Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балай: Дзякуючы праекту «Вышэйшая мера» я вызначыўся — я за ці супраць сьмяротнага пакараньня


Сяргей Балай
Сяргей Балай

У Менску адкрыўся сумесны праект фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».

Свабода апублікавала падрабязны рэпартаж з падзеі, а таксама пагутарыла з аўтарам выставы «Вышэйшая мера» фатографам Сяргеем Балаем.

— Сяргей, распавядзіце, калі ласка, як паўставала канцэпцыя фотавыставы?

— У выніку паўгадовай працы зьявіліся 26 фатаздымкаў. Іх магло быць больш, але мне падаецца, што ў такім выглядзе праект найбольш адпавядае нашай задуме. Герояў праекту таксама магло быць больш, але з розных прычынаў яны адмаўляліся сустракацца. Напрыклад, некалькі чалавек мяне запэўнілі, што іх дзеці жывыя, яны проста ня могуць паведаміць, дзе яны. Людзі шчыра вераць у гэта. Былі бацькі, якія прызналіся, што да таго часу, калі вышэйшая мера закранула іхную сям’ю, яны сапраўды думалі, што ў Беларусі няма сьмяротнага пакараньня.

— Якія былі цяжкасьці ў працы над праектам?

— Калі ўпершыню прыйшла думка зрабіць фатаграфічны праект, прысьвечаны сьмяротнаму пакараньню ў Беларусі, я думаў, што гэта будзе прасьцей. Але з кожным маім суразмоўцам я ўсё больш разумеў, што гэта вельмі складаная тэма, яна мне няпроста далася і даецца. Нягледзячы на гэта, я буду працягваць яго рабіць, больш шырока, больш паглыблена.

— А што для вас асабіста было самае складанае?

— Прыяжджаць да бацькоў, маці, чыіх дзяцей расстралялі, асабліва нядаўна — гэта страшна. Чалавека няма. Ёсьць вось нейкая абалонка, якая пра нешта думае, якая з табой размаўляе, але яе душа, яе думкі вельмі далёка. Усе гэтыя людзі вельмі моцна пакутуюць. Для іх сьмяротнае пакараньне ня сталася апошняй кропкай, калі можна пачаць новае жыцьцё.

— Гэта даніна спагады гэтым жанчынам?

— Гэта вялікая сьмеласьць для іх — выйсьці, стаць публічнымі праз гэтыя фатаздымкі, нагадаць пра сябе. Бо наша грамадзтва ня толькі ўдзельнічае ў пакараньні, яно яшчэ ў нейкай ступені можа ненавідзець. Я выдатна разумею, чаму яны адмовіліся. Я не хачу ставіць сябе на іх месца, але я б, напэўна, адмовіўся ад удзелу.

— У вас ёсьць здымкі могілак. Але, як вядома, целы страчаных бацькам не вяртаюць. Можаце распавесьці пра гэтае месца?

— Я не хацеў бы казаць, дзе гэтыя могілкі, бо я яшчэ пляную фатаграфаваць. Але сапраўды, мы атрымалі ў спадчыну найгоршае, што было ў Савецкім Саюзе — калі забіваюць чалавека і не аддаюць цела, бацькі і сваякі ня ведаюць, дзе чалавек пахаваны. Я доўга аналізаваў, дзе могуць знаходзіцца гэтыя людзі. Але гэтае месца — яно мэтафарычнае. Ніхто ня ведае, дзе яны пахаваныя.

— Ці зьмяніў асабіста вас гэты праект?

— На пачатку праекту я ня мог адназначна адказаць на пытаньне, ці я за сьмяротнае пакараньне, ці супраць. Я гэтым пытаньнем займаўся асабіста, вывучаў досьвед эўрапейскі і ня толькі. І я на гэтае пытаньне сабе адказаў. Я ўпэўнены, што на гэтае пытаньне павінен адказаць кожны чалавек, які можа думаць. Бо мы тут, у грамадзтве, а там чалавек у вязьніцы, які чакае сьмерці. Гэта забойства — яно ўзаконенае, але гэта забойства.

Выставу «Вышэйшая мера» можна паглядзець у менскай кнігарні «Галіяфы» (вул. Валгаградзкая 4а, ст. м. «Маскоўская»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG