Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым больш будуць «абкладаць» санкцыямі Расею, тым гучней завые Беларусь


Красная плошча ў Маскве сёньня
Красная плошча ў Маскве сёньня

ЗША і Эўразьвяз увялі новыя санкцыі супраць Расеі. Надрукаваны сьпіс ваенных прадпрыемстваў, банкаў, нафтавых кампаніяў, бізнэсоўцаў і палітыкаў, якія падпалі пад чарговы, чацьвёрты па ліку, віток абмежаваньняў. Карныя захады за агрэсіўную палітыку Расеі ва Ўкраіне пачынаюць дзейнічаць ад сёньняшняга дня. У ліку суб’ектаў гаспадараньня — і тыя, якія маюць свае прадстаўніцтвы ў Беларусі. Ці паўплываюць новыя абмежаваньні на беларускую эканоміку?

Сябры Эўразьвязу ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі з-за яе дзеяньняў ва Ўкраіне. Пра далучэньне да эўрапейскіх захадаў заявілі і ў Вашынгтоне. Так, прэс-сакратар Дзярждэпартамэнта ЗША Мары Гарф ўдакладніла, што «паглыбляюцца і пашыраюцца санкцыі ў дачыненьні да фінансавага, энэргетычнага і абароннага сэктараў Расеі».

У прыватнасьці, уводзіцца забарона на арганізацыю пазыковага фінансаваньня для трох буйных абаронных канцэрнаў Расеі — «Уралвагонзавод», «Оборонпром» і «Объединенная авиастроительная корпорация». Забаронена гандляваць аблігацыямі гэтых прадпрыемстваў з тэрмінам абарачэньня звыш 30 дзён і ўдзельнічаць у арганізацыі выпускаў такіх папераў. Апроч таго, у санкцыйны сьпіс уключаныя асобныя прадпрыемствы абароннай галіны — канцэрн «Калашников», прамысловыя аб’яднаньні «Алмаз-Антей» і «Базальт», «Тульский оружейный завод», прадпрыемствы «Сириус», «Химкомпозит», «Станкоинструмент», «Технологии машиностроения», «Высокоточные комплексы». Ад сёньня забараняецца пастаўляць гэтым кампаніям эўрапейскія і амэрыканскія тэхналёгіі падвойнага прызначэньня.

Уралвагонзавод
Уралвагонзавод

Эканаміст, у мінулым гендырэктар буйнога прадпрыемства «Амкадор» Васіль Шлындзікаў перакананы, што такія захады выклічуць ланцуговую рэакцыю, наўпрост зачапіўшы і беларускі ваенна-прамысловы комплекс — многія прадпрыемствы Беларусі працуюць у шчыльнай каапэрацыі з Расеяй:

Ня ведаю, як цяпер у іх у справы ў абаронцы, але ў свой час я быў шмат на якіх прадпрыемствах абароннай галіны Расеі — божа! Бруд і запусьценьне, вось і ўсё

«Я разглядаю сытуацыю нават ня столькі з гледзішча паставак абароннага сэктару, колькі гляджу на прамысловасьць у цэлым, асабліва ў сфэры машынабудаваньня. Бо чым больш праблемаў у эканоміцы Расеі, тым больш пытаньняў са збытам у нас. Калі ўлічыць, што Расею абклалі санкцыямі фактычна з усіх бакоў, усё гэта непазьбежна адаб’ецца і на нашых пастаўках. Не выключаю, што дзесьці хтосьці з нашых і выйграе, атрымаўшы нейкую замову. Але, зь іншага боку, каб рэалізаваць той ці іншы праект, гэта ж патрэбныя тэхналёгіі, адпаведнае абсталяваньне, патрэбен час, урэшце. Таму тое, што Расея надзімае шчокі — гэта ад бясьсільля. Назіраю, як Пуцін хваліцца: і рухавікі да верталётаў яны ўжо будуць рабіць, і іншыя рэчы. Я калі слухаю, падбадзёрваю: ага, давай-давай, рабі. Ня так усё проста, як языком ляпаць. Ня ведаю, як цяпер у іх у справы ў абаронцы, але ў свой час я быў шмат на якіх прадпрыемствах абароннай галіны Расеі — божа! Бруд і запусьценьне, вось і ўсё. Ня думаю, што яны за гэты час далёка пайшлі».

