Ні ў Палаце прадстаўнікоў, ні ў Міністэрстве працы Беларусі карэспандэнту Свабоды не падалі ніякай інфармацыі пра тое, ці зацікавіла гэтая прапанова беларускі бок. Тым часам у Дзяржаўнай думе Расеі зьбіраюцца разгледзець гэтую прапанову МАП, заявіў старшыня камітэту па працы Андрэй Ісаеў. Па гэтым пытаньні плянуецца правесьці круглы стол. Паводле Ісаева, чатыры дні працы па 10 гадзін роўныя звычайнаму пяцідзённаму рабочаму тыдню. Ён прапанаваў абмеркаваць варыянт увядзеньня 36-гадзіннага працоўнага тыдня з захаваньнем заробкаў.
Паводле экспэртаў МАП, чатырохдзённы працоўны тыдзень дазволіць павялічыць колькасьць працоўных месцаў і зьнізіць нагрузку на экалёгію.
Прадстаўнікі МАП прыводзяць вынікі розных дасьледаваньняў, якія паказваюць, што кароткі тыдзень добра адбіваецца на прадукцыйнасьці працы. Акрамя таго, у супрацоўнікаў зьяўляецца больш асабістага часу, што дазваляе сачыць за сваім здароўем.
У МАП адзначылі, што многія захворваньні выкліканыя перапрацоўкамі, знаходжаньнем увесь час у офісе і стрэсам.
Паводле дасьледаваньняў, людзі больш прадуктыўныя, калі працуюць менш, адзначылі ў арганізацыі. Тыя, хто праводзіць у офісе доўгія гадзіны, нярэдка толькі імітуюць бурную дзейнасьць. А людзі з карацейшым працоўным тыднем часьцей адчуваюць сябе шчасьлівымі і задаволенымі жыцьцём. Працяглая ж праца прыводзіць да канфліктаў ня толькі ў офісе, але і дома.
Кароткі працоўны тыдзень карысны і для бізнэсу, бо падвышае матывацыю пэрсаналу, зьніжае колькасьць прагулаў, скарачае рызыку памылак і няшчасных выпадкаў, а таксама перашкаджае цякучцы кадраў.
Паводле МАП, скарачэньне колькасьці працоўных гадзін станоўча паўплывае на навакольнае асяродзьдзе. Пазытыўны эфэкт будзе дасягнуты ўжо за кошт таго, што людзі будуць менш езьдзіць на працу і назад — такіх паездак стане менш на некалькі мільярдаў штотыдзень.
Былы міністар працы Аляксандар Сасноў у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што калі ў Беларусі зьменшыць працоўны тыдзень да чатырох дзён, то гэта прывядзе толькі да зьмяншэньня заробку.
Плаціць больш ніхто ня будзе, і становішча людзей пагоршыцца
«Плаціць больш ніхто ня будзе, і становішча людзей пагоршыцца. Яны, відаць, маюць на ўвазе тое, каб зьменшыць беспрацоўе. Бо калі ўсім зрабіць чатыры дні працоўныя, то тыя, хто не працуе, атрымае месца працы. Але для Беларусі гэта не актуальна, бо ўлады кажуць, што беспрацоўя ў нас няма. Я думаю, для Беларусі гэта наагул не актуальна. За лішні час, вызвалены ад працы, пачнуць у нас толькі больш гарэлку піць ды есьці скварку. Такое вось атрымаецца выйсьце», — адзначыў Сасноў.
Карэспандэнт: «У сувязі з эканамічнай сытуацыяй некаторыя прадпрыемствы ў Беларусі скарачаюць працоўны тыдзень да чатырох дзён».
Сасноў: «Яны самі гэта зрабілі, бо больш ня могуць працаваць. Дык яны ж і дадатковай працоўнай сілы не атрымаюць, навошта яна ім? Ім сваю няма куды падзець».
У Беларусі 40-гадзінны працоўны тыдзень (пяць альбо шэсьць працоўных дзён).
Беларусь — сябра МАП з 1954 году.