«Ніякай іншай інфармацыі пра яго ў мяне няма», — сказаў Герасімаў.
Так Аляксандар Герасімаў пракамэнтаваў паведамленьні ў мэдыях пра тое, што начальнік управы СК па Менску Дзьмітры Канаплянік разам з жонкай затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы.
Партал Delfi.lt са спасылкай на Генпракуратуру Літвы паведамляе, што на Медзінінкайскім кантрольна-прапускным пункце 21 верасьня пры аглядзе зарэгістраванага ў Беларусі легкавога аўтамабіля Honda CR-V выявілі некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger. На гэтым аўтамабілі пасьля прыватнай паездкі зь Літвы ў Беларусь вярталіся муж і жонка, грамадзяне Беларусі. Было распачатае расьсьледаваньне для высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў здарэньня.
МЗС Беларусі пацьвердзіў факт затрыманьня двух беларускіх грамадзян пры перасячэньні літоўска-беларускай мяжы. Амбасада Беларусі ў Літве займаецца высьвятленьнем усіх акалічнасьцяў затрыманьня.
Паводле пракуратуры Літвы, прадстаўнікам амбасады дазволілі сустрэцца з затрыманым 22 верасьня.
У пракуратуры Літвы Tut.by не пацьвердзілі, але і не абверглі інфармацыю пра затрыманьне Канапляніка, бо «прынятае рашэньне не выдаваць асабістую інфармацыю пра затрыманых, іх месцы працы».
У пракуратуры Літвы сказалі, што «ў хуткім часе будзе прынятае рашэньне аб меры стрыманьня».