У санкцыйным сьпісе фігуруе пяцёрка расейскіх банкаў: ВЭБ, ВТБ, «Сбербанк», «Газпромбанк» і «Россельхозбанк». У дачыненьні да іх уведзеныя абмежаваньні на пазыкі і інвэстыцыйныя паслугі. Рэзыдэнты ЗША і ЭЗ ня змогуць даваць гэтым банкам крэдыты, забаронена праводзіць апэрацыі з новымі выпускамі аблігацыяў і іншых каштоўных папераў з тэрмінамі абарачэньня звыш 30 дзён. Чатыры зь пералічаных установаў, за выключэньнем толькі «Россельхозбанка», маюць даччыныя аддзяленьні ў Беларусі. Ці адаб’ецца гэта на фінансавым рынку краіны — эканаміст, дырэктар дасьледчага цэнтру «ІПМ» Аляксандар Чубрык:

Уплыў адмоўны, хутчэй за ўсё, будзе, але ўсё ж ён будзе абмежаваны. Наўрад ці гэта трагічная сытуацыя

«Уплыў санкцыяў супраць расейскіх банкаў залежыць ад таго, наколькі глыбока абмежаваньні могуць адбіцца на сытуацыі зь ліквіднасьцю. Калі гэта пацягне за сабой праблемы зь ліквіднасьцю ў банках, то, зразумела, іх удзел у набыцьці беларускіх каштоўных папераў, намінаваных у замежнай валюце, можа скараціцца. Адпаведна, гэта зьменшыць магчымасьці беларускіх уладаў па фактычным рэфінансаваньні доўгу за кошт выпуску такіх папераў. Але думаю, што гэта праблема, якую можна вырашыць нават у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Мы можам, мне здаецца, дамовіцца, каб знайсьці грошы ў расейскай валюце, бо ўсё ж вялікая доля гандлю ідзе якраз у расейскіх рублях. А пазычыць грошы ў Расеі можа было б і ня вельмі складана. То бок альтэрнатыву інструмэнтам, якія цяпер існуюць, можна знайсьці, калі будзе такая патрэба. Пакуль жа вялікай патрэбы ў дадатковых крыніцах фінансаваньня не існуе, сытуацыя даволі збалянсаваная. Таму ўплыў адмоўны, хутчэй за ўсё, будзе, але ўсё ж ён будзе абмежаваны. Наўрад ці гэта трагічная сытуацыя».

Апроч таго, накладзена забарона на арганізацыю пазыковага фінансаваньня для трох паліўна-энэргетычных кампаніяў Расеі — «Роснефть», «Транснефть» і «Газпромнефть». Як і ў выпадку з банкаўскім сэктарам, санкцыі набылі моц ад 12 верасьня. Удакладняецца, што ўведзеная забарона на таргі аблігацыямі гэтых кампаніяў з тэрмінам абарачэньня звыш 30 дзён і ўдзел у арганізацыі выпускаў такіх папераў. Згаданыя кампаніі, перадусім «Роснефть» былога віцэ-прэм’ера Ігара Сечына, — буйныя пастаўшчыкі сыравіны за межы Расеі, у тым ліку і на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Пра магчымыя наступствы санкцыяў — эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц:

Эўропа не зацікаўленая ў дэстабілізацыі энэргетычнага рынку Расеі, бо яна сама спажывец расейскіх энэргарэсурсаў

«Ня думаю, што санкцыі Захаду ў адносінах да расейскіх энэргетычных кампаніяў будуць глыбокімі. Справа ў тым, што Эўропа не зацікаўленая ў дэстабілізацыі энэргетычнага рынку Расеі, бо яна сама спажывец расейскіх энэргарэсурсаў. Мне падаецца, што санкцыі ў дачыненьні да згаданых кампаніяў ня будуць сапраўды глябальнымі: дзеля таго каб забясьпечваць своечасовыя пастаўкі расейскай вуглевадароднай сыравіны ў краіны Захаду, думаю, Эўропа на гэта проста ня пойдзе. Іншая справа, што на разьлікі ў замежнай валюце санкцыі паўплываць могуць. Паводле расейскіх СМІ, якія спасылаюцца на крамлёўскія крыніцы, Расея прапрацоўвае пытаньне пераводу разьлікаў за энэрганосьбіты ў расейскія рублі — з тым, каб Захад плаціў за энэргарэсурсы расейскімі рублямі. Такі крок Масква робіць дзеля таго, каб засьцерагчы свае валютныя разьлікі з контрагентамі. Таму санкцыі, прынятыя адносна энэргетычных кампаніяў, могуць паўплываць хіба што на валюту разьліку».

На дадатак да 119 палітыкаў, вайскоўцаў і бізнэсоўцаў, якія лічацца вінаватымі ў разьвязваньні вайны супраць Украіны, у «чорны сьпіс» дададзеныя яшчэ 24 прозьвішчы. У шэрагу новых фігурантаў — віцэ-сьпікеры Дзяржаўнай Думы Васільеў, Мельнікаў, Лебедзеў, Левічаў, першая намесьніца старшыні думскага камітэту па міжнародных справах, алімпійская чэмпіёнка ў канькабежным спорце Сьвятлана Журава ды іншыя. Сюды ж трапілі эпатажны лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, так званы «прэм’ер» самаабвешчанай ДНР Аляксандар Захарчанка, кіраўнік карпарацыі «Ростех» Сяргей Чэмезаў і г.д. Усім ім забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу, а іхнія актывы ў выпадку выяўленьня падлягаюць замарожваньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG