Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці скажа сьвет слова «тэрарысты»?


«Нават калі будзе прызнана, што малайзійскі самалёт памылкова зьбілі апалчэнцы, гэта ня стане аргумэнтам для прызнаньня „ДНР“ і „ЛНР“ тэрарыстычнымі арганізацыямі. Таму што ў адваротным выпадку ня будзе з кім весьці перамовы», — лічыць расейскі экспэрт.

Вярхоўная Рада Ўкраіны зьвярнулася да міжнародных і эўрапейскіх арганізацыяў, а таксама да лідэраў краінаў сьвету з просьбай прызнаць «Данецкую народную рэспубліку» і «Луганскую народную рэспубліку» тэрарыстычнымі арганізацыямі. За такое рашэньне прагаласавалі 236 дэпутатаў.

У заяве, якую прыняла Вярхоўная Рада 22 ліпеня, гаворыцца, што над тэрыторыяй Украіны ў раёне гораду Тарэза быў зьбіты пасажырскі самалёт Boeing-777 малайзійскай авіякампаніі, і што, паводле дадзеных, якія ёсьць у кампэтэнтных органаў Украіны, гэты тэрарыстычны акт учынілі баевікі з выкарыстаньнем перададзенага ім Расеяй зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які абслугоўваўся расейскімі вайскоўцамі.

Ці пойдзе міжнародная супольнасьць насустрач украінскай уладзе і ці прызнае «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі, разважаюць экспэрты з Украіны, Беларусі і Расеі.

Палітоляг з Кіева Віктар Каспрук лічыць, што такая просьба — абсалютна правільны ход з украінскага боку, аднак яго эфэктыўнасьць будзе залежаць ад таго, якую пазыцыю зоймуць ЗША, Нямеччына, Францыя і Вялікабрытанія. Калі ж Украіна даможацца прызнаньня «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі, лічыць экспэрт, гэта ў вялікай ступені можа перафарматаваць стаўленьне сьвету да расейска-ўкраінскай вайны:

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

«Да гэтага часу гэтую вайну называюць самымі рознымі словамі, але толькі не вайной у выніку ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны. Такое прызнаньне на міжнародным узроўні магло б дапамагчы Ўкраіне, бо ўжо чатыры месяцы ідзе барацьба Расеі за тэрыторыю Ўкраіны, і, на жаль, ніякай канкрэтнай дапамогі ад сьвету мы пакуль не атрымалі. Ясна, што патэнцыял Украіны нашмат меншы, чым Расеі, а патэнцыял агрэсіі ў Расеі пастаянна ўзрастае. Заходні сьвет павінен вельмі сур’ёзна паставіцца да таго, што цяпер „зялёныя чалавечкі“ могуць быць ва Ўкраіне, затым — у суседніх Беларусі ці Польшчы. Гэта ўжо ня раз здаралася ў сусьветнай гісторыі. Украіна сапраўды моцна разьлічвае на міжнародную грамадзкасьць у тым сэнсе, каб на трагедыю, якую запусьціла Расея, была зьвернутая належная ўвага».

Беларускі палітоляг Юры Чавусаў кажа, што, хутчэй за ўсё, заклік да прызнаньня «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі — гэта сымбалічны крок, зроблены дзеля палітычнай падтрымкі барацьбы ўкраінскай дзяржавы з прарасейскімі сэпаратыстамі:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Разам з тым у сытуацыі збройнай барацьбы і антытэрарыстычнай апэрацыі падобнае прызнаньне можа азначаць канкрэтныя нэгатыўныя наступствы для прыхільнікаў тэрарыстаў. І тут я маю на ўвазе ня толькі тых, хто змагаецца са зброяй у руках на баку „ДНР“ і „ЛНР“, але і тых, хто абараняе гэтыя арганізацыі ў мэдыях, забясьпечвае іх фінансамі. Тыя дзяржавы, якія прызнаюць „ДНР“ і „ЛНР“ тэрарыстычнымі арганізацыямі, будуць накладаць пэўныя абмежаваньні на прыхільнікаў гэтых арганізацыяў. Напрыклад, у Беларусі дзейнічае парадак прызнаньня арганізацыі тэрарыстычнай, і канкрэтныя нэгатыўныя наступствы ад такога прызнаньня ёсьць. Але ў сытуацыі, калі ідзе збройная барацьба, гэта мае трохі меншае значэньне. Тут, хутчэй, можна казаць пра доўгатэрміновыя наступствы і абмежаваньні для прыхільнікаў тэрарызму».

Іншае меркаваньне выказаў расейскі палітоляг Канстанцін Калачоў. Ён лічыць, што прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі маларэальнае, бо міжнародная супольнасьць чакае, што за сталом перамоваў зьбяруцца ўсе ўдзельнікі падзеяў, а з тэрарыстамі, як вядома, перамоваў не вядуць:

Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

«Тое, што ўкраінскі бок пэдалюе тэму тэрарызму — а Пятро Парашэнка ў інтэрвію тэлеканалу CNN нават заявіў, што няслушна ўжываць слова „сэпаратысты“, трэба казаць „тэрарысты“, — мае больш прапагандысцкі, чым практычны эфэкт. Для Ўкраіны такія заявы значаць, што ўкраінская ўлада больш не гатовая сядаць за стол перамоваў з тымі, каго яна трымае за тэрарыстаў, бо лічыць гэтую справу пазбаўленай усякага сэнсу і верыць толькі ў ваенную перамогу. Што тычыцца астатняга сьвету, то відавочна, што тыя прынцыпы, паводле якіх пабудаваная Эўропа, патрабуюць шукаць кансэнсусу да апошняга. Такім чынам, можна прадбачыць, што, нават калі будзе прызнана, што малайзійскі самалёт памылкова зьбілі апалчэнцы, гэта ня стане аргумэнтам для прызнаньня „ДНР“ і „ЛНР“ тэрарыстычнымі арганізацыямі. Таму што ў адваротным выпадку ня будзе з кім весьці перамовы. А як вядома, для вайны дастаткова і аднаго боку, а для мірных перамоваў неабходныя два».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG