Беларускія звароты: дзядзька Янка ці таварыш маёр?

Беларускія формы зваротаў

Сьцісла:

  • Унівэрсальныя звароты — спадар/спадарыня. Гэта ўнікальна беларускія словы. Але маем і формы пан/пані.
  • Тэрміналягічная камісія ТБМ у 1997 г. выдала „Вайсковы слоўнік“ для арміі незалежнай Беларусі, дзе абавязкова прагучыць: Вітаем спадара палкоўніка!
  • Сябра гістарычна азначала і „супольніка“, і „ўдзельніка“. Сябра Рады БНР. Жаночая форма — сябра/сяброўка. Ня „член“!
  • Дзядзька — пашанотны зварот да старэйшага. Да Купалы зьвярталіся дзядзька Янка.
  • Яшчэ мы мелі традыцыйныя ягомасьць, васпан і васпаня, вашаць. Прычым дзеяслоў пры іх у адзіночным ліку: Як Ваша кажаш?
  • Як зьвяртацца да дзяцей і падлеткаў? Толькі не „рабяты“!
  • Дзеці! Дзяўчаткі і хлопчыкі! (калі малыя) Дзяўчаты і хлопцы!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЖЫВАЯ МОВА: ПАН ЦI CПАДАР?

Пра дылему «спадар ці пан» вычарпальна выказаўся насьветлай памяці Юрась Бушлякоў — на карысьць спадара, спадарыні, спадарства. Аргумэнты ягоныя (як і Яна Станкевіча, што адрадзіў гэты зварот у 1-й палове XX ст.) — цалкам пераканаўчыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ян Станкевіч. Rescue Ranger беларускае мовы

Абодва словы беларускія і з глыбокай гісторыяй, аднак спадар, адрозна ад пана, — унікальна беларускае слова, нацыянальны маркер. Фіксуецца з XVI ст., ёсьць нават у Статуце ВКЛ, а таксама ў Баркулабаўскай хроніцы, у кітабах беларускіх татараў. А галоўнае — жывая практыка апошніх трох дзесяцігодзьдзяў замацавала зварот спадар, у тым ліку ў слоўніках, незваротна (выбачаюся за калямбур).

СПАДАР спалучаецца з прозьвішчам (спадар Луцкевіч), або з тытулам/назвай пасады (спадар настаўнік, спадар неадменны сакратар), або — пры бліжэйшых дачыненьнях са старэйшым чалавекам — з імем (спадар Хведар). У апошнім выпадку часткова адапавядае расейскаму звароту імем ды імем па бацьку.

Дарэчы, хацелася б, каб наш сёмы склон — клічны, які і служыць зьвяртаньню, — спакваля вяртаўся і ў гэтую сфэру: спадару Івашкевічу, спадару Яне.

Спадар лейтэнант, дазвольце зьвярнуцца да таварыша маёра

Станіслаў Суднік

Многія заўважылі, як на інаўгурацыі П. Парашэнкі да яго зьвярталіся вайскаводы: Товаришу Президенте!

Гэты эпізод мне нагадаў мне песьню Э. Ханка і Р. Сакалоўскага «Товарищ Президент, настанет тот момент», а ва Ўкраіне ажывіў дыскусію пра вайсковы зварот. У статутах украінскай арміі з пачатку 90-х былі зацьверджаныя абодва варыянты — товаришу і пане — і паступова пад ціскам настальгічна-савецкіх колаў пан з 2005 г. быў адпраўлены ў запас. Але ў 2018 годзе вярнуўся.

Тэрміналягічная камісія ТБМ у 1997 г. выдала «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» падпалкоўніка Станіслава Судніка і старэйшага лейтэнанта Сержука Чыслава. Там прапаноўваецца без варыянтаў: Здравия желаем, товарищ полковник! — Вітаем спадара палкоўніка!

Натуральна, прыхільнікі таварыша маёра знойдуць іншыя слоўнікі, нібыта ёсьць практыка беларускамоўнай каманды ў роце ганаровай варты. У 2010 годзе — пад ціскам салдатаў, якія дамагаліся права служыць па-беларуску — нарэшце выйшлі «Агульнавоінскія статуты Ўзброеных Сіл Рэспублік Беларусь» у перакладзе Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук накладам 350 асобнікаў.

Рота Ганаровай варты МУС

Вайсковая тэрміналёгія патрабуе асобнай гаворкі, скажу толькі, што ў тых Статутах і «смірна», і «воінскі». Там і «каравул» — а варта чамусьці толькі ганаровая.
Закладзены ў статуты і «таварыш». Але, на маю думку, ён моцна зросься з палітычнай показкай «...товарищу майору ваша шутка понравилась».

