Дзе дамова пра Эўразійскі саюз на беларускай мове?

Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Ўладзімер Пуцін на падпісаньні дамовы пра Эўразійскі саюз

Тэкст дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу на беларускай мове дагэтуль не апублікаваны.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Гэтая дамова была падпісана прэзыдэнтамі Беларусі, Казахстану і Расеі 29 траўня ў Астане і павінна ўступіць у сілу 1 студзеня 2015 году.

Адказваючы на пытаньне, дзе можна пачытаць тэкст дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу на беларускай мове, прэс-сакратар Эўразійскай эканамічнай камісіі Станіслаў Зуеў апавёў карэспандэнту Свабоды:

«Бакі-падпісанты — тры дзяржавы. Калі рыхтавалі гэтую дамову, беларускі і казахстанскі бакі вырашылі, што будуць перакладаць гэты тэкст на беларускую і казахскую мовы. Я мяркую, што дамова і яе пераклад на беларускую мову калі павінны зьявіцца, то павінны зьявіцца ў першую чаргу на сайтах адміністрацыяў прэзыдэнтаў. Я ведаю, што на расейскай мове на сайце адміністрацыі прэзыдэнта ён зьявіўся. У мяне пыталіся расейскія журналісты напярэдадні, і я ім такую даведку даваў. Па беларускім варыянце пакуль нічога вам сказаць не магу. Напэўна, варта пашукаць на сайце прэзыдэнта Беларусі».

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі сказалі, што дамова пакуль знаходзіцца ў Эўразійскай эканамічнай камісіі, якая стане дэпазытарыем і будзе накіроўваць бакам тэкст гэтай дамовы.

Прадстаўнік дагаворна-прававога ўпраўленьня МЗС Беларусі Аляксей Панфёраў сказаў, што дамова на беларускай мове пакуль не апублікавана, бо «гэта павінен рабіць дэпазытарый — Эўразійская камісія». Ён адзначыў, што тэкст дамовы на беларускай мове існуе і што дамова падпісвалася на беларускай мове.

— Пасьля падпісаньня дэпазытарый вядзе працу па зьверцы тэкстаў, ухіленьні розных тэхнічных памылак, раптам там недзе літары прапушчаныя. А потым на трох мовах публікуе гэтую дамову. То бок на гэта яшчэ пэўны час спатрэбіцца. У тым ліку і мы цяпер займаемся, глядзім, наколькі тэкст адпавядае. Бо дамова вельмі важная, і яна павінна быць адпрацаваная ад пачатку і да канца.

— А на расейскай мове ён ужо апублікаваны?

— Не. Любая публікацыя, калі вам могуць трапіць нейкія дакумэнты ў рабочым парадку, — гэта не дамова. Усім займаецца дэпазытарый — Эўразійская эканамічная камісія. Толькі яна можа публікаваць. А тое, што там могуць знайсьці нейкія ўрыўкі, — гэты тэкст не адпавядае сапраўднасьці.

— То бок тэкст павінны апублікаваць адразу на трох мовах?

— Гэта залежыць ад дэпазытарыя, бо яшчэ ж ёсьць казахстанскі бок, і ў яго таксама могуць быць нейкія свае пытаньні. Бо яшчэ і на казаскай мове дамова падпісвалася. То бок на беларускай мове дамова ёсьць, але афіцыйна яна яшчэ не апублікаваная. Гэта больш ужо функцыя дэпазытарыя.
У беларускім МЗС мяркуюць, што для публікацыі тэксту дамовы на беларускай мове можа спатрэбіцца каля месяца, бо сама «дамова няпростая і толькі нашага тэксту там больш за 900 старонак».

Афіцыйна было заяўлена, што дамова падпісаная на трох мовах. Аднак і на казаскай мове тэкст дамовы пакуль нідзе не зьяўляўся. Адмыслоўцы мяркуюць, што ў тэкст маглі ўносіць зьмены ў апошні момант, таму ён дагэтуль не гатовы.

У Казахстане ўсе законы рыхтуюцца пераважна на расейскай мове і потым перакладаюцца на казаскую.

Беларускія дыпляматы адзначаюць, што мова дамовы звычайна прапісваецца ў самой дамове. І ад гэтага залежыць, на якой мове яна рыхтуецца.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык расказаў карэспандэнту Свабоды, што, да прыкладу, некаторыя з дамоваў з Італьянскай рэспублікай былі на беларускай і італьянскай мовах, а некаторыя — на расейскай і італьянскай мовах.

«Усе пратакольныя пасланьні ад імя кіраўніка дзяржавы і кіраўніцтва МЗС рыхтуюцца на беларускай мове. Дарэчы, з 1 ліпеня, я спадзяюся, стартуе паўнавартасная беларускамоўная вэрсія сайта МЗС. Цяпер над гэтым ідзе праца».