Віцебскі апазыцыянэр апавёў «Свабодзе», што Сьледчы камітэт так і не вярнуў яму мабільны тэлефон, забраны пасьля затрыманьні 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. Аднак па распачатай сьледчымі справе вышуку «Мірона» яго больш не турбуюць.
Барыс Хамайда па-ранейшаму выходзіць у цэнтар Віцебску і распаўсюджвае незалежную прэсу каля так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна. Там яго можна сустрэць штодня. А вось наконт іншых сродкаў камунікацыі — ёсьць праблемы, гаворыць актывіст:
«Мне дагэтуль не аддалі мабільны тэлефон, які 24 сакавіка ў Чыгуначным РАУС у мяне забраў чалавек у форменнай куртцы з надпісам „Сьледчы камітэт“. Ён зьявіўся ў пастарунак неўзабаве пасьля таго, як нас з Аляксандрам Салаўянам туды прывезьлі. Тэлефон ён пры мне разабраў на часткі, а потым забраў з сабой, не пакінуўшы ніякіх дакумэнтаў. Што цяпер робяць з апаратам, я ня ведаю. Можа, вывучаюць, каму я тэлефанаваў, і хто размаўляў са мной... Але мой тэлефонны нумар ужо перадалі іншай асобе, таму зьвязацца са мной цяпер могуць далёка ня ўсе».
Нічога Барыс Хамайда ня ведае і пра лёс рэчаў, забраных зь ягонай кватэры падчас агляду, на якім не было сьведак. Прысутнічалі толькі міліцыянты, адзін зь іх усё здымаў на відэакамеру. Такі самы агляд быў праведзены і ў прыватнай хаце Аляксандра Салаўяна. Абодвух дзеля сьледчых дзеяньняў забіралі з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе яны адбывалі суткі арышту.
«Нас з Салаўянам затрымалі 24 сакавіка ў пасёлку Руба пад Віцебскам. Падобна, за намі вялося сачэньне, бо затрымлівалі нас «амапаўцы», якія спачатку назіралі здалёк за нашай сустрэчай. Нас, двух пэнсыянэраў, гэтыя хлопцы паклалі на зямлю, адзін з іх нават пагражаў мяне застрэліць, і нешта прыстаўляў да патыліцы ззаду — я ня мог бачыць, што... Але потым у судзе яны сказалі, што гэта мы ім не падпарадкоўваліся, адмовіліся назвацца і гэтак далей. Судзьдзя Алена Цыганкова пастанавіла даць на па трое сутак арышту. І ўжо туды, у ІЧУ, да мяне прыходзіў сьледчы і пытаўся, хто з нас «Мірон».
Паводле зьвестак Барыса Хамайды, якраз у дзень іхнага затрыманьня 24 сакавіка прадпрыемства «Віцебскэнэрга» ініцыявала адміністрацыйную справу супраць легендарнай асобы за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў на электрычныя драты. Гэта актывісту патлумачыў сьледчы. Аднак невядома, ці прасунулася справа вышуку легендарнага «Мірона», здольнага вывешваць нацыянальныя сьцягі ў самых цяжка даступных месцах. Барыс Хамайда гаворыць, што ні яго, ні Аляксандра Салаўяна а гэтай справе не турбуюць ужо тры месяцы, але і забраных рэчаў — бел-чырвона-белых сьцягоў, шаліка і стужкі — дасюль не аддалі.