Да князя Альгерда прыставілі ахову

Міліцыянты каля помніка Альгерду

Каля помніка вялікаму князю літоўскаму, які маюць афіцыйна адкрыць 27 чэрвеня ў Віцебску, круглыя суткі дзяжураць міліцыянты.

Дзяжураць па двое, у форме, не хаваючыся. Цікаўным распавядаюць пра цяжкі лёс помніка князю Альгерду — маўляў, зьбіраліся паставіць ужо чатыры гады, ды ўсё ніяк. А факт аховы тлумачаць тым, што конную скульптуру «можа і ня скрадуць, але расьпішуць непрыгожымі словамі». Бо «ў інтэрнэце выступаюць нейкія людзі, якія супраць помніка. Бо, Альгерд, яны лічаць, праліваў кроў на Беларусі».

Вартаваць помнік загадана круглыя суткі, бо відэакамэраў для назіраньня тут няма. Ахоўнікі не стаяць на месцы, яны патрулююць бліжэйшую тэрыторыю і зьмяняюцца кожныя 8 гадзін.

Дагэтуль у Віцебску так пільна ахоўвалі толькі адзін аб’ект — гарадзкую навагоднюю ёлку, пасьля таго як віцебскі актывіст КХП БНФ вывесіў на ёй бел-чырвона-белы сьцяг. Але гэтым разам, падобна, небясьпекі чакаюць не ад апазыцыйных актывістаў, якія толькі віталі ўсталяваньне помніка князю Альгерду. Асьцярогі, што можа здарыцца акт вандалізму, зьвязаныя з прарасейска настроенымі асобамі, як яны сябе называюць, «прадстаўнікамі грамадзкасьці Віцебску», якія пішуць лісты пратэсту супраць усталяваньня помніка ва ўсе магчымыя інстанцыі.

Апошні раз, ужо трэці па ліку, яны зьвярнуліся да «гісторыка і кіраўніка дзяржавы» Аляксандра Лукашэнкі, зноў заявіўшы, што гэты помнік абражае пачуцьці праваслаўных вернікаў і ўсіх, хто лічыць, што расейскі народ беларусам братні. Бо князь Альгерд, на думку аўтараў ліста, — гэта вораг Расеі. А віцебскія чыноўнікі, якія самі выказалі ініцыятыву ўсталяваць помнік віцебскаму князю, толькі марнуюць дзяржаўныя грошы і празьмерна дэманструюць «прыхільнасьць да Эўропы». Дасталося ад «віцебскіх прадстаўнікоў грамадзкасьці» і навукоўцам, якія «імкнуцца перапісаць гісторыю з пункту гледжаньня Сапегаў і Радзівілаў».

Помнік Альгерду ў Віцебску