Дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў, што ў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пакуль яшчэ ёсьць час даказаць, што ён здольны выкарыстаць свой уплыў не на карысьць сэпаратыстаў.
Керы выступіў у аўторак пасьля перамоваў у Вашынгтоне з кіраўніком МЗС Украіны Паўлам Клімкіным і тэлефоннай размовы з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Паводле дзяржсакратара, яны з Лаўровым пагадзіліся ў тым, што для прасоўваньня ў справе ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу трэба пачаць абмяркоўваць канкрэтныя прапановы.
«Аднак Расея і яе так званыя добраахвотнікі працягваюць пастаўляць зброю, людзей і грошы ва Ўкраіну. У нас ёсьць пераканаўчыя доказы гэтага», – падкрэсьліў Джон Кэры. У канцы мінулага тыдня ЗША апублікавалі фатаграфіі са спадарожніка, на якіх відаць, як артылерыя з тэрыторыі Расеі вядзе агонь па пазыцыях ўкраінскіх вайскоўцаў.