Новыя санкцыі ўводзяцца ў сувязі з «працягам агрэсіі Расеі, які ўключае пастаяннае наданьне тылавога забесьпячэньня й сыстэмаў узбраеньня агентам рэжыму Пуціна на ўсходзе Ўкраіны» — гаворыцца ў заяве прэм’ер-міністра.
Канада будзе дзейнічаць у шчыльнай каардынацыі з сваімі партнэрамі ў ЗША і Эўропе.
«Адмова прэзыдэнта Пуціна спыніць падтрымку ўзброеных паўстанцкіх груповак уяўляе вельмі рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы. Ягоныя дзеяньні зьяўляюцца адкрытай і прамой пагрозай украінскаму народу і яго законна абранай уладзе», — заявіў канадзкі прэм’ер.
29 ліпеня пра новыя санкцыі супраць Расеі з прычыны яе ўмяшаньня ва Ўкраіну абвясьцялі Эўрапейскі Зьвяз і ЗША. Вашынгтон ужо ўвёў сёньня дадатковыя захады супраць шэрагу вядучых расейскіх банкаў і абаронных кампаній. Брусэль паведаміў, што ўзгадніў новыя захады супраць фізычных і юрыдычных асобаў, а таксама шэраг санкцый супраць некаторых сэктараў расейскай эканомікі, якія будуць агалошаныя бліжэйшымі днямі.