Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тату, тату, лезе чорт у хату!


У некага больш газу, а ў нас больш склонаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:07 0:00
Наўпроставы лінк

У некага больш газу, а ў нас больш склонаў

У некага больш газу, а ў нас больш склонаў. Піша Вінцук Вячорка

Пішучы тут раней пра звароты, я выказаў спадзеў, што вернецца ў чынны ўжытак наш сёмы склон — клічны: спада́ру Івашкевіч, спада́ру Яне. Чытачы папрасілі распавесьці болей. Юрась Бушлякоў у «Жывой мове» на хвалях і старонках «Свабоды» ўжо казаў быў пра патэнцыял клічнага склону, пералічыў асноўныя правілы яго ўтварэньня.

ЧЫТАЙЦЕ: ЖЫВАЯ МОВА ЮРАСЯ БУШЛЯКОВА

Таму я нешта толькі нагадаю, а нешта і дадам — пра гістарычны, дыялектны і міжмоўны кантэкст. Клічны склон — умоўна кажучы, сёмы склон назоўніка. Чаму ўмоўна — бо склонаў можна налічыць і болей, чым школьных шэсьць (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны), але пра тое ніжэй і пазьней. У клясычнай беларускай школьнай і навуковай традыцыі (Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Лёсік, Ян Станкевіч і г. д.) сем склонаў.

Клічны склон і Брутаў штылет

Клічны склон — неад’емны складнік граматыкі клясычных індаэўрапейскіх моваў. Усе ведаюць, як уражаны быў Гай Юліюс Цэзар, пабачыўшы, што сярод ягоных забойцаў шчыруе і Брут (у назоўным склоне па-лацінску Brutus), блізкага сябра. Паводле легенды, Цэзар выбраў момант паміж штылетавымі ўдарамі й выгукнуў:

Et tu, Brute?!,

ужыўшы клічны склон. На беларускую гэты вокліч засмучэньня здрадаю сябра перакладаем таксама з клічным:

І ты, Бруце?!

Лацінская і беларуская формы вельмі падобныя, бо абедзьве мовы маюць супольныя старажытныя індаэўрапейскія карані.

Клічны склон як паўнавартасная частка граматыкі назоўніка ёсьць у суседніх украінскай (пане президенте!), польскай (panie prezydencie!), літоўскай (pone prezidente!) мовах, зь якімі нашую мову яднаюць шмат якія рысы.

У беларускай літаратурнай мове гэты склон мае асобнае аблічча ў назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку з асновай на зычны гук (сват — сваце!, князь — княжа!). У іншых выпадках клічны формаю супадае з назоўным (мама! сябры!).

У старабеларускай мове клічны склон квітнеў: Пане-лебедзю, ня бі ты мяне! Сыну мілы, едзь да Галілеі! І пры зьвяртаньні да неадушаўлёных рэчаў таксама: Сьвяты доме!

У беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя, мова якой утваралася на аснове жывых гаворак, клічны склон зусім натуральны. Прыклад — знакаміты верш, падпісаны Паўлюком Багрымам (гэта 1-я палова XIX ст.):

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачку, і ў цымбалы,

А я зайграю ў дуду,

Бо ў Крашыне жыць не буду.

Бо ў Крашыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача:

«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?.»

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!

Пайду ў сьвет, у бездарожжа,

У ваўкалака абярнуся,

З шчасьцем на вас азірнуся. (...)

Ой, кажане, кажане!

Чаму ж ня сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс.

5. Клічны склон.«Беларускі правапіс» Язэпа Лёсіка вытрымаў 8 выданьняў і заклаў асновы чуцьця літаратурнае мовы для цэлага пакаленьня. Цытую выданьне восьмае, выпраўленае; Менск, Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва, 1929. Наклад 50 тыс. асобнікаў уражвае.

ПРАВІЛА 30.

У значэньні клічнага склону часта ўжываецца назоўны склон: Паслухай, братка! Годзе маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты! Гніся, кум, ня гніся, а каля кішэні павярніся! У іменьнях жаночага і ніякага роду клічны склон заўсёды аднолькавы з назоўным, напр.: Літва, родная зямелька! Жальцеся, звонкія струны! О, поле, поле, хто цябе ўсеяў мёртвымі касьцямі?

