«Я стараюся сябе ніколі не вызначаць. Бывае, патэлефануюць з Радыё Свабода ці Белсату ці іншых СМІ з просьбай нешта пракамэнтаваць, а потым пытаюцца, як мяне прадстаўляць? Я сьмяюся, што тэлефануеце ж чамусьці мне з той ці іншай нагоды, то прадстаўляйце, па якім фармаце я вам падыходжу.
Вось калі я змагаюся за права на свабоду выравызнаньня, то як хто я гэта раблю? Як юрыст? Так, я раблю гэта як юрыст, таму што права — гэта права. Раблю гэта таксама як і багаслоў.
Правы чалавека ў царкве цяпер зьяўляюцца важнай рэччу, якую трэба актуалізаваць. А ў праваслаўнай царкве, магчыма, сацыяльнае вучэньне бачыць правы чалавека як нешта такое чужое для праваслаўя. А я, зыходзячы з працаў розных багасловаў, са сваіх уласных разважаньняў, лічу, што праваслаўная царква павінна цяпер выступаць за правы чалавека, заступацца за ўсіх, чыю годнасьць прыніжаюць. І гэта неабходная задача.
Царква не павінна заклікаць дзяржаву як нейкага арбітра ў міжрэлігійных дыскусіях. Для царквы важна сьведчыць ня толькі пра Хрыста, але і пра праўду штодзённага жыцьця. Таму што вельмі часта за словамі пра Бога царква хаваецца ад жыцьця штодзённага.
Для мяне сумяшчальна быць абаронцай правоў вернікаў і верніцай. Гэта непадзельна нават. Мне ня будзе сэнсу хадзіць у царкву і маліцца, калі я ня буду гэтыя правы адстойваць.
Абарона правоў пачынаецца тады, калі ты разумееш, што трэба абараніць іншага чалавека, у тым ліку ад самога сябе. Кожны чалавек стараецца дамінаваць і ад гэтага нікуды не падзецца. Кожны чалавек эгаістычны і вось гэтае змаганьне — гэта нават аскетычная практыка. Прыняць іншага нават калі ён, можа, табе не сымпатычны.
Некаторыя герархі праваслаўныя, сьвятары маюць да мяне нейкія прэтэнзіі, у тым ліку за маю праваабарончую дзейнасьць, таму што гэтая дзейнасьць на дадзены момант ім падаецца адступленьнем ад праваслаўя, абаронай інтарэсаў іншых канфэсій.
Сталкеры Свабоды
У дэмакратычным асяродку праваслаўная царква мае нэгатыўны імідж як царква, якая ніколі не заступаецца за праўду, якая знаходзіцца на баку амапаўцаў з дручкамі, асьвячае іх харугвы і да таго падобнае і ніколі не знаходзіцца на баку тых людзей, якія змагаюцца за свабоду, тых, якія размаўляюць па-беларуску, тых, якіх звальняюць, якія вымушаныя зьяжджаць з краіны — людзей, у якіх ёсьць маральны компас. І гэтыя людзі бачаць, што ён не сынхронны з компасам праваслаўнай царквы. І для мяне важна зьмяніць урэшце і меркаваньне герархаў. Не на сваю асобу — ерэтычка ці не ерэтычка я, — а падыход увогуле да пытаньня, якая місія царквы ў грамадзтве.
Можа гэта так амбітна даволі, але вось гэтыя маленькія дзеяньні заўсёды прыводзяць да нейкага выніку. Магчыма, для гэтага патрэбны больш доўгі час.
Раней як мы думалі? Трэба хутчэй заняць асноўную пазыцыю ў дзяржаве, прэзыдэнцкую, і тады ўжо мы зажывем, тады ўсё зьменіцца... Але ўсе зьмены пачынаюцца зьнізу. І толькі так мы калі-небудзь дойдзем да той Беларусі, да якой мы спрабуем дайсьці па гэтых маральных компасах. І толькі такая Беларусь нам будзе патрэбная, а ня тая, у якой зьявіцца беларускамоўны дыктатар, які тут усіх прымусіць размаўляць па беларуску ці прымусіць усіх быць свабоднымі. Нельга прымусіць усіх быць свабоднымі».