Прэзэнтацыя «Календара Бахарэвіча»

У менскай галерэі «Ў» — прэзэнтацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча «Каляндар Бахарэвіча» зь «Бібліятэкі Свабоды». Кнігу склалі 366 эсэ пра гістарычныя падзеі кожнага дня году.

Уступнае слова Аляксандра Лукашука

Электронны варыянт кнігі


Гэтая кніга стваралася ў Гамбургу і Менску, Уроцлаве і Вісбю, у цягніках і гатэлях, на выспах і вуліцах, яна рухалася наперад няўхільна, быццам стрэлка гадзіньніка, і пісалася, як мастацкае палатно, каб урэшце загучаць, як музыка.

Яе героі — час, бог і чалавек. Яе рэчыва — боль, абсурд і іронія. Дзень, калі Чэ Гевара ўпершыню меў прыступ астмы, дзень, калі Майрынк перадумаў страляцца, дзень, калі Борхес ударыўся галавой ад аконную раму, Дзень Волі і Дзень, які мог не надысьці... Усё гэта — цяпер пад адной вокладкай.

«Каляндар Бахарэвіча» — трэцяя кніга аўтара, выдадзеная ў «Бібліятэцы Свабоды». 366 эсэ пра падзеі, асобы і факты гісторыі сьвету, абраных аўтарам на сваю рызыку і свой асабісты густ. Рэкамэндуецца для любога ўзросту, пажыцьцёвых зьняволеньняў і палётаў на Марс.

«Каляндар Бахарэвіча» сёньня прэзэнтуюць шырокай публіцы. З удзелам Аляксандра Л., Альгерда Б., жыхароў гораду М. і некаторых іншых пэрсанажаў кнігі.


20:07 Прэзэнтацыя скончаная

20:00 З залі пытаюцца, ці валодае Альгерд нямецкай мовай?

Альгерд: «Валодаю. Я пражыў у Нямеччыне 7 гадоў. Але ўжо год як я вярнуўся ў Менск і нямецкую мову пачаў забываць. Затое вельмі добра згадаў беларускую».

Іншае пытаньне: «Ці можна гэтую кнігу перакласьці на іншыя мовы?»

Альгерд: «Канечне, можна. Але гэта запатрабуе даволі значных камэнтароў. Тут шмат пра Беларусь. І шмат такога, што зразумеем толькі мы з вамі».

Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Міколы Статкевіча, пытаецца, ці загадзя Альгерд абіраў падзеі для сваіх тэкстаў?

Альгерд: «Адзіным крытэрам адбору быў мой густ і мае ўпадабаньні ў гісторыі і літаратуры. Я дзякую Аляксандру Лукашуку за ідэю, але на ўвасабленьне яе ён даў мне поўную свабоду. Папярэджваю ўсіх чытачоў гэтай кнігі, што гісторыю па ёй вучыць нельга.Тут ёсьць сумнеўныя гістарычныя канструкцыі».

Пытаньне ад хлопца: «Вы ўжо выдалі „Мэдычную энцыкляпэдыю“, а цяпер „Каляндар“. Можа, ёсьць і яшчэ нейкая сфэра, у якой вы хочаце выступіць?»

Альгерд: «Я на Радыё Свабода цяпер вяду «Цуды і дзівосы Беларусі» — выступаю ў ролі штукара. Але сфэра такая ёсьць — гэта кулінарыя. Я шмат гатую і хачу напісаць такую кнігу кшталту «Сто рэцэптаў ад Бахарэвіча».

Хлопец з залі: «У якім стане цяпер беларуская літаратура?»

Альгерд: «У вельмі добрым стане. Ня тое каб росквіт, але цалкам нармальнае існаваньне жывога арганізму. Ня горшая нашая літаратура за любую эўрапейскую ці амэрыканскую. У нас ёсьць аўтары эўрапейскага ўзроўню. Той жа Ігар Бабкоў, які атрымаў прэмію Гедройца. Я нашай літаратурай ганаруся. Але ня трэба патрабаваць ад літаратуры, каб яна кожны год выдавала па шэдэўры. І 20-50 файных аўтараў ня трэба патрабаваць. Іх заўжды мала.

Мы ў журы прэміі Гедройца атрымалі каля 50 кніг, а шорт-ліст сфармаваць было вельмі цяжка. Мы абралі 12 кніг, зь якіх 10 былі неблагія. Гэта вельмі добры вынік.

Кожны з нас можа напісаць сваю гісторыю. Мая гісторыя вось такая — балючая. Магчыма, у кагосьці яна была б больш сьветлая. Я пісаў гэтую кнігу ў розных умовах. У Гамбургу, ва Ўроцлаве, на высьпе Готланд, у Менску. Я прыехаў у Менск, думаючы, што на некалькі дзён, а застаўся. І страшэнна гэтаму рады».