Малюнак Васі Ложкіна

Зьвяртацца да вайскоўцаў ці міліцыянтаў з словам спадар зусім натуральна — прынамсі ня іхным падначаленым. Сьведчу, што не пярэчаць.

Mr — p. — M. — г-н — Hr. — Sr. — ?

У ліставаньні на ўсіх мовах бывае патрэбна скарачаць зварот — накшталт Mr (= Mister), Mrs (= колішняе Mistress), г-н (= господин), г-жа (= госпожа). Вось жа давялося бачыць разасланыя з пэўнай амбасады запрашэньні на афіцыйнае прыняцьце — па-беларуску, што добра. Але на агортках (капэртах) адрасат у давальным склоне (каму?) пазначаўся гэтак:
с-ру Н. Н.

Думаю, амбасадныя сакратаркі (хутчэй за ўсё нашыя грамадзянкі) доўга ня думаючы скалькавалі расейскія скароты «г-ну». На жаль, досьвед няўдалы. (Зрэшты, у гішпанскай Sr. гэта señor, а Sra. гэта señor­a.)

Натуральна, беларускія скароты маюць быць іншыя:


хто — сп. Варонка
каму — сп. Варонку — ува ўсіх склонах.
хто — сп-ня Войцікава
каму — сп-ні Войцікавай — мяняецца залежна ад склону.

Акрамя спадара і спадарыні, пана і пані, маем вялікі выбар іншых ветлівых зваротаў.

Сяргей Башлыкевіч. Песьня-прысьвячэньне „дзядзьку Рыгору“

ДЗЯДЗЬКА

— акрамя абазначэньня сваяцтва, яшчэ можа быць і пашанотным зваротам да старэйшага паважанага чалавека, асабліва духоўна блізкага. І, вядома, які цэніць беларускія народныя традыцыі. Малодшыя пісьменьнікі так зьвярталіся да Купалы — дзядзька Янка. Ён не пярэчыў. Як не пярэчыў і дзядзька Рыгор — Рыгор Барадулін, чалавек зь іншага рэгіёну Беларусі. Магчымае аналягічнае ўжываньне слова цётка (хаця Ларысу Геніюш людзі майго пакаленьня, што езьдзілі да яе, кансьпіратыўна называлі бабуля).

Слова ўжываецца ў нефармальных дачыненьнях паміж раўналеткамі: Слухай, дзядзька, пазыч мільён да Вялікадня, — ды ў такім значэньні прыблізна адпавядае расейскаму старик.

Рыгор Барадулін

СЯБРА/СЯБАР

Характэрнае слова беларускае літаратурнае мовы (хаця ў дыялектах шмат якіх славянскіх моваў ёсьць роднасныя). Украінцы нас так называюць агулам. Літоўскае sėbras ’сябрук’ — запазычаньне зь беларускай.

Іван Насовіч у 1870 годзе фіксуе для слова сябръ два значэньні — ’родственникъ, братъ’ і ’сотоварищъ’. У другім значэньні слова замацавалася ў літаратурнай мове ХХ ст., у тым ліку як зварот: Шаноўныя сябры!

Адно з старадаўніх значэньняў слова сябар — саўдзельнік сябрыны́ («арцелі»), кампаньён, супольнік. У гаворках і цяпер жывуць словы сяброўскія пчолы ’супольныя пчолы двух гаспадароў’; сябраваць ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’. Адсюль лягічна вынікае значэньне ’ўдзельнік арганізацыі’, напрыклад: сябра Рады БНР. Жаночая форма — сяброўка. Адпаведна ў афіцыйных зваротах міжсобку — слова мае сябра Яновіч.

Канкрэтнае значэньне слова сябра лёгка вынікае з кантэксту. Але пры перакладах здараюцца анэкдоты. У 90-я гады ў перакладзеным на расейскую тэксьце зь мяне былі зрабілі «друга БНФ».

Сябры Ўраду БНР

У расейскай гэтага няма

Акрамя звыклага вы і згаданых мінулым разам спасылка вашэці ды ягамосьці, у народнай традыцыі дагэтуль жыве цэлы набор пашанотных асабовых зваротаў да суразмоўцы. Прычым гэтыя словы (адрозна ад займеньніка вы) патрабуюць дзеяслова ў адзіночным ліку:


ВА́ША, -ы: Сваволіш Ваша. Худа Ваша кажаш. Гэта не для Вашы. Вашу завуць да пакою.
ВАСПА́Н (і ва́спан), -па́на: Васпану ўсё роўна — ці сяньня, ці заўтра. Васпан ня тое кажаш.
ВАСПА́НЯ (або васпані): Васпаню прасілі ў госьці. Гэта не для Васпані.
(Прыклады з слоўніка Насовіча 1870 г.)

