У Луганску, які зь вясны застаецца пад кантролем баевікоў, няма вады і электрычнасьці, людзі не атрымліваюць сацыяльных выплат, а адвольныя арышты і катаваньні сталі звычайнай справай.
Пра тое, як жывецца ў захопленым прарасейскімі баевікамі Луганску, Радыё Свабода распавяла луганская журналістка Сьвятлана Занкевіч.
Сьвятлана Занкевіч мусіла пакінуць горад. Цяпер яна разам зь іншымі луганскімі журналістамі займаецца разьвіцьцём інфармацыйнага сайту informator.lg.ua — рэсурсу, якія паведамляе пра жыцьцё Луганску на падставе шматлікай інфармацыі, якую атрымліваюць ад жыхароў.
Сьвятлана кажа, што цяпер абстрэлы Луганску амаль спыніліся. Пры гэтым у горадзе ўжо даўно няма сьвятла і вады. Прадпрыемствы, якія раней займаліся дастаўкай вады, цяпер гэта робяць бясплатна, і да іх выстройваюцца кілямэтровыя чаргі жыхароў гораду.
У Луганску працуюць літаральна адзінкі школ, але і гэтага не павінна быць у цяперашніх санітарна-эпідэміялягічных умовах. Сацыяльныя выплаты жыхарам Луганску не выплачваюцца, нягледзячы на абяцаньні прадстаўнікоў «ЛНР».
«Актыўна распаўсюджваюцца чуткі, што і сьвятло, і газ будуць везьці з Расеі, і тры гады гэта будзе бясплатна. Людзей кормяць абяцанкамі», — канстатуе Сьвятлана.
Больш за палову жыхароў пазьяжджалі
Сёньня няма дакладных зьвестак, колькі жыхароў амаль паўмільённага Луганску пакінулі горад. З тых, хто зьехаў у Расею, большая частка не сьпяшаецца запісвацца ўцекачамі: тых, хто атрымлівае гэты статус, адпраўляюць у аддаленыя рэгіёны Расеі, і яны фактычна страчваюць магчымасьць вярнуцца дахаты.
«А пакуль яны не атрымалі статусу ўцекача, у нас няма дакладнай статыстыкі. Але дзесьці больш за палову насельніцтва Луганску выехала. Я думаю, што ў горадзе засталося каля 200 тысяч жыхароў», — адзначае яна.
Паводле Сьвятланы, сёньня цяжка казаць, якія палітычныя погляды і настроі пераважаюць сярод тых, хто застаўся ў Луганску. Справа ў тым, што жыхароў гораду «апрацоўваюць» масіраванай прапагандай, а ніякіх крыніц альтэрнатыўнай інфармацыі наагул няма.
«У іх няма ніякай інфармацыі. У горадзе Луганску цяпер выпускаецца адна газэта — „XXI век“. Гэта афіцыйны рупар „Луганскай народнай рэспублікі“. Ну, і „Луганск-24“ — афіцыйны тэлеканал „ЛНР“. То бок гэта „украинские каратели“, „хунта“ і гэтак далей. Калі кожны дзень слухаць тыя ўкіды, то і нармальны чалавек пачне сумнявацца», — адзначае Занкевіч.
«Баевікі самі зьнішчалі наш горад»
Але многія людзі разумеюць, што сапраўды адбываецца. Нямала тых, хто лічыць, што абстрэлы Луганску — справа рук перш за ўсё сэпаратыстаў.
«Украінская армія ніколі ў гарадзкой мяжы не працуе. Так, у іх ёсьць артылерыя, ёсьць „Грады“, але яны працуюць па пазыцыях баевікоў. Паводле нашага досьведу, калі працавала ўкраінская артылерыя — яна вельмі кропкава біла», — распавядае Сьвятлана.
«Людзі, якія думаюць, выдатна разумеюць, што баевікі самі зьнішчалі наш горад», — падкрэсьлівае яна.
Як правіла, баевікі вялі абстрэлы гораду зь мінамётаў, а потым абвінавачвалі ў гэтым украінскую армію. Трэба адзначыць, што шмат хто ў Луганску ў гэта ўсё ж такі верыць.
