Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Беларусь не павінна быць уцягнутая ў вайну


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Рада БНР выступілі з заявай «У справе агрэсіі Расеі супраць Украіны і становішча ў Беларусі». Цалкам тэкст заявы апублікаваны на старонцы Рады БНР у фэйсбуку.

У заяве канстатуецца «ненадзейнасьць замірэньня, усталяванага паводле заключанага 5 верасьня пагадненьня, зважаючы ў тым ліку на папярэднія прэцэдэнты парушэньня або невыкананьня Расейскаю Фэдэрацыяй і падкантрольнымі ёй нерэгулярнымі ўзброенымі фармаваньнямі сваіх абавязаньняў у рамках мірных пагадненьняў, у тым ліку пагадненьняў аб замірэньні ў Грузіі ад 2008 году» і заяўляецца, што «цяперашнія дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі, як і папярэдняя анэксія Крыму, носяць супрацьзаконны характар і супярэчаць базавым прынцыпам міжнароднага права і прынцыпам міжнароднай бясьпекі, распрацаваным пасьля Другой Сусьветнай Вайны, а таксама ўласным міжнародным абавязаньням Расейскай Фэдэрацыі паводле Статуту ААН і іншых двухбаковых і шматбаковых міжнародных актаў».

Рада БНР «заклікае міжнародную супольнасьць аказаць усю магчымую падтрымку абароне Ўкраіны ад вонкавай агрэсіі, разглядаючы цяперашнюю сытуацыю як найбольш сур’ёзнае выпрабаваньне для мэханізмаў бясьпекі на эўрапейскім кантынэнце, для ўсяе сучаснае сыстэмы бясьпекі ў міжнародных дачыненьнях, а таксама для мэханізмаў забесьпячэньня жыцьця народаў Эўропы ў міры і згодзе, з часоў Другой Сусьветнай вайны».

У сваёй заяве Рада БНР «папярэджвае афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь аб адказнасьці за магчымае ўцягваньне Беларусі ў вайну і падтрымку збройнай агрэсіі. Удзел Беларусі ў агрэсіўных зьнешніх авантурах кіраўніцтва Расеі або прамое ці ўкоснае спрыяньне ім зьяўляюцца цалкам недапушчальнымі, зважаючы асабліва на цяжкія страты, якія Беларусь пацярпела ў выніку войнаў на працягу апошніх стагодзьдзяў. У прыватнасьці, недапушчальным зьяўляецца выкарыстаньне для любых формаў уцягваньня Беларусі ў вайну абавязкаў, прынятых ад імя Беларусі дзяржаўным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі ў рамках Арганізацыі Дамовы Калектыўнай Бясьпекі, а таксама любых іншых угодаў, заключаных названым дзяржаўным кіраўніцтвам ад імя Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй».

Рада БНР выказвае «салідарнасьць і падтрымку народу, дзяржаўнаму і ваеннаму кіраўніцтву Ўкраіны, якая перажывае адзін з найбольш драматычных і адказных момантаў у сваёй найноўшай гісторыі. Ад таго, ці вытрымае Ўкраіна цяперашнія выпрабаваньні, будзе залежыць і будучыня Беларусі і рэгіёна», — сьцьвярджаецца ў заяве.

У заяве гаворыцца, што Рада Беларускай Народнай Рэспублікі «вітае і разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Ўкраіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпавядаючую доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG