У сваёй кнізе «Турма і здароўе» былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі называе галоўным ворагам чалавека за кратамі гультайства і як вынік яго — атупеньне. «Пры любых абставінах давайце працу мозгу», — зьвяртаецца ён да тых, хто сядзіць, і як найпрасьцейшы спосаб прапануе «чытаньне кніг рознага зьместу». Дапасьці да іх няцяжка, бо «ў кожным ізалятары, турме, папраўчай установе ёсьць бібліятэкі».
Аўтарка іншага твору, Prof chez les taulards («Настаўніца сярод асуджаных»), выкладчыца францускай мовы ды літаратуры Од Сімэон (Aude Siméon) перакананая, што вывучэньне роднай мовы ды прыгожага пісьменства можа дапамагчы гэтым людзям «сацыяльна акрыяць», бо добрае валоданьне мовай — «найлепшы спосаб выйсьці з ізаляцыі». Свае высновы Од Сімэон робіць на падставе 15-гадовага выкладаньня ў вязьніцы строгага рэжыму гораду Пуасі, што ў акрузе Сэн-Жэрмэн. (Дарэчы, сярод яе вучняў быў вядомы тэрарыст «Карлас»). Аўтарка кнігі адзначае, што сустракала шмат асуджаных, якія абсалютна не жадалі нічога чытаць, бо са школьных гадоў прызвычаіліся ўспрымаць мастацкую літаратуру як нікому не патрэбную «абавязалаўку». І толькі тыя, у каго ўдавалася сфармаваць іншае ўяўленьне пра адукацыю ды самаадукацыю, здольныя пазьбегнуць канчатковай дэградацыі і нават разьвівацца інтэлектуальна ды духоўна«.
«Для большасьці ЗК важна толькі паспаць ды пад’есьці»
Наколькі запатрабаваныя кнігі за кратамі сярод цяперашніх беларускіх вязьняў? Ці шмат яны чытаюць увогуле? І калі так, то якім кнігам аддаюць перавагу, дзе іх здабываюць? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да нядаўніх насельнікаў турмаў ды калёніяў, а таксама да сваякоў тых, хто яшчэ за кратамі.
Былы палітвязень, некалі вельмі пасьпяховы ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю пяць месяцаў таму. Кажа, што асноўная маса тых, з кім яму давялося сядзець, зусім не разгортваюць кніг. Галоўная іх мэта — «забіць час», паспаць ды пад’есьці: «Удзень яны адсыпаюцца, а па начах „гуляюць у гульні, слухаюць музыку“, ня грэбуюць і картамі. Спаць гэтаму кантынгенту днём можна элемэнтарна. Заўсёды выстаўляецца такі „пікет“, „на шухеры“. І адтуль ужо крычаць так, што ў іншых атрадах чутно, што ідуць кантралёры. Ніхто, акрамя адміністрацыі, ня ў стане перашкодзіць сну гэтых людзей».
Што тычыцца самога палітвязьня Аўтуховіча, то, паводле ягоных словаў, гады, праведзеныя ў турме, сталі для яго парою «запойнага чытаньня». Напрыклад, ён «па-новаму адкрыў для сябе родную мову ды літаратуру». Расказ пра гэта ніжэй.
А цяпер слова некаторым іншым удзельнікам сёньняшняй размовы, якія перакананыя, што беларуская турма — гэта безумоўны шлях для атупеньня ды разумовай дэградацыі.
«Галоўны „інтэлектуальны пажытак“ за кратамі — гэта тэлевізар, але выбар праграмаў большасьцю зэкаў — далёка ня самы, мякка кажучы, вытанчаны», — кажа былы зьняволены, 28-гадовы кампутаршчык Вадзім. Ён праседзеў крыху болей за год у СІЗА і быў урэшце вызвалены за адсутнасьцю доказаў. На пытаньне пра кнігі адказвае такім жа пытаньнем: «Якія там могуць быць кнігі?!» Людзі, якія сядзелі побач у камэры, збольшага размаўлялі на нейкай жудаснай трасянцы, якую прымалі за расейскую мову. Кола іх інтарэсаў было жахлівае.
Вадзім: «Калі год знаходзісься ў камэры, дзе амаль цэлыя суткі грае МузТВ, міжволі вывучаеш рэпэртуар усёй той папсы, пачынаеш ведаць пра ўсе тыя гіт-парады. Гэта ідзе фонам праз усё тваё жыцьцё, і ў гэтых умовах вельмі цяжка чытаць, разьвівацца».
Паводле Вадзіма, выбар літаратуры ў бібліятэцы СІЗА яго не задавальняў — пераважна нешта а-ля Марыніна. Таму ён заказваў кнігі з волі. Але прапускалі далёка ня ўсе.
«Напрыклад, Макіявэлі „Гасудар“. Казалі: тут такія кнігі не патрэбныя... Іншымі словамі, заставацца ў інтэлектуальнай форме было вельмі цяжка. Рабіліся надзвычайныя намаганьні, каб не атупець».
Вадзімаў раўналетак Барыс правёў за кратамі ледзь не палову жыцьця. У адной з калёніяў скончыў сярэднюю школу. Якасьцю навучаньня не задаволены, бо турэмныя настаўнікі арыентуюцца на слабейшых вучняў. А гэта, паводле ягоных словаў, суцэльная «жэсьць».
Your browser doesn’t support HTML5
Барыс: «Я скажу вам як сапраўдны экспэрт, бо сядзеў у вельмі многіх беларускіх калёніях: найгоршая сытуацыя ў гэтым пляне, як мне падаецца, на Магілёўшчыне. Сярод тамтэйшых вязьняў недзе палова — элемэнтарна недаразьвітых ва ўсіх сэнсах хлопцаў. Інакш як „быдлам“ іх не назавеш.
Яны нават у райцэнтрах бліжэйшых былі толькі праездам, калі іх з суду везьлі па этапу. Такія сядзяць увесь час у сваёй вёсцы ды п’юць. Сэнс жыцьця ў тым, каб напіцца, скрасьці нешта ды набіць некаму морду. За кратамі ж пачынаюць усімі сіламі дабівацца ўмоўна-датэрміновага (УД). Падпісваюць усе паперы, менавіта ў калёніі нарэшце пачынаюць хадзіць у школу, удзельнічаць у фізкультурным ды мастацкім жыцьці калёніі, працаваць на промцы. Як правіла, такія УД і атрымліваюць. Праз кароткі час выходзяць на волю, як тыя салдаты на пабыўку. Дома зноў бухаюць, крадуць і некаму б’юць морду. Нават выпрабавальнага тэрміну не прайшоў, але празь месяц — ізноў у калёнію. А што дома рабіць, калі няма за што піць ды есьці? У турме да новага тэрміну дадаецца той, стары. І гэтак далей, па чарговым коле...Неяк спрабаваў зь імі паразмаўляць: ну а вось знайсьці нейкую дзяўчыну, каб завесьці сям’ю... Глядзяць як на нейкага хворага. Якія там дзеўкі — яны зусім не патрэбныя...»
«Кола чытаньня сына складаецца, так бы мовіць, з трох напрамкаў»
Маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які ўжо амаль чатыры гады за кратамі, мяркуе, што дэградацыя ці, наадварот, інтэлектуальнае разьвіцьцё вязьня залежыць найперш ад асобы чалавека. Валянціна Аліневіч перакананая, што, падобна яе сыну, кожны, хто трапіў у няволю, стаіць перад выбарам: заставацца яму чалавекам ці не. Калі ёсьць духоўны стрыжань, то чалавекам застанесься — нават пры адсутнасьці вонкавай свабоды набудзеш унутраную. Разьвіцьцё асобы шляхам самаадукацыі ды самаўдасканаленьня цалкам магчымае.
Аліневіч: «Што тычыцца тамтэйшага атачэньня — зразумела, яно рознае... Але, ведаеце, вось днямі патэлефанавала мне маці аднаго вязьня, зь якім Ігар сядзеў у Наваполацку. Тую калёнію, як вядома, расфармавалі, а сына жанчыны перавялі ў іншую зону. Я спыталася, як справы ў сына, і пачула: аказваецца, паводле словаў таго хлопца, вельмі многія вязьні па прыкладзе Ігара пачалі шмат чытаць, завучваюць на памяць вершы, Многія просяць у сваякоў даслаць тыя ці іншыя кнігі. Вязьні абменьваюцца літаратурай паміж сабой. Я са зьдзіўленьнем убачыла — тое, што Ігар вызначыў для сябе, той шлях да ведаў, ягоны прыклад аказаўся вельмі дзейсны. А можа, многія людзі самі ідуць гэтым шляхам».
Паводле маёй суразмоўцы, з новай калёніі ад Ігара прыйшло пакуль няшмат вестак. Але ў сваім лісьце ўжо зь «Віцьбы» Ігар паведаміў бацькам, што «ўжо меў у тых умовах сапраўдны адпачынак».
Аліневіч: «Мы былі з мужам у водпуску разам з маленькім унукам — сынам дачкі. Зразумела, адтуль напісалі Ігару, дзе мы, што робім, і ў адказ з новай калёніі атрымалі ліст. Ён напісаў, што калі ў нас такі адпачынак, то ён сабе робіць ня горшы свой. Гэта чытаньне мастацкай літаратуры. Ужо на новым месцы прачытаў вельмі добрыя кнігі, сярод якіх клясыка, „Воскресение“ Талстога. Зьдзіўлены тым, як гэты твор раней неяк прайшоў міма яго.
Увогуле, кола чытаньня Ігара складаецца, так бы мовіць, з трох напрамкаў: навуковая літаратура, потым ГУЛАГаўская, ну і пад канец, як адпачынак, мастацкая».
Зь ліста Ігара Аліневіча:
«Перад тым як перавесьціся ў „Віцьбу“, сьпяшаўся завяршыць некаторыя справы. У першую чаргу — дапрацаваць з навуковай літаратурай. Завяршыў лінію „маркетынг-піяр“, паглыбіўся ў інфармацыйныя тэхналёгіі. Яшчэ вывучыў першы сур’ёзны твор па псыхааналізе. Зь цікавасьцю выявіў тут некаторыя карэляцыі з рэклямай і невэрбальнымі камунікацыямі. Цяпер працягваю гэты напрамак. Так ці інакш, псыхааналіз — аснова матывацыі, і любыя абстрактныя канструкцыі бясьсільныя, калі ў душы няма гарэньня, агню. Як гэта праяўляецца ці зьмяняецца, вельмі хацелася б ведаць... Самай жа вялікай маёй жарсьцю ўвесь гэты час было вывучэньне ГУЛАГу. На адным дыханьні прачытаў самы вялікі твор: „Архіпэляг ГУЛАГ“. Калі ёсьць з чым параўнаць, калі многія тэрміны давялося пазнаць з жыцьця і чытаеш ня столькі розумам, колькі душой, робіш вельмі важныя высновы: усе гэтыя Троцкія, Бухарыны, якіх ледзь не гераізуюць, — аднаго поля ягады. Цьмяна я нешта такое ўсьведамляў. Другое, — сапраўднай дэсталінізацыі пры Хрушчову не было. Гэта міт. Сутнасьць схавалі як мага далей. І яна ўсе гады дае рэцыдывы. Цяпер ты разумееш, што з улікам уласнага досьведу ставіцца да гэтай тэмы абыякава не магу. Хочацца прачытаць усё. Прачытаў пакуль 12 мэмуараў. Не зразумеўшы гісторыі, ніколі не зразумееш сучаснасьці».
Як лічыць Валянціна Аліневіч, кожны адэкватны чалавек імкнецца прааналізаваць прычынна-выніковыя сувязі той ці іншай зьявы, дакапацца да нейкіх першавытокаў, першапрычынаў. Яе сын пачаў гэта рабіць таксама.
«Я думаю, ён зразумеў, што ўсё тое, што здарылася зь ім самім, са многімі іншымі, хто незразумела за што атрымаў такія вялікія тэрміны пазбаўленьня волі, ня ёсьць нечым надзвычайным. Гэта працяг таго, што пачалося яшчэ ў 1920-я. Тыя ж цяперашнія падзеі ва Ўкраіне...»
«Калі ня ўсё безнадзейна з галавой, то будзеш разьвівацца і за кратамі»
У гэтым перакананы былы палітзьняволены Мікалай Аўтуховіч.
«Ніякае атачэньне табе ў гэтым не перашкодзіць, — кажа ён. — Проста ты сам вызначаеш плян, калі і што ў пэўны час рабіць. Адрозна ад турмы ў калёніі больш свабоды. Ты можаш наведваць бібліятэку, глядзець тэлевізар. У атрадах ён заўсёды ёсьць».
Калі Аўтуховіч трапіў у Івацэвіцкую калёнію N5, там «тэлек» быў свой «у кожнай сэкцыі». Потым прыехаў нейкі начальнік, яму не спадабалася, што тэлевізар у калёніі агульнадаступны.
Ты выбіраеш сабе, даеш яму закурыць, і ён прыносіць кнігу, якая табе патрэбная
Аўтуховіч: «Паглядзеў — што зашмат і сказаў зрабіць у „ленінскім“ пакоі. Але ў той пакой можа набіцца толькі дваццаць чалавек. Магчыма, так і называецца — „ленінскі“, але афіцыйна хіба — „кляса псыхалягічнай разгрузкі“ ці нейк так. А калі ў атрадзе сто пяцьдзесят чалавек, то большасьць паглядзець тэлевізар ня можа».
Паводле былога палітвязьня, бібліятэкі ўмоўна дзеляцца на «зонаўскія» і «прыватныя»
«Ёсьць, напрыклад, зэкі, што зрабілі сабе штампікі, штампуюць свае кніжкі і таксама даюць чытаць, можа за цыгарэты. І разносяць таксама па ўсёй калёніі. Паказваюць сьпіс усіх кніг, якія ў іх ёсьць. Ты выбіраеш сабе, даеш яму закурыць, і ён прыносіць кнігу, якая табе патрэбная».
«Што за кнігі ў іх? Дэтэктывы, чытво?»
Аўтуховіч: «Усялякія. Якія хочаш. Яны нават могуць на замову з волі прынесьці тое, што ты хочаш. Бо за гэта яны зарабляюць сабе „паліва“ (курыва), гарбату. І праз родных, праз родных іншых — хто ідзе на „сьвіданкі“, дамаўляюцца. Таму бібліятэкі ў зэкаў лепшыя нават, чым у самой калёніі».
Такія бібліятэкары — людзі, якіх кнігі цікавяць саміх, таму яны дбаюць пра зьмест сваіх збораў. На калёнію, на дзьве з паловай ці тры тысячы чалавек, такіх бібліятэкараў два-тры, успамінае Аўтуховіч. Што гэта за людзі: гуманітарыі, з вышэйшай адукацыяй?
Аўтуховіч: «Я сам ведаў двух чалавек, якія там займаліся такой прыватнай бібліятэкай. Адзін зь іх — наркаман, другі за алімэнты, мусіць, сядзіць ці за нейкую „бытавуху“. Пра іх ведаюць толькі тыя, хто чытае, а чытае, можа, палова. А іншых гэта не хвалюе. Я так сказаў, каб не памыліцца. Можа, гэта трэцяя частка, а можа, увогуле толькі дваццаць працэнтаў чытае. Ня ведаю, гэта цяжка сказаць».
У турме не атупець цяжэй, чым у калёніі, гэта вядома: бо чалавек знаходзіцца ў чатырох сьценах. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае: калі ў чалавека «добра ўсё з галавой», ён сам сабе «вызначае нейкі плян жыцьця ў гэтай турме». Табе вядома — апроч шпацыру, ты ўвесь час будзеш тут. І табе нават лягчэй вырашыць для сябе, — чым займацца: чытаць газэты ці адказваць на лісты.
«Я прачытаў усяго Караткевіча, вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, былі зборнікі цікавыя. У турме быў бібліятэкар, былы начальнік „рэжыму“ турмы, Лісіцын. Дык вось прыйшоў нейк гэты Лісіцын, і я пытаюся: ці ёсьць у вас нешта на беларускай мове? Ён мне прынёс цэлую скрынку. Яны ў мяне пад ложкам стаялі, я паціху чытаў».
Your browser doesn’t support HTML5
«Караткевіча прачытаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», а таксама іншыя творы. Раман пра Хрыста аказаўся напачатку складаным. Калі я пачаў, ён вельмі цяжка чытаўся. Шмат перачытваў, бо нешта было незразумела, «замарочна» было напісана. І толькі калі я далей пайшоў, зразумеў, пра што гэта. І далей усё больш цікава было. Цікавая кніга «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Потым мне дасылалі Караткевіча. І зусім нядаўна, калі езьдзіў падаваць скаргу, зайшоў да знаёмага, і ён мне падарыў цэлы збор твораў Караткевіча, дзевяць тамоў. Я ледзь прывёз у вялікай торбе, перачытаю».
Так склалася ў жыцьці былога палітвязьня: раман вядомага пісьменьніка пра Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні», ён упершыню прачытаў за кратамі, у турме, якая глядзіць мурамі на стары рынкавы пляц, дзе некалі адбываліся падзеі кнігі Ўладзіміра Караткевіча. Мікалай Аўтуховіч адзначае яшчэ адзін раман пісьменьніка:
«Каласы пад сярпом тваім» я нават два разы чытаў. Чытаю і адчуваю, нават бачу там сябе вось у тыя гады. І вельмі б хацелася і ў тыя гады пажыць. Ну, шмат чаго падобнага ёсьць, таму і цікава чытаць было".
Vox populi: Усё залежыць ад асобы
Your browser doesn’t support HTML5
Ці дэградуюць зьняволеныя ў нашых турмах або, наадварот, разьвіваюцца інтэлектуальна? Такое апытаньне наш карэспандэнт правёў на вуліцах Магілёва. Бальшыня апытаных пагадзілася, што зьняволеныя ў нашых турмах дэградуюць. Некаторыя, аднак, зазначылі, што гэта залежыць ад асобы зьняволенага. Што да пытаньня пра магчымасьць навучаньня ў турме, то апытаныя акцэнтавалі ўвагу на самаадукацыі асуджаных. Дзяржава, паводле апытаных, не дае магчымасьці атрымліваць адукацыю ў турмах.