«У мяне быў знаёмы, які проста ў гістэрыцы званіў і казаў: яны наш дом ужо чацьвёрты раз бамбуюць, і я не разумею, чаму менавіта наш дом. Гэты дом знаходзіўся недалёка ад METRO (буйны гандлёвы цэнтар. — РС). То бок гэта была прыстрэлка. Яны ўсё ж такі скарэктавалі свой агонь, трапілі ў METRO. Пасьля гэтага абстрэл дому скончыўся, да яго больш ніхто не вяртаўся, а METRO потым рабавалі тры дні», — распавядае Сьвятлана.
Потым частку прадуктаў з METRO сэпаратысты раздалі жыхарам гораду пад выглядам расейскай «гуманітарнай дапамогі». Гэтую «гуманітарную акцыю» здымала тэлебачаньне, а пэнсіянэркі на камэру дзякавалі Расеі за дапамогу.
«Маладога чалавека маці выкупіла за 60 тысяч даляраў»
Сёньня для Луганску адвольныя арышты і катаваньні — гэта звычайная справа. Часам людзей выкрадаюць дзеля выкупу.
«У нас быў выпадак: аднаго маладога чалавека маці выкупіла за 60 тысяч даляраў — яго змаглі забраць у той момант, калі яго ўжо вялі на расстрэл. Яго падазравалі ў супрацоўніцтве з „Правым сэктарам“, хоць хлопец быў проста патрыёт: ён бачыў, што актывістаў б’юць, і ён сказаў, што мы будзем рабіць самаабарону, каб абараняць людзей, таму што міліцыя сваіх функцыяў не выконвае. Гэтага было дастаткова. Яго катавалі вельмі жорстка. За пару дзён яго некалькі разоў зьбівалі да страты прытомнасьці, а потым катавалі токам», — распавядае Сьвятлана.
Паводле яе, спачатку, калі сэпаратысты толькі захапілі ўладу ў Луганску, украінскіх актывістаў арыштоўвалі, білі, але заставалася магчымасьць іх адтуль забраць. Зь цягам часу паводзіны баевікоў станавіліся больш жорсткімі, і выратаваць людзей, якія трапілі ў іх рукі, цяпер амаль немагчыма.
Вядомыя шматлікія выпадкі, калі баевікі захоплівалі («экспрапрыявалі») хаты тых, хто ўцякаў ад вайны ў Расею або ў мірныя вобласьці Ўкраіны. Вядомыя выпадкі вымаганьня грошай у прадпрымальнікаў. Ёсьць паведамленьні пра тое, што баевікі наладзілі трафік крадзеных аўтамабіляў у Расею, у тым ліку на запчасткі.
«Хоць ходзяць і чуткі, што баевікі нават паказальныя расстрэлы за марадэрства ўчыняюць. Так гэта ці не — я ня ведаю», — кажа Сьвятлана.
Расейцы могуць прыйсьці ў Беларусь
У Сьвятланы ў Луганску засталася маці, але зь ёй ужо два месяцы няма як зьвязацца наўпрост.
«У мяне зь ёй два месяцы няма сувязі. Я зь ёй маю зносіны толькі праз валянтэраў, празь якіх я часам перадаю тое, што ёй неабходна», — распавядае яна.
Яе маці па нацыянальнасьці расейка, бацька — беларус з Гомельскай вобласьці, а Сьвятлана вырасла ва Ўкраіне і лічыць сябе ўкраінкай. У Беларусі ў яе засталіся сваякі, і Сьвятлана кажа, што яе дзівіць тая непавага, зь якой некаторыя беларусы ставяцца да роднай мовы, і засмучаюць тыя прарасейскія настроі, якія пануюць у Беларусі пад узьдзеяньнем расейскай прапаганды. Сьвятлана лічыць, што ў будучыні Крэмль можа скарыстаць гэта, як скарыстаў на ўсходзе Ўкраіны, дзе для людзей асноўнай крыніцай інфармацыі таксама заўсёды было расейскае тэлебачаньне.