«Пад расейскае ярмо Украіна больш ня пойдзе». Магілёўскія ўкраінцы — пра сытуацыю на сваёй гістарычнай радзіме

На Данбасе — замірэньне. Маштабныя баявыя дзеяньні на паўднёвым усходзе Ўкраіны не вядуцца. «Украінскі мір» варагуючыя бакі падпісалі ў Менску. Як ставяцца да цяперашняй сытуацыі на сваёй гістарычнай радзіме беларускія ўкраінцы? Ці вераць у трываласьць міру? Як ацэньваюць пазыцыю, якую займае Беларусь у канфлікце? На гэтыя пытаньні адказваюць выхадцы з Украіны, якія жывуць у Магілёве.

М

агілёўскі ўкраінец Вадзім улетку быў на сваёй гістарычнай радзіме. Прыехаў адтуль засмучаны. Кажа, што ня верыць у трывалае замірэньне на Данбасе. На яго думку, Расея не задаволіцца дасягнутым. Наракае Вадзім і на пазыцыю новага кіраўніцтва Ўкраіны. Дзеяньні прэзыдэнта Парашэнкі лічыць нерашучымі. Пры гэтым прызнае, што само замірэньне Ўкраіне было жыцьцёва неабходнае.

«Тое, што яно патрэбна было, — гэта зразумела, аднак гэты час трэба выкарыстоўваць, каб нешта хутка рабіць. А атрымліваецца, што час ёсьць, а нічога ня робіцца. Я нават мяркую, што ўсё можа перакінуцца на Парашэнку. Неяк ён не апраўдвае тых надзеяў, якія на яго ўскладаліся. Няма рашучасьці ў ягоных дзеяньнях. Вось гэта плыве — і няхай плыве».

Вадзім быў на Майдане ў той час, калі там адбываліся бурныя падзеі. Вярнуўшыся ў Беларусь, спрабаваў, кажа, распавядаць беларусам, што бачыў у Кіеве, але ягоным словам нават знаёмцы ня дужа верылі. Цяпер устрымліваецца ад гаворак на падобныя тэмы. Што да пазыцыі кіраўніка Беларусі, то Вадзім адзначае:

«Як вужака круціцца ды ня ведае, куды падацца. Ён жа і сам баіцца Расеі. Зноў жа пачаў памежныя службы ўмацоўваць. Ён баіцца, але хоча паказаць, што ён і там патрэбны, і там патрэбны. Гаварыць можна ўсялякае, але, тым ня менш, расейскія войскі тут».

Украінец Аляксандар, гаворачы пра падзеі на сваёй гістарычнай радзіме, пазьбягае даваць адназначныя ацэнкі таму, што там адбываецца, бо, як тлумачыць, яго там няма і ён ня мае на гэта права. Замірэньне Аляксандар тым ня менш, як і ягоны зямляк Вадзім, называе часовым. На ягоную думку, пляны Пуціна, каб зьяднаць Расею з Прыднястроўем і Крымам, захапіўшы Данбас, праваліліся. Цяпер, кажа Аляксандар, кіраўнік Расеі думае, што рабіць далей, а тым часам паўстае новая Ўкраіна:

Гэта ўсё адно зацішша перад бураю. Яны проста так не адступяцца. Але за гэты час нарадзілася новая Ўкраіна

«Гэта ўсё адно зацішша перад бураю. Яны проста так не адступяцца. Але за гэты час нарадзілася новая Ўкраіна. Тое, што не ўдалося зрабіць ніводнаму прэзыдэнту Ўкраіны — атрымалася ў Пуціна. Цяпер нам, украінцам, стала пачэсна і модна быць украінцам. Я ўважаю за цьвет нацыі тых людзей, якія пайшлі першымі ваяваць у добраахвотніцкія батальёны».

Што да ролі афіцыйнага Менску ва ўсталяваньні міру ва Ўкраіне, то Аляксандар заўважае:

«Я да канца не разумею ягонай пазыцыі, таму не магу вам нічога сказаць на гэты конт. Абсалютна нічога».

Яшчэ адзін украінец Аляксандар вітае замірэньне на Данбасе, але зазначае, што сытуацыя, якая там складваецца, для яго незразумелая. На ягоную думку, яна больш складаная, чым была:

«Я, вядома ж, штодня сачу за разьвіцьцём падзеяў, але я цяпер крыху ў тупіку. Вядома ж, я на баку ўкраінцаў, але на дадзены момант вось гэтае зацішша мяне і палохае больш за ўсё. Я не разумею, чаго чакаць».

У дзеяньнях афіцыйнага Менску адносна сытуацыі ва Ўкраіне Аляксандар бачыць толькі палітычную каньюнктуру:

«Гэта, як мне падаецца, проста спэкуляцыя афіцыйнага Менску, каб узьняць рэйтынг Аляксандра Рыгоравіча. Я ў гэтым перакананы».

Кіраўнік культурна-асьветніцкага аб’яднаньня ўкраінцаў Магілёва Генадзь Гузій, як і папярэднія суразмоўцы, вітае замірэньне на Данбасе. Адзначае выключную ролю ў гэтым Беларусі:

«І гэта ўсё дзякуючы Беларусі і асабіста Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, што менавіта ў Менску падпісваюцца пагадненьні. У сяброўскай нам краіне. Усё правільна, нам замірэньне патрэбнае. Радуе і тое, што Расея робіць хоць нейкія крокі да замірэньня. Кавалак Данбасу яны ўжо адхапілі — гэта, відаць, як для іх, то па-суседзку. Крым адхапілі. Ну, хоць цяпер спрабуюць замірыцца, і гэта радуе».

Што да самой Украіны і ўкраінцаў, то спадар Гузій заяўляе:

«Украіна ляжа ўся, але пад ярмо расейскіх бандытаў ніколі больш ня пойдзе...»