Клічны склон мае свае асобныя канчаткі толькі ў іменьнях мужч. роду.

А) У клічным склоне іменьнікі мужч. роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: 1) у—ю, 2) е—а.

1. Канчатак у маюць:

а) іменьнікі з асноваю на к: братку, галубочку, дубочку, коніку, лябедзіку, хлопчыку, чалавечку, сынку, дзядзьку і інш.

б) іменьнікі з асноваю на зацьвярдзелыя гукі — ж, ш, ч, р: мужу, вужу, пісару, гаспадару, бору, яшчару, Лукашу і інш.

Канчатак ю маюць усе іменьнікі з мяккай асновай (з мяккім зычыным перад канчаткам) і з канчаткам й (ёт) у назоўным склоне: коню, прыяцелю, селезьню, кавалю, краю, гаю, гультаю, дабрадзею, пакою, караваю і інш.

2. а) Канчатак е маюць усе іншыя іменьнікі з цьвёрдаю асноваю: браце, Іване, голубе, дубе, Паўле, родзе, суседзе, Сямёне, саколе, абедзе, гаросе (і — гароша).

б) Але некаторыя іменьнікі заместа е (а часам і поплеч з е) маюць канчатак у: сыну (Бачыш, сыну мой, як гаруема; бачыш, сыне мой, як працуема), дзеду, духу, тату, люду, дубу (і — дубе), свату (і — сваце).

в) Калі аснова канчаецца на -г, к, х, ц, то гэтыя гукі ў клічным склоне зьмяняюцца на -ж, ш, ч, і тады заместа е будзе канчатак а: друг — дружа, луг — лужа, чалавек — чалавеча, казак — казача, воўк — воўча, айцец — ойча, хлопец — хлопча, купец — купча.

Б) У множным ліку клічны склон ад іменьнікаў мужч. роду мае канчатак -ове: мужове, сватове, людкове, швагрове, братове, сынове і інш.

Практыкаваньне 42. Сьпісаць і клічныя формы падчыркнуць.

Барысе, Барысе, сам бараніся! Языча, языча! ці ліха цябе мыча: ва мне сядзіш, а мне дабра ня зычыш. (...) Станьма, Ясю, начаваць, агонь сіні раскладаць! Ой, воўча, сядзі моўча! На табе, нябожа, што мне ня згожа. Мой мілы пакою, добра мне з табою! Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой, Дунаю, Дунаю! як-жа нам да пазваць цябе? (...) Квіта, пане Мікіта! Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай...

У Лёсікавай сыстэматызацыі хіба што формы на -ове (братове) не зусім клічны склон, а рэшткі старога множнага ліку. (Параўнай «Браты! Да шчасьця мы падходзім!» у нашым нацыянальным гімне «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».) А рэшта ня надта страціла актуальнасьці.

Расейская мова

У расейскай мове стары традыцыйны клічны склон з шэрагу прычынаў зьнік яшчэ ў XVI ст., застаўшыся толькі ў царкоўнаславянскіх формулах і рэдкіх, часьцей зьвязаных з царквою, застылых выразах (Господи, Боже, отче). З інэрцыі, а таксама пад уплывам царкоўнаславяншчыны, у расейскіх граматыках да канца XIX ст. звательный падеж апісваўся, але потым зьнік і адтуль.

Быў аспрэчаны сам статус клічнага як склону; расейскія мовазнаўцы сьцьвярджалі, што паколькі такія формы ў сказе ізаляваныя, не зьвязаныя зь іншымі словамі, то і склонам іх лічыць нельга. Але іншыя лінгвісты, не расейскія, падкрэсьліваюць, што клічная форма перадае адносіны названага ёю аб’екту да выказваньня ў цэлым, а значыць, яна ёсьць адным са склонаў.

Патрэба мець адмысловую форму для звароту ў расейскай мове засталася. І там зьявіліся вось такія «новыя клічныя» формы:

Вань, Лен, Петь, Вить, Тань, Зинк, мам, пап і нават бабушк.

Уладзімер Высоцкі сьпяваў з пазнавальным вымаўленьнем калісьці заселенай беларусамі маскоўскай Мяшчанскай слабады:

Ты, Зин, на грубость нарываисси...

