Улетку на Цэнтральным рынку ў Горадні заўжды людна. У калгасных крамах людзі шукаюць таньнейшага мяса і мясных вырабаў, у крамах малаказаводаў — сьвежых малочных харчоў. А з прылаўкаў тым часам гандлююць сьвежай садавіной і гароднінай са сваіх лецішчаў і гародаў.
Вось спадарыні ўжо выходзяць з рынку і нясуць невялікія пакеты. Цікаўлюся — як там цэны на рынку, ці не кусаюцца?
Your browser doesn’t support HTML5
Спадарыня: «У-у-у, асабліва мяса дарагое. Я толькі туды зайшла, паглядзела — і адразу назад. Ну што, калі звычайны бачок каштуе 75 тысяч...»
Іншая спадарыня: «Ну, дорага, што тут казаць. А мяса найболей падаражэла. Дый наагул усё такое дарагое і недасягальнае...»
Яшчэ адна спадарыня нясе маладую бульбу і таксама незадаволеная цэнамі.
Спадарыня: «Вунь бульба дробная і дагэтуль па 6 тысяч, а там пыталася цану на гуркі, то па 10–12 тысяч. Я лічу, што на ліпень гэта задарагія кошты».
Іншая спадарыня: «Яшчэ гародніна больш-менш, а ўсё астатняе вельмі кусаецца. Цэны на мяса — проста жах. Ведаеце, раней я заўсёды купляла мяса, а цяпер пераходжу на мясарасьлінны фарш і курынае нешта, бо інакш нічога ня купіш...»
А вось спадар далучыўся да нашае размовы і кажа, што ў сталіцы ўсё яшчэ даражэйшае.
Спадар: «У Менску нашмат даражэй, чым у Горадні. Калі ўзяць сьвініну, то тут недзе 100 тысяч, а там — 130. Пячонку тут глядзеў па 30 тысяч, а ў Менску каштуе 60».
Іншы спадар: «Бо гэта ад заробкаў залежыць. Калі ў вас яны большыя... А калі тут у многіх заробак 2 мільёны, то гэтыя цэны вельмі вялікія».
Гляджу на цэньнікі: грэцкая чарэшня — 58 тысяч, нашы лясныя чарніцы за літар — 40 тысяч. Цікаўлюся ў спадарства — ці часта набываюць дзецям дзеля вітамінаў?
Спадар: «Ну, гэта, канечне, вельмі дорага. Чарніц наагул можна ў лесе назьбіраць... Гэта дорага».
Я толькі адзін раз сёлета купляла чарэшню, бо вельмі дорага
Спадарыня: «Я толькі адзін раз сёлета купляла чарэшню, бо вельмі дорага. Дзеці, вядома, яе любяць, але хто яе ня любіць...»
Яшчэ адзін спадар зьвяртае ўвагу на тое, што айчынныя памідоры занадта дарагія — ад 17 да 25 тысяч, а прывазныя гішпанскія амаль удвая таньнейшыя.
Спадар: «У любы супэрмаркет зайдзіце і паглядзіце кошты гішпанскіх. Ну як так можа атрымлівацца, што прывозяць з Гішпаніі — і ўдвая таньней, чым у нас на месцы? Ну хіба так можна жыць? Нам даўно пара мяняць усю палітыку. А мы яшчэ нешта потым кажам пра тое, што валюта адыходзіць за мяжу. А хто яе вывозіць? Нашы супэрмаркеты „Родная старана“, „Родны кут“, а не „Алмі“ і іншыя замежныя».
А яшчэ людзі нагадваюць, што за ростам цэнаў не адбываецца падвышэньня заробкаў. У некаторых заробкі не расьлі па некалькі гадоў.
Спадарыня: «Мой заробак канкрэтна трымаецца на адным месцы, а цэны ўвесь час растуць. От, трохі, бывае, уздыхнем, а потым яны ізноў растуць...»
Спадар: «У мяне два гады заробак не мяняўся, застыў на месцы. Як крызіс пачаўся, тады трохі паднялі, і пасьля гэтага ён застыў на месцы. Але ж гэта палітыка ўсяе дзяржавы...»
Яшчэ адзін спадар кажа: каб людзі не прывозілі на рынак прадаваць гародніну са сваіх гародаў, то наагул бы не было канкурэнцыі і цэны б зрабіліся зусім завоблачнымі.
Спадар: «Ёсьць два выхады: купляць альбо не купляць. Кожны вырашае па сваіх магчымасьцях. Але тады навошта ў нас столькі калгасаў, якія не выконваюць сваіх функцыяў, не зьніжаюць сабекошт прадукцыі? Значыцца, яны нерэнтабэльныя, патрабуюць сучаснай рэарганізацыі і рэформаў...»