Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны, пракамэнтаваў для нашага Радыё паведамленьні, што Беларусь можа стаць пляцоўкай для перамоваў у справе ўрэгуляваньня крызысу на ўсходзе Ўкраіны.
«Тое, што я чытаў у СМІ, і меў інфармацыю ад службовых асобаў тут, то там напісана так: „Беларусь можа стаць месцам правядзеньня сустрэчы“. Гэта азначае, што Лукашэнка ня будзе ўдзельнічаць, як пасярэднік, ён толькі дае сваю тэрыторыю. А хто будзе ўдзельнічаць у перамовах — гэта пытаньне. Калі гэта будзе Пуцін, Парашэнка і, напрыклад, Барозу, нехта з Эўразьвязу, з АБСЭ, то я падтрымліваю перамовы ў такім фармаце дзе заўгодна, акрамя краін, якія ня могуць прыняць такую сустрэчу з аб’ектыўных абставін.
На маю думку, Беларусь можа быць такім месцам. Тут ёсьць і гістарычныя паралелі. У свой час Беларусь стала месцам развалу Савецкага Саюзу, там была падпісаная Белавеская дамова. Магчыма, зараз Беларусь стане месцам, дзе будзе ўмацаваная незалежнасьць краін і спыненая агрэсія спадара Пуціна. Гэта была б сымбалічная і знакавая падзея.
Але калі гаворыцца пра нейкую кантактную групу, пра людзей, якія ня маюць ніякіх паўнамоцтваў і нічога не падпісваюць, а толькі заяўляюць, што яны хочуць мець Данецкую народную рэспубліку і Луганскую народную рэспубліку, і нічога не вырашаюць, бо яны па сваёй прыродзе спэцпрызначэнцы, засланыя з Расеі, то нам няма чаго размаўляць са „шнуркамі“. Нам трэба размаўляць з тымі, хто вырашае. А гэта спадар Пуцін».