Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — стан цяперашняй беларускай сыстэмы аховы здароўя. Усе апошнія гады на вёсцы дзеля эканоміі бюджэтных грошай масава зачыняюцца ФАПы і амбуляторыі. Хворых вяскоўцаў перанакіроўваюць у раённыя паліклінікі: маўляў, там мэдыцына больш якасная. Але ў рэальнасьці, выбраўшыся са сваёй вёскі за дзясяткі кілямэтраў у райцэнтар, хворы часта сутыкаецца з чэргамі, адсутнасьцю адмыслоўцаў, немагчымасьцю атрымаць патрэбную дапамогу. Ня менш праблемаў і ў паліклініках ды шпіталях буйных гарадоў.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Вось які выпадак апісвае наш даўні слухач і аўтар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну. Ён піша:
«Мая вёска, як і багата якія іншыя, „сыходзіць зь яснай явы“. Прасьцей кажучы — вымірае. Старыя людзі хворыя і бяз помачы. Днямі суседка спатыкнулася, упала і зламала руку ў двух месцах. Павезьлі яе ў Акцябрскі да тамтэйшых кастаправаў. Там наклалі гіпс ля галавы — ды так, што шыю яна не магла павярнуць. Давялося ехаць у Шацілкі ў бальніцу. Там зірнулі на здымак, гіпс паклалі новы, правільна, і кажуць: калі б яшчэ дні два той гіпс паляжаў — то болей галавой яна б не крутнула).
От і вер пасьля гэтага дыктатару, калі ён шверкае пра мэдыцыну як пра прыярытэтную галіну. Ведаем мы, хто ў яго ў прыярытэтах. А народу застаецца „сігола жыў — сігола не“. Ці: „Як хвор ды бедзен, сам бяруся лячыць сябе — я чараўнік...“ — і далей па тэксьце.
Чым яшчэ жыве вёска? Зараз, хто можа, сіганулі ў лес — па дзікарослыя. Хто дзеля сквапнасьці, хто зь беднасьці, хто — на штодзённую дозу пойла. Скрабкамі так панішчылі ягаднік, што і ягады перасталі расьці. Шчэ трохі — і зусім саскрабуць. Скупшчыкі бяруць плён цяжкой працы амаль за бесцань, але неабходнасьць многіх прэ ў лес...»
У сваім лісьце Мікалай Бусел таксама выказваецца пра нядаўна выдадзеную кнігу «Лісты на Свабоду». Яшчэ адна цытата з допісу слухача:
«Знайшоў я ў кнізе і некалькі маіх лістоў. І мяркую, што апынуўся ў добрай кампаніі.
Лісты чытачоў — украса любога пэрыёдыка. Я сьпярша дзівіўся і радаваўся, чытаючы і слухаючы гэтыя рубрыкі. Гэта ж колькі разумных людзей ёсьць у нас! Праўда, ня ўсе могуць і хочуць выказваць свае думкі на паперы.
Вы зрабілі добра. Эпісталярны жанр з навалай электронных сродкаў камунікацыі чэзьне і мізарнее, робіцца эфэмэрнай віртуальнасьцю і бязьлітасна выкідваецца пасьля прачытаньня. (Колькі такога дабра пішам мы самі і колькі пішуць нам!) Але напісанае — застаецца. Зь цягам часу такія лісты з аказіянальнай зьявы робяцца гістарычным дакумэнтам, каштоўным сьведкам эпохі.
Зь лістоў уражваюць скаргі на беднасьць. Гэта сьведчыць пра рэальны стан грамадзкага дабрабыту. Зьнешне ён сям-там мо і няблага выглядае: багата аўто, будуюцца катэджы. Але адначасна павялічваецца і расслаеньне на багатых і бедных. Гэта — паганая тэндэнцыя.
Цяжка разьлічваць на якасную і даступную мэдычную дапамогу там, дзе заробак доктара сувымерны з заробкам прыбіральшчыцы ў якім-небудзь банку ці прадавачкі ў гіпэрмаркеце. Сыстэма бясплатнай мэдыцыны ў Беларусі імкліва дэградуе. Асабліва выразна гэта бачна ў вёсцы — як, уласна, і сьведчыць выпадак, пра які расказаў спадар Мікалай. Але і ў буйных гарадах сытуацыя не нашмат лепшая. У якую паліклініку ні зайдзі — даўжэзныя безнадзейныя чэргі, хранічны недахоп пэрсаналу, і як вынік — сваркі, лаянка, нэрвознасьць. Маладыя лекары і мэдсёстры ўцякаюць, ледзь адпрацаваўшы абавязковы тэрмін разьмеркаваньня пасьля ўнівэрсытэту ці мэдвучэльні.
Праўда, на мінулым тыдні прэм’ер Мясьніковіч паабяцаў, што заробкі мэдыкам увосень плянуецца падвысіць на 15–18 працэнтаў. Але наколькі рэальным будзе гэтае падвышэньне, калі ўлічыць, што інфляцыя за апошні год перавысіла 20-працэнтную рысу?
Тэма крытычнага стану, у якім апынулася айчынная сыстэма аховы здароўя, гучыць і ў лісьце нашага даўняга сябра Міхася Габрыэля зь Менску. Спадар Міхась добра знаёмы з рэаліямі беларускай мэдыцыны, бо ня раз сутыкаўся зь імі на ўласным досьведзе. Слухач піша:
«Тыдні два таму давялося лячыцца ў дзённым стацыянары менскай паліклінікі нумар 1. Чаму не ў шпіталі? Бо хуткая дапамога адмаўляе ў накіраваньні ў стацыянар. Ім дадзена ўказаньне такім, як я, хворым аказваць дапамогу толькі дома (кажуць, гэта адбылося пасьля ўмяшаньня нейкага ці то Кузіка, ці то Тузіка). Дык вось, падняўся ў мяне ціск — 230 на 130. Фэльчар і мэдсястра хуткай везьці ў шпіталь адмовіліся. Сказалі: «Вось калі б у вас быў інфаркт...»
Што ж, пайшоў у паліклініку. Участковая доктарка нават на аналізы не накіравала. Назіраючы такія да сябе адносіны, я настаяў на лекаваньні. Выпісала яна мне неабходныя лекі, патраціў я на іх паўмільёна рублёў — і стаў лячыцца.
У памяшканьні на 7 месцаў, дзе ставілі кропельніцы, я заўсёды заводзіў размовы пра эканоміку і палітыку нашых уладаў. Заўважыў адну адметнасьць, якой раней не назіралася. Жанчыны амаль пагалоўна лаюць кіраўніка краіны. Гэта я назіраў і ў паліклініцы, і ў аптэках. У сувязі з чым падумаў: калі жанчыны сталі супрацьстаяць гэтаму рэжыму — значыць, чакай пераменаў. ...Дык вось, палячыўся я — і запатрабаваў вярнуць мне кропельніцы, якія я набываў на ўласныя грошы. Мне адмовілі. Маўляў, мы іх прастэрылізуем і здадзім. Вось як. Яны іх апрацуюць, упакуюць і некаму прададуць. Неблагі бізнэс. А я, можа, хацеў іх выкарыстаць на ўласныя гаспадарчыя патрэбы — гэта ж мая ўласнасьць. Напісаў пра гэта на электронную пошту Міністэрства аховы здароўя. Адказу няма. І, думаю, ня будзе. Бо што яны могуць адказаць на мае простыя пытаньні — пра недаступнасьць шпіталізацыі, пра нізкую кваліфікацыю мэдыкаў? Увогуле, навошта паднімаць заробкі лекарам, якія працуюць у паліклініках? Там жа адны пэнсіянэры, якія толькі і чакаюць, пакуль хабар дасі. Можа, калі б грошай даў — дык і ў стацыянар бы накіравалі?
У нас цяпер суцэльная карупцыя. А галоўны змагар зь ёй маўчыць. Вядома, што яму нашы паліклінікі ды шпіталі. Ён жа ў іх ня лечыцца. У яго і ў ягоных набліжаных — асобны шпіталь, асобныя дактары, не такія, як у простых сьмяротных...«.
