Як ні дзіўна, але лета (чэрвень-ліпень) многія зьняволеныя называюць галоднай парой. Новага ўраджаю яшчэ няма, а стары або згніў, або даўно зьедзены. Некаторыя вязьні ў сваіх лістах дадому пішуць пра сталае пачуцьцё голаду, пра тое, што нават набіваць жывот сталоўскай ежай (пераважна гэта адна сечка) і розным фаст-фудам з турэмных шапікаў ані не памагае. Голад зьнікае, але зусім ненадоўга.
Перадачу трэба зьбіраць максымальна якасную і зусім не з далікатэсаў
Колішні вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі ў сваёй кніжцы «Турма і здароўе» тлумачыць гэтую зьяву небясьпечнымі збоямі ў мэтабалізьме, якія выкліканыя вострым недахопам біялягічна актыўных рэчываў: вітамінаў, мінэралаў, арганічных кіслот, клятчаткі і г.д.
«Значнасьць харчовага фактару для падтрыманьня жыцьця беларускага вязьня не падлягае аніякаму сумневу, — перакананы прафэсар. — Калі вязень атрымлівае пасылку ў лепшым выпадку два разы на год, то родным трэба сабраць перадачу максымальна якасную. Размова ідзе зусім не пра дарагія далікатэсы. Гэта могуць быць простыя і даступныя прадукты, з тых, што лёгка засвойваюцца арганізмам, а таму на іх ня траціцца шмат энэргіі. Толькі такія прадукты дапамогуць, а не пашкодзяць чалавеку за кратамі».
Прафэсар Бандажэўскі бачыць у правільна падабранай харчовай перадачы ня толькі фізіялягічны рэсурс. Гэта, акрамя таго, маральная падтрымка ЗК, сыгнал пра тое, што яго сувязь з блізкімі ня страчаная.
Сёньня на просьбу тых слухачоў і чытачоў, у чые сем’і турма прыйшла нядаўна, упершыню і зьнянацку, «Свабода ў турмах» раскажа і пакажа, як сабраць пасылку ў СІЗА ды калёнію.
Адрозна ад асуджаных, вязьняў папраўчых устаноў, падсьледным СІЗА можна перадаваць неабмежаваную колькасьць перадач. Галоўнае, каб іх вага не перавышала 30 кг у месяц. Звычайна ў перадачы кладуць ня толькі прадукты, але і адзеньне, у тым ліку бялізну, таксама кнігі, сродкі гігіены, туалетную паперу, папяровыя ручнікі, сшыткі, нататнічкі, асадкі... Некаторыя сваякі ды блізкія арыштантаў бачаць сэнс у тым, каб перадаваць 30 кілё ў некалькі прыёмаў.
Гэтаксама паступілі і праваабаронцы «Плятформы», чый лідэр Андрэй Бандарэнка ўтрымліваецца цяпер на «Валадарцы». Дазволеныя для Андрэя 30 кг, якія на відэа, яны падзялілі на 20 і 10. Першую перадачу вязень ужо атрымаў, другую яму перададуць перад самым судом, прызначаным на 29 ліпеня. Гэта зь іх гледзішча будзе своеасаблівай падтрымкай сябра.
Нярэдка, каб настроіцца на судовы працэс, падсьледныя самі просяць сваіх блізкіх перадаць ім улюбёныя прысмакі, напрыклад, арэхі, сухафрукты, нешта салодкае ці нейкі мясны прадукт з вострымі прыправамі. Некаторыя, наадварот, адмаўляюцца ад ежы, а замест яе просяць перадаць улюбёную кнігу ці адзеньне, тую ж нацельную бялізну.
Згодна з турэмнымі традыцыямі, ня трэба нічога ні блакітнага, ні чырвонага
Што да бялізны — шкарпэтак, трусоў, футболак — то ўсё гэта павінна быць выключна натуральным, без аніякай сынтэтыкі. З санітарыяй за кратамі кепска. Тая ж лазьня, нават у самае гарачае лета, — раз на тыдзень. Магчымасьцяў памыць рэчы таксама няшмат. Таму пажадана, каб бялізна была цёмнага колеру (чорная, цёмна-сіняя, зялёная). Згодна з турэмнымі традыцыямі, ня трэба нічога ні блакітнага, ні чырвонага (колер мянтоў). Калі казаць пра харчовыя перадачы, то лепш класьці ў іх вялікія порцыі гатовых прадуктаў. Перадаюцца яны, як правіла, не аднаму вязьню, а цэлай кампаніі сукамэрнікаў.
