Ён просіць кіраўніка дзяржавы прызначыць на пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкаму кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага.
Як вынікае са звароту, Кастусёў заклапочаны эканамічным станам Шклоўскага раёну:
«Мы ня можам надалей спакойна назіраць, як развальваюцца прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, звужаецца сацыяльная сфэра, з раёна сыходзяць замежныя інвэстары, штогод насельніцтва раёна скарачаецца на 450-500 чалавек, сямімільнымі крокамі расьце карупцыя, пры тым, што ў раён штогод зь дзяржаўнага бюджэту паступаюць аграмадныя фінансавыя ўліваньні».
Кастусёў апавёў карэспандэнту Свабоды, што зварот Лукашэнку даслаў ад імя жыхароў Шклоўскага раёну:
«Шклаўчан „дастаў“ той нэгатыў, што адбываецца ў раёне. Людзі страцілі давер да мясцовай улады, дэпутатаў і шукаюць падтрымкі ў нас. Як гэта было раней зь неабходнасьцю ўзьвядзеньня дамбы, калі людзей затапляла кожную вясну. Дамбу ўсе ж пабудавалі. Па магчымасьці мы дапамагаем людзям, але без рэформаў, бяз поўнай ліквідацыі карупцыі, кумаўства, усёдазволенасьці мясцовага чынавенства сытуацыю цалкам ня вырашыць. Мы спадзяёмся, што Лукашэнка адрэагуе на сытуацыю, бо для яго вельмі важна, я думаю, як ставяцца да яго землякі. Факты, выкладзеныя ў звароце, рэальныя».
Шклаўчан „дастаў“ той нэгатыў, што адбываецца ў раёне
У лісьце Кастусёў называе страты, нанесеныя дзяржаўнаму бюджэту карупцыяй:
«Чаго толькі вартая справа, зьвязаная з валютнымі махінацыямі пры закупе за межамі краіны цялят для жывёлагадоўчых комплексаў раёна на суму 4,2 мільёна эўра. Шмат гадоў ніяк не закончыцца сьледзтва па незаконным гандлі за межы краіны калійнымі ўгнаеньнямі з тэрыторыі раёна. Мільярды рублёў скрадзены на будаўніцтве жыльля і жывёлагадоўчых комплексаў. Зь незразумелых прычынаў замарожана будаўніцтва лядовага палацу».
Паводле Рыгора Кастусёва, Пётар Мігурскі «валодае неабходным тэарэтычным і практычным досьведам, каб надаць разьвіцьцю раёна станоўчы імпульс, узьняць узровень эканомікі на новую вышыню».
Пётар Мігурскі ня супраць узначаліць райвыканкам і адзначае, што досьвед кіроўнай працы ў яго ёсьць. Ён цягам двух гадоў узначальваў вялікую нямецкую камэрцыйную структуру, і кіраўніцтва фірмы было ім задаволена.
На пасадзе старшыні райвыканкаму Мігурскі не зьбіраецца разганяць раённую вэртыкаль. Кіраваньне падначаленымі, на думку Мігурскага, таксама ня выкліча праблемаў:
«Ад людзей, якія працуюць у райвыканкаме, ня варта патрабаваць большага, чым яны выконваюць — толькі таго, што мусяць. Будзеш выконваць — будзе ўсё добра. Калі ж ты запускаеш руку ў бюджэтную кішэню, то як саліднага кіраўніка цябе ніхто не ўспрымае. Некаторых чыноўнікаў, якія заплямілі гонар мундзіра, трэба выставіць. Таксама варта разабрацца зь лішнімі аддзеламі ў райвыканкаме. Дарэчы, на гэтым зэканомім і можна будзе яшчэ адзін садок пабудаваць».