Як распавёў Свабодзе дырэктар музэю палаца Сапегаў Руслан Кніга, да 2018 году мяркуецца аднавіць будынак тэатральнага корпусу і заняцца ўнутранымі працамі:
«З 2012 году адбываецца плянамерная рэстаўрацыя Ўсходняга тэатральнага корпусу з далейшай пэрспэктывай яе музэефікацыі, стварэньня там тэатру, манэжу, альбо гатэля ды рэстарацыі. Улічваючы тое, што аб’ект увесь час наведваюць турысты, неабходна ствараць у музэі і каля музэю неабходную турыстычную інфраструктуру. Ня проста паказваць экспазыцыйныя залі, але забясьпечыць і месца пражываньня, харчаваньня...
А калі ўсё ж будзе задумка зрабіць манэж замест гатэля ды рэстарацыі, то магчыма разьвіваць тут конны турызм».
Спадар Кніга кажа, што аднаўляць тэатральны корпус было неабходна, бо пад узьдзеяньнем часу стан будынку рабіўся ўсё горшым. Цяпер будаўнікі «Брэстрэстаўрацыі» фактычна па цаглінцы аднаўляюць аб’ект. Адмысловая рэстаўрацыйная «псэўдааўтэнтычная» цэгла адрозьніваецца ад стандартаў сучаснай цэглы нават памерамі.
Браму палаца, у флігелях якой цяпер месьціцца музэй, аднавілі ў 2008–2011 гадах. Як апавёў Руслан Кніга, з 2012 году з раённага, абласнога і часткова рэспубліканскага бюджэтаў на аднаўленьне тэатральнага корпусу выдзяляецца 1,2–1,3 мільярда беларускіх рублёў штогод.
У 2013 годзе музэй наведала 18,5 тысячы чалавек. Ня менш чакаецца і сёлета. Гэтая статыстыка ўключае толькі тых, хто набываў квіток у музэй, бо пэўная частка наведнікаў абмяжоўваецца шпацырам па тэрыторыі комплексу. Да 35% наведнікаў музэю — замежнікі.
Як апавёў дырэктар музэю Руслан Кніга, існуе праблема пашырэньня паркоўкі перад брамай. Справа ў тым, што побач з брамай з 50-х гадоў пачалася забудова. Цяпер тут прыватныя хаты ружанцаў. Адзін з надзелаў — усяго за пару мэтраў ад правага флігеля брамы. Побач з брамай — прыватны склеп, далей ідуць гароды.
Паводле Руслана Кнігі, мясцовыя ўлады спрабавалі дамовіцца з уласьнікамі суседніх з палацам хат аб адсяленьні. Аднак спробы гэтыя посьпеху ня мелі.
Руслан Кніга кажа, што да аднаўленьня палаца мясцовыя жыхары ахапілі сваёй гаспадарчай дзейнасьцю ледзь ня ўсю тэрыторыю комплексу:
«Той, хто трапляў сюды да 2008 году — што ён бачыў? Вялікі бур’ян у чалавечы рост... Тут пасьвіліся коні, каровы, козы. Да сярэдзіны, практычна па ўсім пэрымэтры заходняга флігеля, былі склепы, прычым незаконныя. Мясцовае насельніцтва тут захоўвала бульбу, садзіла бульбу... Адсюль бралі зямлю, пясок. Выкідалі сьмецьце ў паўночны корпус, усе сутарэньні былі заваленыя гэтым сьмецьцем... Паўднёвая частка, там дзе цяпер паркоўка, таксама актыўна эксплюатавалася пад гароды...»
Палац у Ружанах быў збудаваны на пачатку XVII стагодзьдзя канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. Тут гасьцявалі каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Сапегі перайшлі ў апазыцыю да расейскага царскага ўраду. У выніку паўстаньня 1831 году іх уладаньні канфіскавалі на карысьць казны, а Ружанскі палац здалі пад ткацкую фабрыку.
У 1914 годзе ў палацы здарыўся пажар, частка муроў абвалілася. У 1930-х адбывалася частковая рэстаўрацыя, тады ж палац вярнулі роду Сапегаў. У часе Другой усясьветнай вайны ў 1944 годзе палац быў пашкоджаны. Пасьля вайны савецкія ўлады не рамантавалі комплекс, і ён заняпаў. Мясцовыя жыхары пакрыху разьбіралі палац на цэглу дзеля ўласных патрэбаў.