Сапраўды, і Лукашэнку, і ўсіх высокапастаўленых чыноўнікаў абслугоўваюць у адмысловым Рэспубліканскім клінічным цэнтры Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта — так званай «лечкамісіі». Там — і новае абсталяваньне, і высокааплатны пэрсанал, і адсутнасьць чэргаў, і камфортныя ўмовы... Такі парадак, калі чыноўная намэнклятура лечыцца асобна ад народа, прыдумалі ў свой час камуністы. Пры Лукашэнку гэтая сыстэма ня толькі захавалася, але і ўдасканалілася. Старых будынкаў «лечкамісіі» ў цэнтры Менску ўжо не хапае: улада зьбіраецца ўзьвесьці новы сучасны комплекс. Натуральна, будавацца і абсталёўвацца ўсё будзе за грошы бюджэту, а вось доступ да якаснай мэдыцыны атрымаюць, як і цяпер, толькі абраныя. Сапраўды, калі б Лукашэнка ды ягоныя міністры стаялі на ўліку ня ў гэтай лечкамісіі, а ў звычайных гарадзкіх паліклініках ды шпіталях — можа, тады б справы ў беларускай мэдыцыне стаялі зусім іначай.
Сярод тых нашых актыўных аўтараў, якія атрымалі ў падарунак кнігу «Лісты на Свабоду», — Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. У сваім новым лісьце спадар Мікалай з нагоды прачытанага піша:
"Цікава, вельмі цікава ўспомніць той час, допісы на Свабоду, розныя займальныя жыцьцёвыя гісторыі... Вось пасядзеў з кнігай — і зараз у задуменьні: а ці будзе надалей існаваць вяшчаньне ў караткахвалевым дыяпазоне? Аналізую стан эфіру на сёньня — і ўсё больш прыходжу да высновы, што шанцаў няшмат. Станцыяў у эфіры ўсё меней. І, пэўна, нашы рэтра-прымачы неўзабаве апынуцца на сьметніку.
Шкада, вядома. Асабіста я з пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя быў неразлучны з прымачамі. Даволі лёгка, упэўнена лавіў розныя станцыі. Але найбольшая ўвага была да расейскамоўнай Свабоды. Дагэтуль памятаю: дыктар Аляксандраў, вядучыя Леанід Пылаеў, Галіна Руч’ёва...Так, гэта была вялікая эпоха, час! Для мяне яны незабыўныя.
Беларуская Свабода стала ўзьнікла ў маім жыцьці напрыканцы 80-х, калі зьніклі глушылкі. Паступова стаў слухаць поўны час вяшчаньня. Слухаю і дагэтуль. Горача і надалей вітаю вашу працу! Будзьма разам на кароткіх хвалях і ў будучыні!
Фармат вяшчаньня задавальняе. Асабліва ўважлівы я да эканамічнай інфармацыі, да бягучых палітычных навінаў...
А ці памятаеце вы, спадар Жданко, такую абвестку з расейскамоўнай Свабоды 60-х гадоў: «А сейчас послушайте песенку «Крылечко» в исполнении Пылаева і Ручьёвой в сопровождении оркестра Радио Свобода...«? Гэтулькі гадоў мінула — а словы гэтыя дагэтуль у вушах».
Ня памятаю я гэтых словаў, спадар Мікалай, бо ў 60-я гады слухаў вечарамі пераважна матчыны калыханкі над сваёй калыскай. Але цалкам разумею вашы адчуваньні і ўспаміны. У той час, ва ўмовах жалезнай заслоны і непадзельнага панаваньня афіцыйнай прапаганды, свабоднае слова для многіх і многіх людзей у Савецкім Саюзе значыла вельмі шмат. Асабліва на вёсцы, дзе ў 60-я гады і тэлевізар быў яшчэ далёка ня ў кожнай хаце, і разумную кнігу было знайсьці зусім ня лёгка...
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».
Эфір 9 ліпеня 2014 году