыцьцёвае зьняволеньне — тады раптам выяўляецца, што прыхільнікаў сьмяротнага пакараньня менш, чым тых, хто за яго адмену ці ўвядзеньне пажыцьцёвага зьняволеньня. Калі мы можам прапанаваць людзям іншыя варыянты барацьбы са злачыннасьцю, яны робяцца не такімі крыважэрнымі».

Прэзэнтацыя кнігі «Каму патрэбна сьмяротнае пакараньне» пройдзе ў чацьвер, 9 кастрычніка, а 18:00 у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў.