Статыстыкі чамусьці не называюць канкрэтнай сумы рэальных заробкаў. А вось сярэдні налічаны заробак прыводзіцца — 6055,9 тысячы рублёў. Але з гэтай сумы яшчэ трэба выключыць падаткі.
Найболей у траўні зараблялі будаўнікі — 8 мільёнаў. У прамысловасьці сярэдні заробак складаў 6,5 мільёна, у сельскай гаспадарцы — 4,5 мільёна. Сярэдні заробак настаўніка быў каля 5 мільёнаў, лекара — болей за 7 мільёнаў.
Эканаміст Леў Марголін так пракамэнтаваў Свабодзе паведамленьне Белстату:
«Рост на 1,1% — гэта мізэрнае падвышэньне. Яно наагул знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасьці. Але нават калі такі рост і ёсьць сапраўды, то ён дасягаецца пераважна за кошт скарачэньня працоўных месцаў. Каго звычайна скарачаюць? Людзей зь нізкай кваліфікацыяй і, адпаведна, малымі заробкамі. За іх кошт моцнай прыбаўкі ня зробіш.
Па-другое, калі ў краіне такая высокая інфляцыя, то яна павінна хоць неяк кампэнсавацца. І рост цэнаў крышачку кампэнсуецца невялікім ростам заробкаў.
Па-трэцяе, сур’ёзнага падвышэньня заробкаў быць проста ня можа. Каб мець дадатковыя грошы, трэба прадаць вырабленыя тавары. А колькасьць прадукцыі на складах не зьмяншаецца, а павялічваецца.
Тое, што ў Беларусі лідэры па заробках — будаўнікі, мне зразумела. Будаўнікі патрэбныя ня толькі нам, але і нашым суседзям, найперш у Расеі. Таму заробкі будаўнікоў вымушана падтрымліваюць на больш-менш канкурэнтным роўні.
І галоўнае — прыкметаў сур’ёзнага падвышэньня заробкаў у Беларусі ня бачна. Няма рэформаў, няма і пэрспэктываў. Пакуль улады абыходзяцца такімі, я б сказаў, тэхнічнымі справамі».