Камэдыя Каятана Марашэўскага

Задоўга да Насовіча, у канцы XVIII ст., Каятан Марашэўскі напісаў знакамітую двумоўную «Камэдыю», дзе многія пэрсанажы гавораць жывой тагачаснай беларускай мовай. Вось сцэна, дзе Чорт спакушае Селяніна маўчаць:
Ч о р т. Ня вытрымаеш вось, каб на працягу адной гадзіны нічога не сказаць і ня піснуць.
Ж ы д. Гэта праўда, што васпан дабрадзей мувіс.
С е л я н і н. Ідзі проч, сьмярдзюх! Я не выцерплю, калі табе ў морду ня дам. А што маўчаць, безь цябе патрафлю.
Сцэна з «Камэдыі»

Зваротаў ВАСПАННА (да дзяўчыны) нямала ў Купалавай «Паўлінцы».
П а ў л і н к а (як бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.
А д о л ь ф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
П а ў л і н к а. Значыцца, будзем гуляць пад язык.

Зь цягам часу са словамі Васпан і падобнымі сталі ўжываць форму 3-й асобы. Колас, «Новая зямля»: «Ну, што нам васпан сказаць мае? — Наказ прынёс я да васпана! Наказ такі, каб заўтра зрана Твой брат Антось шоў да адбору...»


Ян Станкевіч дадае да гэтага шэрагу словы САМ, САМА, САМІ:
Калi зварачаюцца не да бацькоў або iншых старшых сваiх, дык ужываецца «самi»: «Як самi маецеся?», «Добра самi кажаце», «Куды самi iдзяце?», i г. д. Гэты-ж займеньнiк «сам, сама» ставiцца i ў адзiночным лiку, што дае адценьне большае пашаны, чымся «ты»: «Як сам маесься?», «Добра сама кажаш», «Куды сам iдзеш?» i г. д.

Якая гэта часьціна мовы? Калі дзеяслоў пры такіх словах у форме 2-й асобы (кажаш, мовіш, прыслухоўвайся) — значыць, перад намі бясспрэчна займеньнікі 2-й асобы (дакладней, pluralis maiestatis — «множнага шаноўнага» ліку). Іх няма ў афіцыйных граматыках, дзе толькі я-ты-ён-яна-яно-мы-вы-яны. Мо таму, што падобных няма ў расейскай? Літоўцы, скажам, маюць аналягічныя звароты і адпаведна багацейшую на займеньнікі школьную ды акадэмічную граматыку.

Мы не рабы, рабы ня мы

А як зьвяртацца да дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі?
І дзяржаўнае Беларускае радыё ў дзіцячых перадачах, і часта-густа настаўніцкі цэх не мудруючы кажуць:

— Рабяты!

Шасьцітамовы акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1980) падае на слова рабяты апакаліптычны прыклад: «Больш чым 900 тысяч беларускіх рабят носяць чырвоныя гальштукі».


У беларускай мове да слова рабяты формы адзіночнага ліку няма, што сьведчыць: яно жыўцом узята з расейскай мовы (ребёнок — ребята). Этымалёгія слова — ад старажытнага ўсходнеславянскага робъ, якое адпавядае стараславянскаму рабъ і азначае тое самае. Робенокъ, робята (адкуль цяперашнія расейскія ребёнок, ребята) — гэта літаральна «дзеці рабоў». Настаўнікі, не называйце так нашых дзяцей.

Як жа іх называць?

Па-першае — проста дзеці.
Па-другое — дзяўчаткі і хлопчыкі, калі малыя. Калі большыя — дзяўчаты і хлопцы.
Менавіта ў такім парадку — як ladies and gentlemen ці Damen und Herren ці спадарыні й спадары.
І правільна казаць у множным ліку — дзяўчаты (адна дзяўчына), дзяўчаткі (адна дзяўчынка). Зноў жа Юрась Бушлякоў нагадвае: словы «дзяўчынкі» і «дзяўчыны» ўжываюцца, але толькі ў спалучэньнях зь лічэбнікамі дзьве, тры, чатыры: дзьве дзяўчыны, чатыры дзяўчынкі.

Дзяўчаткі

На жаль, савецкія слоўнікі блыталі людзей, утвараючы ад слова дзяўчынка множную форму дзяўчынкі. Нарэшце ў 1996 годзе Тлумачальны слоўнік зафіксаваў лікавую па́ру дзяўчынка — дзяўчаткі, якая цалкам адпавядае народнаму канону.