У раёне ўкраінскага Янакіева зьніклі два беларусы

Эдуард і Аляксандар Хадзько

Ва Ўкраіне зьнікаюць людзі. У сацыяльных сетках шмат зваротаў з просьбамі дапамагчы знайсьці родных і блізкіх, якія зьніклі ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне, у Данецкай і Луганскай абласьцях, дзе ідуць баі. 7 верасьня ў раёне горада Янакіева прапалі два беларусы — браты Аляксандар і Эдуард Хадзько.

Шмат гадоў Аляксандар і Эдуард жывуць ва Ўкраіне, у горадзе Славянску. Маюць від на жыхарства і прапіску ў Краматорску. Некалі, яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, у Краматорск разьмеркавалі іхнага бацьку, які там і застаўся. Але і 49-гадовы Аляксандар, і 28-гадовы Эдуард — грамадзяне Беларусі.

7 верасьня яны на аўтамабілі «Шкода» выехалі з Данецку ў Славянск праз Краснаармейск, але іх завярнулі назад. А 18-й гадзіне яны апошні раз выходзілі на сувязь, апавяла жонка Аляксандра Хадзько Юлія:

«Яны паехалі ў кірунку Данецку. І калі вярталіся, на зваротным шляху трапілі пад абстрэл, як я разумею. Таму што ў нас на Данбасе цяпер невядома што адбываецца. Апошні раз мы зь імі зьвязваліся ў раёне гораду Янакіева. Яны сказалі, што там абстрэл, сувязь абарвалася, і пасьля ніякай інфармацыі няма».

Калі мужчыны не вярнуліся, Юлія пачала іх шукаць, тэлефанавала на гарачую лінію па пошуку людзей сярод ваеннапалонных, на гарачую лінію ДНР. Зьвярнулася жанчына і ў міліцыю:

У нас міліцыя ўсьміхаецца толькі і паціскае плячыма

«У нас міліцыя ўсьміхаецца толькі і паціскае плячыма. Мы спрабавалі „прабіць“ месцазнаходжаньне тэлефонаў — бяз выніку. А міліцыянты шчыра кажуць, што нічога рабіць не зьбіраюцца, паціскаюць плячыма, усьміхаюцца, прызнаюцца, што ім гэта нецікава. У гараддзеле нам сказалі, што заяву яны прымуць, але, маўляў, шукайце самі. Цалкам абыякавае стаўленьне, пляваць яны хацелі... Атрымліваецца, што жыцьцё чалавечае нічога ня значыць, іх жыцьці нікому не патрэбныя».

Цяпер Юлія шукае сваіх блізкіх самастойна. Абзваніла шпіталі, моргі ўсіх гарадоў паблізу. Вынікаў няма. У пятніцу Юлія зьвярнулася па дапамогу ў амбасаду Беларусі:

«Паразмаўляла непасрэдна з консулам. Ён мне сказаў, што, натуральна, так бы мовіць, у тэлефонным рэжыме нічога разглядацца ня будзе, электронны варыянт таксама не падыходзіць. Лепш за ўсё — пісьмовы зварот. І ўчора я напісала ліст, адправіла заказным пісьмом з паведамленьнем. Але пакуль ён яшчэ дойдзе...»

Да ліста ў беларускую амбасаду Юлія прыклала копію беларускага пашпарта, копіі ўсіх дакумэнтаў, якія былі ў доме. Натуральна, у яе ўзьнікаюць самыя розныя і самыя неверагодныя вэрсіі:

«Раней было так: калі едзеш на машыне, паказваеш пашпарт — і, як кажуць, „да пабачэньня“. А цяпер на тэрыторыі ідуць баі, і невядома адкуль узяліся два чалавекі — беларусы. А раптам пашпарты падробленыя? Як мне ў міліцыі казалі, іх маглі затрымаць да высьвятленьня абставінаў. Падумалі — можа, яны нейкія шпіёны? Маглі проста выкінуць з машыны і прымусіць рыць акопы. Такая можа быць вэрсія. Гэта маё асабістае меркаваньне...»

У Славянску, дзе жыве Юлія Хадзько, цяпер у цэлым спакойна, баявыя дзеяньні не вядуцца. Але людзі вельмі стаміліся ад безуладзьдзя і сталі проста абыякавымі:

«Ёсьць людзі, якія падтрымліваюць толькі ДНР. Ёсьць людзі, якія падтрымліваюць украінскую армію. Цяпер усё вельмі супярэчліва. Але агульная карціна — людзі вельмі стаміліся, і ў глыбіні душы яны ненавідзяць і адзін, і другі бок. І ўжо няважна ім, хто прыйдзе да ўлады — хоць адны, хоць другія».

Юлія Хадзько са Славянску вельмі разьлічвае на дапамогу. Яна просіць адгукнуцца ўсіх, хто нешта ведае пра лёс Аляксандра і Эдуарда Хадзько.