Паводле яе слоў, адказнасьць за гэта належыць прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, і ня толькі за гэта, а за кожны інцыдэнт, які адбываўся на працягу канфлікту ва Ўкраіне.
«Я думаю, гэта цалкам зразумела», — паўтарыла Гарф у адказ на ўдакладняльнае пытаньне, ці сапраўды яна мела на ўвазе ўскласьці віну на Пуціна.
Паводле яе слоў, вяртаючыся да зьбіваньня авіяляйнэра, ЗША ўжо публічна выклалі вельмі пераканаўчую справу і працягваюць рассакрэчваць максымальна магчымую колькасьць дадзеных.
Пры гэтым, сказала прэсавы сакратар, ЗША вельмі адкрытыя ў ацэнках таго, што адбываецца:
«Расейцы ўжо шмат разоў хлусілі пра тое, што адбываецца. Яны казалі, што ў Крыме няма іх войскаў, калі яны былі там паўсюль. Таму да іх ужо няма ніякага даверу», — адзначыла Мэры Гарф.
«Думка пра тое, што яны, — сказала прэсавы сакратар пра тых, хто зьбіў авіяляйнэр, — зьбілі ўжо больш за дзясятак самалётаў і верталётаў, а толькі гэты адзін не зьбівалі, гэтак жа не праходзіць выпрабаваньні на здаровы сэнс».
Гарф адзначыла, што расьсьледаваньне адносна таго, хто канкрэтна і асабіста зьбіваў ляйнэр, у ЗША працягваецца. Але пакуль, сказала яна, ЗША не раскрываюць усіх сваіх крыніц і мэтадаў, таму што хочуць быць у стане высьвятляць такія рэчы і ў будучыні, калі падобныя трагедыі будуць адбывацца на ўсходзе Ўкраіны зноў.
На далейшыя ўдакладняльныя пытаньні журналістаў Мэры Гарф адказала наўпрост:
«Расейскія сэпаратысты, якія, па нашым перакананьні, запусьцілі гэтую ракету, не маглі дзейнічаць там без падтрымкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і расейскага ўраду, не маглі атрымаць узбраеньняў без падтрымкі прэзыдэнта Пуціна і расейскага ўраду. Яны б не рабілі гэтага там, і кропка. Яны не маглі стрэліць з SA-11 (заходняя назва комплексу СПА „Бук“) без падтрымкі прэзыдэнта Пуціна і расейскага ўраду. Так, прамая адказнасьць на іх».
Аб дзеяньнях сэпаратыстаў сьпікер яшчэ раз выказала меркаваньне ЗША:
«Яны маглі цэліць у грамадзянскі авіяляйнэр, яны маглі цэліць ва ўкраінскі ваенны самалёт, што яны зрабілі ўжо больш за дзясятак разоў. І ў любым выпадку яны відавочна спрабавалі забіць людзей з дапамогай SA-11».
У панядзелак прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ляйнэр «Малайзійскіх авіяліній» з 298 людзьмі на борце зьбілі над тэрыторыяй, кантраляванай сэпаратыстамі, якія падтрымліваюцца Расеяй. Таксама, паводле яго слоў, Расея і вучыць гэтых сэпаратыстаў, забясьпечвае іх ваенным абсталяваньнем і ўзбраеньнямі, уключна з сродкамі супрацьпаветранай абароны.
Самалёт авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі», які ляцеў рэйсам MH17 Амстэрдам (Нідэрлянды) — Куала-Лумпур (Малайзія), пацярпеў крушэньне 17 ліпеня на ўсходзе Украіны. Загінулі 298 чалавек.
СБУ распачала крымінальную вытворчасьць па артыкуле «тэракт». Акрамя таго, СБУ апублікавала запісы размоваў прарасейскіх баевікоў, зь якіх вынікае, што самалёт зьбілі менавіта іх людзі. СБУ таксама заяўляе, што мае доказы, што дастаўленымі з Расеі зэнітна-ракетнымі комплексамі «Бук» кіравалі расейскія ваенныя спэцыялісты.