Што ўкласьці ў два кіляграмы?
Асуджаным перадачы дазволеныя нашмат радзей, чым вязьням СІЗА. На агульным рэжыме — дзьве пасылкі (перадачы) і дзьве бандэролькі на год. На ўзмоцненым — адна пасылка і дзьве бандэролькі. На строгім — адна пасылка і адна бандэролька. Вага перадачы, гэтаксама як і ў СІЗА, да трыццаці кг. Вага бандэролькі — да двух кілё.
Адну пасылку і адну бандэрольку ў год атрымлівае вязень магілёўскай «крыткі» Яўген Васьковіч. Да нядаўняга часу такая норма тычылася і іншага асуджанага той жа турмы, палітвязьня Міколы Статкевіча. Цяпер яму дазволена атрымліваць дзьве бандэролькі і адну пасылку ў год.
Жонка Статкевіча Марына Адамовіч нядаўна пакінула на сваёй старонцы ў Фэйсбуку наступны запіс:
«Самае страшнае — сабраць бандэрольку... калі ведаеш, што гэта — усё. Наступная — як мінімум праз паўгода. Укласьці ў 2 кіляграмы (ні грама болей) усё тое, што хочаш — як мінімум 10 кг прадуктаў ляжаць на стале, і ўсё-ўсё-ўсё: і клопат, і чаканьне, і надзею, і сябе саму. Каб яму было хоць крышачку лягчэй і цяплей. Зьбіраю ўжо 2 тыдні.
Самае цяжкае — гэта зусім ня чорны адчай, не безнадзейнасьць, якая ахоплівае неспадзявана, не панічны страх за яго, не бяссонныя ночы, не пачуцьцё гідлівасьці, якога часам не пераадолець, не раздражненьне ад чыйгосьці, на твой погляд, неверагоднага глупства, пустога фанфаронства ці звычайнай подласьці. Ня крык, які разрывае лёгкія, захрасшы ў горле. Нават не адзінота... Аднойчы сказаўшы сабе: „Я не магу дазволіць сябе разбурыць“, з гэтым ты спраўляесься неяк».
Бандэрольку ў турму спадарыня Марына ўсё ж сабрала:
«1 кг 998 г, ні на грам болей. Уключыла туды тое, пра што просіць муж. Звычайна ён кажа пра сухафрукты, арэшкі, сухое малако, гарбату, каву, какава, сушаныя травы ды гародніну. Але апошнім разам Мікола папрасіў ня класьці гарбаты і кавы, а болей сухафруктаў. Лета ў турме — самы галодны час».
Як і Марыну Адамовіч, большасьць сваякоў у такіх выпадках хвалюе пытаньне: калі бандэролька нарэшце трапіць да самога вязьня? Бо могуць аддаць і праз пару тыдняў, а то і ўвогуле вярнуць назад...
Жаночая падтрымка: «Працуеш не на сябе, а на таго, хто за кратамі»
Традыцыйна на постсавецкай прасторы падтрымка вязьня ў турме — справа пераважна жаночая. На плячах жанчын — маці, жонак, сясьцёр, дачок — ляжыць збор перадач у СІЗА ды калёніі. Заўважана, што жанчыны найчасьцей адпраўляюць пасылкі ды бандэролькі з пошты. Іх найчасьцей можна ўбачыць зь непад’ёмнымі торбамі ля ўваходу ў папраўчыя ўстановы...
Ля адной з ПК паблізу Івацэвічаў карэспандэнту праграмы кінулася ў вочы, як шмат сярод жанчын цяжарных ды маці зь немаўляткамі... У размовах жанчын самага рознага веку можна было пачуць і пра неймаверныя кошты прадуктаў, і пра тое, што з кожным годам зьбіраць паўнавартасныя перадачы ўсё цяжэй. А акрамя гэтага, ёсьць аплата адвакатаў, пералік грошай на разьліковы рахунак вязьня, каб той змог нешта набыць у мясцовым шапіку.
Your browser doesn’t support HTML5
«Вельмі дорага ўсё, — кажа адна жанчына, відаць, маці асуджанага. — Сюды імкнесься сабраць усё лепшае... Маці з апошніх сіл зьбірае перадачу, каб дзіця нешта зьела... Цяпер трэба ледзь не зарплату аддаць, абы тую перадачу скласьці».
«Кошты растуць, а заробкі на месцы, — уступае ў размову, мяркуючы па ўсім, жонка асуджанага. — Падаражэлі асноўныя рэчы, якія перадаеш туды — гарбата ды крупы. Для таго каб сабраць перадачу, патрэбныя цяпер шалёныя грошы... Фактычна, калі ў цябе нехта за кратамі, працуеш не на сябе, а на яго...»
«Вязьню патрэбны і часнык, і сала, і лімоны мы перадавалі, — кажа яшчэ адна жанчына. — Тыя ж цыгарэты... І печыва, і цукеркі. Тую ж самую грудзінку яму перадала... Недзе кілё два купіла. Але ж усё не перадалі... Не перадаюць, што кладзеш. За кошт чаго яны жывуць? За кошт такіх, як мы...»
Удзельніцы размовы пагаджаюцца: «Вядома, лепш, каб сюды ніхто не трапляў... Але калі ўжо так здарылася зь сям’ёй, ня трэба шкадаваць сродкаў на блізкага, які апынуўся за кратамі. Трэба насіць яму перадачы, усяляк падтрымліваць».
«Асуджаныя не працуюць, а дзяржава павінна іх карміць»
Ля магілёўскіх пэнітэнцыярных устаноў (у горадзе — турма, а ў прыгарадзе — дзьве калёніі) раніцай такая ж мітусьня, як і ля іншых беларускіх вязьніцаў. Вялікія торбы з харчамі і іншымі рэчамі нясуць у турмы зьняволеным сваякі. Адказваць на пытаньні журналіста гэтым людзям няма калі. І вызваліўшыся ад клопату зь перадачамі, яны таксама негаваркія. Пад турэмнымі сьценамі гутарыць зь незнаёмцам няма ахвоты. Тыя, хто наважваецца, просяць схаваць мікрафон.
Веры ў турэмнае забесьпячэньне харчамі няма. Акрамя таго, для зьняволенага перадача — знак таго, што пра яго не забыліся на волі.
Гэтай жа думкі трымаецца і адвакат, зь якім удалося пагутарыць ля адной з магілёўскіх калёніяў. Ён адведваў свайго падабароннага:
«Вядома ж, перадачы важныя для тых, хто там сядзіць, — кажа ён. — На сёньняшні дзень у папраўчых калёніях асуджаныя нічым не занятыя — то бок працоўнай дзейнасьцю. А забясьпечваць іх трэба, і гэта ідзе зь дзяржаўных сродкаў таму... У асноўным хто носіць — сваякі, бацькі, жонкі. Ім жа хочацца, каб у асуджаных было чаго паесьці — і тых жа вітамінаў, садавіны з гароднінай».
На пытаньне: «Ці забясьпечваюць асуджаных турэмныя крамы ўсім неабходным?» суразмоўца адказвае, што не заўжды. Як прыклад ён бярэ жодзінскі сьледчы ізалятар:
«Там у асноўным сухія пайкі. Супы хуткага гатаваньня, макароны, пюрэ. Кансэрвы плястыкавыя з салатамі ды рыбай. Ёсьць сокі рознага асартымэнту. Што да садавіны ды гародніны — іх я ня бачыў. Просяць, відаць, каб асуджаных забясьпечвалі сваякі — часныком ды цыбуляю. Гэта асноўнае».