Форма Зин і падобныя, магчыма, утварыліся дзякуючы пашыранай у расейскай мове зьяве рэдукцыі галосных (гэта калі галосны гук не пад націскам скарачаецца і нават «зьядаецца»: напр., усім вядомае на слых расейскае вымаўленьне [млако] «молоко»). Хаця такія формы вядомыя крайняму ўсходу беларускамоўнага абшару, усё ж яны — набытак расейскае мовы на ўсім яе прасьцягу. У беларускай літаратурнай мове ім ня месца.

Нацдэмаўскае, гэта значыць народнае

Яшчэ ў праекце правапісу Беларускае Акадэміі Навук 1930 г. клічны склон быў належна апісаны. Але пасьля трагічных для беларускага мовазнаўства падзеяў пачатку 30-х гадоў і моўнай рэформы 1933 году клічны склон у абавязковых для БССР граматыках паступова маргіналізуюць.

Прыежджы навуковец Цімафей Ламцёў, кіраўнік аўтарскага калектыву акадэмічнай «Беларускай граматыкі» 1936 г., у прадмове да яе разгромна піша:

«Граматыкі Лёсіка і Багдановіча не маюць нічога агульнага з навуковымі мэтамі і з’яўляюцца нацдэмаўскімі, контррэволюцыйнымі. Такім чынам, наша граматыка з’яўляецца першай спробай і праграмай далейшага даследавання беларускай літаратурнай мовы».

Склонаў тут ужо толькі шэсьць. Але, відаць, не выпадала цалкам ігнараваць жывы моўны матэрыял, і клічны склон (у асноўным пад назваю клічнае формы) усё ж каротка апісваецца: «Лукашу, гаспадару, Змітру, сынку і г. д. (...) чалавек — чалавеча, друг — дружа, Цімох — Цімосе (...) Падобныя формы клічнага склона даволі пашыраны ў беларускіх дыялектах, што знаходзіць свой адбітак у літаратурнай мове, асабліва мастацкай». З таго моманту клічнага склону ў школьных падручніках Беларускай ССР больш не было, няма і дагэтуль.

Але дыялекталягічныя дасьледаваньні пасьляваеннае пары пацьвярджаюць: клічны склон у гаворках на большай частцы Беларусі жывы.

Дыялекталягічны атляс беларускае мовы. 1963. Мапа «Клічная форма назоўнікаў мужчынскага роду»
Дыялекталягічны атляс беларускае мовы. 1963. Мапа «Клічная форма назоўнікаў мужчынскага роду»

Тым ня менш і ў пасьляваенных афіцыйных граматыках яго выводзяць па-за межы нормы: «Пад уплывам народных гаворак у мастацкай літаратуры, асабліва першай палавіны ХХ стагоддзя, шырока ўжываліся формы клічнага склону назоўнікаў, якія ў наш час не з’яўляюццца літаратурнай нормай» (акадэмічная «Граматыка беларускай мовы» 1962 г.). Але пасьля гэтае камуфляжнае прадмовы аўтары сфармулявалі правіла зь 9 пунктаў, як утвараецца клічны склон розных назоўнікаў, а мы тут падамо спрошчаную таблічку:

заканчваецца на:

канчатак

прыклады

цьвёрдыя зычныя, -ў

народзе, беларусе, сыне, Вацлаве

-р, -ж, таксама дзед

звана́ру, ву́жу, дзеду

-(ч)а

хлопча, малойча, старча

(-ік, -ык, -ак)

хлопчыку, каханку, паночку

-г, -к, таксама князь

-(ж)а, -(ч)а

дружа, чалавеча, воўча, казача; княжа

мяккія зычныя

коню, ягамосьцю, Міхасю, Антосю, гаю, краю, дабрадзею

Янка Станкевіч у сваёй фундамэнтальнай працы «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» (1305 старонак, больш як 60 тыс. артыкулаў, выйшаў у 1990 г. у Нью-Ёрку пасьля сьмерці аўтара) палічыў прынцыповым даць канчаткі клічнага склону для многіх назоўнікаў мужчынскага роду, Напр.: каўзун ’катающийся по льду; ездящий по коленям ребенок’ будзе мець клічны склон каўзу́н. І нават неадушаўлёных: каўнер — каўнеру, бо раптам каму спатрэбіцца да таго каўняра зьвярнуцца.

