У Менску дамовіліся пра спыненьне агню на ўсходзе Ўкраіны
Падпісанае пагадненьне складаецца з 12 пунктаў, заявіла прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні.
Падчас кароткага выхаду да прэсы ўдзельнікі перамоваў зрабілі наступныя заявы.
Гайдзі Тальявіні: «Мы толькі што падпісалі пратакол, які складаецца з 12 пунктаў. Самы галоўны зь іх — гэта неадкладнае спыненьне агню, якое павінна пачацца сёньня а 18 гадзіне».
Ігар Платніцкі: «Народныя рэспублікі доўга абмяркоўвалі гэтае пытаньне, і мы вымушаныя пагадзіцца з тым, што большасьць пунктаў таго, што мы падпісалі, адпавядае нашым патрабаваньням таксама. Мы лічым, што неадкладнае спыненьне агню ўнясе ў адзіны народ, які разьдзелены ідэалёгіяй, больш шчыльнае супрацоўніцтва і дасьць аснову для далейшых разьвіцьцяў як эканамічных, так палітычных і іншых мэтадаў і плятформаў для разьвіцьця. Мы гатовыя таксама а 18 гадзіне па менскім часе спыніць агонь. Але гэта не азначае, што гэта зьяўляецца нейкай зьменай курсу нашага на тое, што мы зьбіраемся... гэты курс скончыць. Гэта вымушаная мера для таго, каб у народзе перастала ліцца кроў».
Your browser doesn’t support HTML5
Аляксандр Захарчанка: «Спыненьне агню дазволіць нам захаваць жыцьці ня толькі мірных грамадзянаў, але і тых людзей, якія са зброяй у руках адстойваюць свае ідэалы, свае мэты».
Прадстаўніца АБСЭ паведаміла, што бакі дамовіліся пра тры асноўныя пункты, акрамя спыненьня агню. Першае — гэта адвод цяжкага ўзбраеньня. Другое — абмен палоннымі паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх». І трэцяе — гуманітарная дапамога.
Леанід Кучма сказаў, што перамовы можна лічыць першым і вельмі важным крокам па ўсталяваньні сапраўднага міру. Таксама Кучма падзякаваў асабіста Лукашэнку за магчымасьць у Менску весьці перамовы пра мір на Данбасе.
Пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў паведаміў, што для рэалізацыі сёньняшняга пратаколу і ягоных 12 пунктаў будзе падпісаны мэмарандум, праца над якім пачнецца ад сёньня. Гэты мэмарандум «рэалізуе палітычныя асновы дамовы», сказаў Зурабаў. Паводле яго, будзе створана адмысловая структура для выкананьня дамовы. Цяпер ёсьць 2 вэрсіі мэмарандуму — ад Украіны і ад сэпаратыстаў. Будзе створаная экспэртная група, праведзеныя відэаканфэрэнцыі і знойдзена агульнае рашэньне. Пасьля гэтага гэты мэмарандум змігуць падпісаць прадстаўнікі Кіева і ДНР-ЛНР.
Паводле Леаніда Кучмы, ужо 6 верасьня ў Данбас пойдзе гуманітарны канвой, а ў панядзелак дамовяцца пра ўсе гуманітарныя калідоры.
Паводле Аляксандра Захарчанкі, узброеныя сілы ДНР і ЛНР «спыняюць наступальную апэрацыю» — гэта ёсьць асноўнай гарантыяй выкананьня сёньняшніх дамоваў.
Ігар Платніцкі на пытаньне пра дамовы аб статусе ДНР і ЛНР сказаў, што «да гэтага яшчэ не дайшлі». Пры гэтым Ігар Платніцкі сказаў, што яны гатовыя размаўляць з Кіевам пра гэта. Платніцкі зьвярнуўся да кіяўлян з перасьцярогай не агітаваць да паходу «на ўсход». «Мы ведаем з гісторыі, чым заканчваліся такія паходы», — сказаў Платніцкі.
А 19-й гадзіне ўдзельнікі перамоваў разьехаліся з «Прэзыдэнт-гатэля».
• Парашэнка аддаў загад спыніць агонь
• Парашэнка апублікаваў 14 пунктаў свайго мірнага пляну, падпісанага ў Менску
Перад пачаткам сустрэчы некаторыя ўдзельнікі адказалі на пытаньні журналістаў.
«Мы прыехалі па мір», — заявіў экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма перад пачаткам паседжаньня ў Менску трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
«Самае галоўнае — гэта замірэньне, трэба перастаць забіваць адзін аднаго», — кажа Леанід Кучма.
Кучма ня стаў адказваць на пытаньне журналістаў, як ён ставіцца да «мірнага пляну» Ўладзімера Пуціна.
Амбасадар Расеі Міхаіл Зурабаў на пытаньне журналістаў, ці будуць сёньня падпісаныя нейкія дакумэнты, Зурабаў адказаў адным словам: «Будуць».
Your browser doesn’t support HTML5
Кіраўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў з журналістамі размаўляць ня сталі
«Без камэнтароў» — так адрэагаваў на пытаньні журналістаў прэм’ер-міністар так званай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандар Захарчанка перад пачаткам паседжаньня трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
У «Прэзыдэнт-гатэль», дзе пачнецца сустрэча, прыбылі таксама кіраўнік ЛНР Ігар Платніцкі, віцэ-прэм’ер ДНР Андрэй Пургін і старшыня вярхоўнай рады ЛНР Аляксей Каракін.
Самаабвешчаныя рэспублікі ДНР і ЛНР у Менску будуць прадстаўленыя: так званым прэм’ерам-міністрам ДНР Аляксандрам Захарчанкам і кіраўніком ЛНР Ігарам Платніцкім. Таксама ў перамовах удзельнічаюць віцэ-прэм’ер ДНР Андрэй Пургін і старшыня вярхоўнай рады ЛНР Аляксей Каракін
Украіну прадстаўляе экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. У перамовах удзельнічаюць прадстаўнікі АБСЭ і амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў.
Чакаецца, што ўдзельнікам перамоў будуць прадстаўленыя пляны па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны, прапанаваныя прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным.
4 верасьня пасьля сустрэчы з кіраўнікамі вядучых краінаў НАТО ва Ўэльсе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што загадае Ўзброеным сілам Украіны, якія змагаюцца супраць прарасейскіх сэпаратыстаў, спыніць агонь з 5 верасьня, а гэта мае пракласьці шлях для ажыцьцяўленьня паэтапнага мірнага пляну.
Выступаючы па-за афіцыйнай праграмай саміту НАТО, ён адзначыў, што пагадненьне аб спыненьні агню было ўмовай правядзеньня ў Менску ў пятніцу сустрэчы пасланцоў Украіны, Расеі і АБСЭ.
«А 14:00 па мясцовым часе, пры ўмове, што сустрэча ў Менску адбудзецца, я загадаю Генэральнаму штабу ўвесьці двухбаковае спыненьне агню, і мы спадзяёмся, што рэалізацыя мірнага пляну пачнецца 5 верасьня», — сказаў Парашэнка.
Таксама ён паведаміў, што зь лідэрамі вядучых краін НАТО ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоваў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго «рашучымі дзеяньнямі». «Калі гэтага не адбудзецца, то імавернасьць нашых рашучых дзеяньняў па дээскаляцыі канфлікту зьяўляецца вельмі высокай, але мы хочам міру», — сказаў ён.
Кіраўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі заявілі 4 верасьня, што гатовыя 5 верасьня а 14 гадзіне аддаць загад аб спыненьні агню ў тым выпадку, калі ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, перадае ИТАР-ТАСС.
Яны таксама заявілі, што сёньня ў Менску прадставяць на разгляд кантактнай групы свае прапановы пра рэжым спыненьня агню, у якіх будуць «дэталёва прапісаныя гарантыі захаваньня гэтага рэжыму бакамі канфлікту».
Станіслаў Бялкоўскі: Міру ня будзе
Падпісаньне ў Менску пагадненьня аб спыненьні агню, нават калі яно будзе дасягнута, ня стане падставай для сапраўднага міру ва Ўкраіне. У бакоў няма ідэалягічнай плятформы кампрамісу.
Што вядома пра кіраўнікоў ДНР і ЛНР Захарчанку і Платніцкага?
Прэм’ер-міністар самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандар Захарчанка і кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі, якія сёньня прадстаўляюць сэпаратыстаў на перамовах у Менску, ня маюць ніякага палітычнага аўтарытэту і не прымаюць самастойных рашэньняў.
Перапяліца: Калі ў Менску прымуць плян Пуціна, гэта будзе капітуляцыя Ўкраіны
Экспэрт па пытаньнях міжнароднай бясьпекі Рыгор Перапяліца: «Узьнікае пытаньне — пра які менавіта плян ідзе гаворка? Пра плян Пуціна ці пра плян Парашэнкі? На гэтым ніхто не акцэнтуе ўвагі. Расея, сэпаратысты гавораць аб мірным пляне і ўкраінскі бок гаворыць аб мірным пляне. Калі прымуць плян Пуціна, то гэта — капітуляцыя Ўкраіны. Практычна яна прадугледжвае абхазізацыю Данбасу»
Портнікаў: Важная гатоўнасьць Расеі да міру, а не падтрымка з боку НАТО
Перад сустрэчай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне палітоляг Віталь Портнікаў выказаў сумнеў, што дэкляраваная на саміце НАТО падтрымка Ўкраіны нейкім чынам зможа паўплываць на ход перамоваў і на пазыцыю Расеі, якая гаворыць і дзейнічае з пазыцыі сілы, якую мае цяпер.
Карасёў: Поўнамаштабная вайна з Расеяй для НАТО непрымальная
«Падтрымка, абяцаная на саміце НАТО, безумоўна, узмоцніць пазыцыі Ўкраіны падчас сустрэчы кантактнай групы ў Менску. Таму што Ўкраіне важна ў мірным працэсе, які пачынае зараджацца, атрымаць не прыніжальны і ганебны мір, а мір годны. Атрымаць не капітуляцыю, а насамрэч кампраміс. Гэтая падтрымка з боку НАТО, а таксама канкрэтныя захады для ўмацаваньня абароназдольнасьці Ўкраіны могуць спрыяць кампраміснаму міру.
Каспрук: Захад мусіў дапамагчы Ўкраіне раней
«Пазыцыя Ўкраіны на чарговай сустрэчы ў Менску ўзмацняецца. Асабліва на фоне таго, што некалькі дзён перад гэтай сустрэчай Расея намагалася максымальна пасунуць украінскія пазыцыі на ўсходзе. Нарэшце Захад, разумеючы ўсю сур’ёзнасьць сытуацыі, паслаў мэсыдж украінцам і расейцам — цяпер ужо Ўкраіна не застаецца адна на полі бою з Расеяй.