19:50 Аляксандар Лукашук: «Гэта такі вядомы факт, што каб нечага дасягнуць, трэба ўкласьці ў гэта 10 тысяч гадзінаў працы. Тое, што рабіў Альгерд — гэта клясычная праца. Так працавалі ад Вінды да Бітлз. А як чытач я скажу: ад некаторых тэкстаў сьлёзы наварочваюцца. Як, напрыклад, Альгерд напісаў пра ГУЛАГ...»

Па просьбе Аляксандра Лукашука Альгерд Бахарэвіч чытае тэкст пра рэфэрэндум у Беларусі 1995 году.

19:45 Альгерд прапанаваў публіцы задаваць пытаньні. Першае задаў рэдактар 34ag.net Антон Кашлікаў: «Пісаць адзін тэкст у дзень — гэта пісьменьніцкі подзьвіг. Як знаходзіліся сілы пісаць кожны дзень? І ці былі зрывы?

Альгерд: «Я лічу сябе прафэсійным літаратарам, і таму мушу спакойна гэта рабіць. Я да такой працы падрыхтаваны. Мне было цікава працаваць. Ёьць у кнізе прахадныя тэксты, ёсьць слабыя, але і тыя, за якія мне ня сорамна».

Спадар з залі: «Ці вы згодныя зь меркаваньнем, што пісьменьнік — закладнік свайго народа?»

Альгерд: «Напэўна так. Ніякага гонару за свой народ я не адчуваю. Хацелася б часам застацца аднаму і пісаць для сябе. А вось гэтая кніга атрымалася для народа. Калі б я пісаў для сябе, яна б атрымалася нечытэльная, як я сам люблю».

19:40 Альгерд абвясьціў конкурс: аўтар чытае кавалак з тэкста «Календара», а публіка адказвае, пра якую асобу вядзецца гаворка. Першы ўрывак быў прысьвечаны Боні і Клайду. Адказ з залі прагучаў адразу.

У якасьці прыза Альгерд прэзэнтаваў кнігу.

19:35 Альгерд Бахарэвіч прапанаваў публіцы пагуляцца з кнігай у старую гульню «старонка-радок»: хтосьці называе старонку і радок, а Альгерд па іх прадказвае будучыню.

19:20 Альгерд Бахарэвіч дзякуе «бібліятэкару Свабоды» Аляксандру Лукашуку, Сяргею Шупу, мастаку Генадзю Мацуру.

Галоўныя героі гэтай кнігі — Бог, чалавек і час. Рэчывы, зь якіх пісалася гэтая кніга — абсурд, боль і іронія, — кажа Альгерд Бахарэвіч.

Да паказальніка імёнаў я паставіўся па-творчаму, — працягвае свой аповед пра кнігу Альгерд Бахарэвіч. — Тут ёсьць «Людзі», «Начальнікі», зусім мала месца займае разьдзел пад назвай «Героі», і апошні разьдзел «Душагубы». А сьпіс марсіянаў я вам з задавальненьнем прачытаю: Хорхе Люіс Борхес, Бунюэль, Людміла Гурчанка, Сальвадор Далі, Джэймс Джойс, Карлсан з даху...

Гімн Беларусі быў не адзінай музыкальнай паўзай. У перапынках паміж выступамі гучаць музычныя кавалкі. Зараз гэта Шастаковіч.

19:15 Пасьля адкрыцьця прэзэнтацыі Альгерд Бахарэвіч зладзіў невялікі пэрформанс: прымусіў прысутных выслухаць запіс дзяржаўнага гімну БССР «Мы, беларусы». Сам Бахарэвіч пры гэтым сядзеў за сталом, склаўшы рукі і ўважліва слухаў гімн. Ніводзін з прысутных не падняўся зь месца. Калі гімн скончыўся, людзі запляскалі ў ладкі.

19:10 Прэзэнтацыю кнігі Альгерда Бахарэвіча «Каляндар Бахарэвіча» распачалі дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і сам аўтар — Альгерд Бахарэвіч.

«У гэтыя дні Радыё адзначае сваё шасьцідзесяцігодьдзе ў тым ліку і новай кнігай у сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Гэтая кніга не падобная ані на што, бо кнігі такой шырыні, вышыні і даўжыні ніколі ў нас не выходзіла (тут Аляксандар Лукашук прадэманстраваў экзэмпляр кнігі, якая мае вялікі фармат).

«Ня кожны цэзар, ня кожны народ, ня кожнае племя мае свой каляндар. А Альгерд мае», — завяршыў свой выступ Аляксандар Лукашук.

У залі сабралася каля чатырох дзясяткаў чалавек.