Заўважма, што націск у клічным склоне падае на аснову: каўне́ру, спада́ру.

Жывое

У галаве кожнага з нас поўна прыкладаў клічнага склону. Нават тыя, хто ня рос у атачэньні жывой народнай мовы, чулі народныя казкі. Вось «Коцік, пеўнік і лісіца» у апрацаваньні А. Якімовіча. Певень жаласна і марна кліча сябра:

Коце, браце,

мяне ліска нясе

у высокія горы,

у глыбокія норы,

па барах, па карчах,

аж бярэ мяне страх!

Кожны, нават расейскамоўны беларус, прыпомніць мноства сталых выразаў: Папаўся, жучку, у панскую ручку; крылатыя цытаты зь літаратуры, у тым ліку і школьнага рэпэртуару: Краю мой родны! Як выкляты Богам — Столькі ты зносіш нядолі (Багдановіч); народныя песьні:

Ой, дубе мой, дубе,

Кучаравы дубе,

Ой, на табе, дубе,

Два голубы гудзе...

Дарэчы, яшчэ пра песьні. Акрамя формы коню, ёсьць яшчэ асаблівая, даверлівая, песенная форма звароту да каня —

Ой, косю мой, косю,

чаму ж ты ня весел,

чаму ж ты, мой косю,

галовачку зьвесіў?..

Сваю любімую песьню сьпявае Ўладзімер Караткевіч.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Наўпроставы лінк

Тату, тату, лезе чорт у хату!

Што да назоўнікаў жаночага роду, то асобны клічны склон для іх зьбярогся ў Беларусі там, дзе няма поўнага аканьня, г. зн. захоўваецца вымаўленьне о не пад націскам: мамо, Валё, дочко.

Гэта паўднёва-заходняя Беларусь:

Дыялекталягічны атляс беларускае мовы. 1963. Мапа «Клічная форма назоўнікаў жаночага роду»
Дыялекталягічны атляс беларускае мовы. 1963. Мапа «Клічная форма назоўнікаў жаночага роду»

У тых гаворках зьвернуцца і да мужчыны: старшыно, дзядзюхно, бацюхно, зяцюхно. А таксама тату, дзядзьку, бацьку (гэта Піншчына, але ня толькі).

Сярод значных пасьляваенных пісьменьнікаў ужываў такія формы ўсходні паляшук Іван Мележ.

Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Нахіліўшыся больш над калодзежам, прытрымліваючы рукой вочап, каб не вагаўся, стала глядзець уніз, чакаць, калі вада супакоіцца. Яна хацела, мусіць, паглядзецца ў ваду, але з хаты раптам пачуўся нездаволены крык: Ганно-о! Дзе ты, нячыстая сіла?!. Я — зараз!.. Нясу ўжэ!..

Іван Мележ. Людзі на балоце

Пішучы афіцыйны ліст, непазьбежна задумваемся, што рабіць, калі звароты нанізваюцца адзін на адзін. Ці ставім у клічным склоне толькі першы назоўнік, ці ўсе? Вось жа абодва варыянты прымальныя, а будучыня пакажа, які пераважыць:

Спадару дацэнт

і

Спадару дацэнце

Багацьце склонаў

Клічны склон — не адзіная адметная рыса і сьведчаньне багацьця граматыкі беларускага назоўніка (у параўнаньні з расейскаю моваю). Маем праявы так званага частковага склону, які перадае значэньне ня толькі матэрыяльнай часткі нечага (папіў вады), але і часовасьці. Дай алоўка! — г. зн. дай на час, вярну. (А дай аловак — назусім, не вярну.) Ёсьць яны і ў жывой мове, і ў клясычнай літаратуры:

П а л а н е я (да Даміцэлі). Я думала, што маю куму і суседку дарэчную. Прыляціць, бывала: пазыч рэшата, пазыч чапялы! Усё давала, а яна вунь якія падступкі мне робіць. Мужа роднага адбівае!

Янка Купала. Прымакі

І, вядома, у фальклёры:

Малая ночка Купаліначка — Нашы хлопцы ня выспаліся, За валамі ідуць, хліпаючы, Хвастамі вочы праціраючы. Быцю, быцю, пазыч хваста — Працерці вочы пасля ночы.

Купальская песьня Палескі (Крастунова), Лунінецкі р-н

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG