Нафта і калій — надзея на невялікі прырост беларускага ВУП

Экспэрты дасьледчага цэнтру ІПМ супольна зь Нямецкай эканамічнай групай у Беларусі прагназуюць невялікі пад’ём беларускай эканомікі за кошт росту ВУП.
Згодна зь іхнім прагнозам, беларуская эканоміка ў 2014 годзе можа вырасьці на 2,1%, а ў 2015 годзе рост ВУП можа паскорыцца да 3%.

Дырэктар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык патлумачыў Радыё Свабода, што мінімальнае нарошчваньне ВУП можа быць магчымым за кошт аслабленьня эфэкту нэгатыўных для беларускай эканомікі вонкавых шокаў, зьвязаных найперш са спыненьнем экспарту растваральнікаў у 2012 годзе і спадам экспарту калійных угнаеньняў у 2013 годзе.

«

Аляксандар Чубрык

Існуе некалькі чыньнікаў, дзякуючы якім будзе расьці ВУП у гэтым годзе. Самы галоўны зь іх — тое, што летась эканоміка Беларусі вельмі істотна пацярпела ад адмоўных вонкавых шокаў, выкліканых спыненьнем экспарту растваральнікаў і змазачных матэрыялаў у 2012 годзе і зьмяншэньнем аб’ёму экспарту калійных угнаеньняў у 2013-м. Атрымліваецца, што ў гэтым годзе эфэкт ад растваральнікаў сябе вычарпаў, і разам з тым зьявіліся добрыя пэрспэктывы для экспарту калійных угнаеньняў (так, „Беларуськалій“ плянуе ў гэтым годзе экспартаваць каля 4,5 мільёна тон калійных угнаеньняў). Таксама станоўчы для эканомікі фактар — тое, што Расея абяцала нам 23 мільёны тон нафтапрадуктаў. Для параўнаньня, у мінулым годзе было менш за 21 мільён тон. Такім чынам, дзякуючы нафтаваму і калійнаму чыньніку будуць забясьпечаныя некалькі працэнтаў прыросту ВУП», — адзначыў эканаміст.

Яшчэ адзін фактар, які таксама ўплывае на рост ВУП, — скарачэньне імпарту на фоне павелічэньня ўнутранага попыту.

«Апошнім часам вельмі істотна запаволіўся, нават амаль зьнік рост унутранага попыту, гэта моцна адбіваецца на імпарце. Таму цяпер на дзяржаўным узроўні адбываецца скарачэньне імпарту, што спрыяльна для беларускага ВУП. Такім чынам, ёсьць некалькі крыніцаў — нафта, калій і скарачэньне імпарту, — якія ствараюць спрыяльную сытуацыю для росту эканомікі», — сказаў Аляксандар Чубрык.

Што да вонкавага попыту на беларускія тавары, не зьвязаныя з нафтай і каліем, то тут, паводле экспэрта, сытуацыя выглядае вельмі кепска.

«
Праз стагнацыю ў Расеі наш экспарт тавараў, не зьвязаных з нафтай і каліем, скарачаецца і будзе працягваць скарачацца
Праз стагнацыю ў Расеі наш экспарт тавараў, не зьвязаных з нафтай і каліем, скарачаецца і будзе працягваць скарачацца, што адмоўна паўплывае на дынаміку ВУП у гэтым годзе і ня дасьць яму магчымасьці вырасьці больш як на 3%», — лічыць эканаміст.

З-за неабходнасьці скарачаць імпарт Менгарвыканкам 19 чэрвеня загадаў беларускім крамам і аб’ектам грамадзкага харчаваньня павялічыць удзельную вагу тавараў айчыннай вытворчасьці — да 85%. Аднак Аляксандар Чубрык лічыць, што, па-першае, пакуль рана ацэньваць гэтую заяву, калі яна не аформленая як пастанова ці ўказ, а па-другое — такія захады ніколі ня могуць быць эфэктыўнымі, бо толькі ствараюць дадатковы ажыятаж вакол некаторых тавараў.

«Такія ініцыятывы зьяўляюцца праз тое, што, нягледзячы на скарачэньне імпарту, на валютным рынку складаная сытуацыя. Узьнікае жаданьне скараціць імпарт яшчэ больш. Але мы ўжо пабачылі ў 2011 годзе, што адміністрацыйныя захады дзеля скарачэньня імпарту толькі падвышаюць нэрвовасьць эканамічных агентаў і не прыводзяць да станоўчых вынікаў. Я лічу, што на памылках 2011 году беларуская ўлада мусіла засвоіць, што такія захады неэфэктыўныя. І хацелася б верыць, што гэтым разам такія ідэі ня пройдуць», — сказаў экспэрт.

Скептычна ацэньвае эканаміст і ідэю ўладаў пераарыентаваць каля дзясятка дзяржаўных заводаў выключна на экспарт прадукцыі.

«Звычайна такія праекты ў сусьветнай гісторыі завяршаюцца правалам. Бо дзяржава нягнуткая і няхутка рэагуе на зьмены рынкавай каньюнктуры. Я ня думаю, што такія ідэі выжывуць, бо тут узьнікае пытаньне сур’ёзнага фінансаваньня, а ў дзяржавы цяпер няма грошай на дадатковыя праекты для гэтых заводаў, якія невядома калі могуць акупіцца».