Двое хлопцаў, якія вызваліліся з калёніі і якіх журналіст першым пераняў на волі пад самай турмой, таксама заявілі, што перадачы важныя перадусім для асуджаных. Атаваркай не наясіся, тлумачылі яны. Акрамя таго, турэмную краму не наведаеш кожны раз, як сам захочаш. Атаварвацца зьняволеных водзяць атрадамі раз на месяц. Тавар у краме — з нацэнкай. Колькі прабылі ў калёніі і за што, хлопцы не сказалі. Кінулася ў вочы, што ў былых сядзельцаў кепскія зубы.Магілёўскі бомж Юры адседзеў у калёніях сем гадоў. Парнуў чалавека нажом. Прызнаецца: каб не перадачы з волі, ня вытрымаў бы выпрабаваньня турмой. Пасылкі сьведчылі, па-філязофску разважае бадзяга, што пра мяне не забыліся. Асабліва, кажа, яны дапамагалі ў ізалятары, пакуль вялося сьледзтва. Даймалі думкі пра тое, што наперадзе, згадвае Юры:
«Самае цяжкое, калі няма з волі дапамогі. Ты зьдзейсьніў злачынства і ўвесь час пра яго думаеш. Перажываеш. Тады дужа цяжка без падтрымкі з волі. І мне было цяжка».
Маці палітвязьня: «Перадача — гэта як камунікацыя між людзьмі»
На спатканьне з сынам у магілёўскай калёніі № 15 бацькі палітвязьня Арцёма Пракапенкі прывезьлі садавіну ды гародніну. «Гледзячы на тое, як схуднеў Арцём за апошні час, робіш выснову, што вітамінаў у ежы сапраўды вельмі бракуе», — кажа маці, Віялета Пракапенка.
Your browser doesn’t support HTML5
Спадарыня Віялета мяркуе, што за час пасьля апошняга спатканьня сын страціў недзе кіляграмаў пяць, «нават вымушаны быў кінуць рэгулярныя фізычныя практыкаваньні, бо пачалі балець суставы». Жанчына таксама зазначыла, што ў сына зусім кепска з зубамі.
«Вітамінаў няма круглы год там. Нават часныку ды цыбулі немагчыма купіць. А яшчэ морквы. Чаму, здаецца, не завозіць такую дробязь у калёніі і там прадаваць ім на атаварку? Шмат цыбулі ды часныку не завязеш. Кіляграм я яму перадала. Але ж гэта ўсё хутка скончыцца. Цяпер перадавалі ў асноўным садавіну ды гародніну, бо дзіця ня бачыць ні таго ж гурка, ні памідораў, ні яблыка сьвежага. У іх жа яшчэ гэтая атаварка ідзе першай нацэначнай катэгорыі. Там цэны, як у рэстаране. У яго атаварка на месяц 300 тысяч. Дык чаго ён можа на гэтую суму купіць? Два кіляграмы сыру цьвёрдага, і ўсё».
Маці Арцёма перакананая, што перадача важная як для асуджанага, гэтак і для тых, хто яе зьбірае, а потым перадае. Гэта свайго роду, зазначае яна, камунікацыя між людзьмі, якіх разьвяла турма. Рэдкія спатканьні для асуджаных — асаблівая радасьць. З сынам Пракапенкі старэйшыя прабылі ў калёніі суткі. За гэты час пасьпелі і наплакацца, і нагаварыцца, кажа Віялета Пракапенка:
«Ён прыйшоў на спатканьне ды казаў, што вельмі хваляваўся. Мы таксама хвалюемся перад кожнай сустрэчай. Першая імгненьні спатканьня — вядома ж, сьлёзы. Потым пакарміць. А потым ужо пачынаем пра ўсё гаварыць. Пакуль ён сядзіць, у яго нарадзіліся дзьве пляменьніцы. Ён ведае пра іх, але раней казаў, каб фатаздымкаў іхных не прывозілі яму. Казаў: „Не прывозьце, не хачу. Мяне гэта дужа будзе кранаць, і я буду расстройвацца“. Гэтым разам ужо папрасіў прывезьці яму. Хочацца сыну гэтага ўсяго хатняга».
Наступнага спатканьня з бацькамі Арцёму давядзецца чакаць да студзеня. Сядзець жа яму яшчэ тры з паловай гады. Палова тэрміну ўжо за плячыма. Увесь адседжаны час яго наўмысна, як кажуць бацькі, робяць злосным парушальнікам рэжыму, каб пазбавіць датэрміновага вызваленьня. На такую палёгку Арцём і не спадзяецца.