Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беражыце пальцы


Прадмова Аляксандра Лукашука да кнігі «Каляндар Бахарэвіча».

Пасьля сканчэньня часу на зямлі душы чытачоў, як вядома, трапляюць на экзамэн па беларускай літаратуры ў чысьцец. Прагульваў урокі белліту — глыні кіпучай смалы, пісала ў Фэйсбуку на роднай мове — калі ласка, амброзія-марозія. Але нацыя хранічных троечнікаў думае праскочыць на шармака. Ну-ну.

Канечне, не зьвяры там працуюць, і надзея ёсьць. Вы нават трымаеце яе ў руках.

Сalendarium па-лацінску азначае даўгавую кнігу — трэба ўносіць працэнты за пазыку.

Альгерд Бахарэвіч уносіць працэнты за ўсіх, каму вырываюць зуб з анэстэзіяй, бо піша пра яе вынаходніка (хто забыўся — Горас Уэлс, чый партрэт мусіць вісець ва ўсіх стаматалягічных кабінэтах сьвету). Хоць ніхто з сотні расстраляных ня вернецца з праклятай менскай ночы на 30 кастрычніка 1937-га, ад яго нэкралёгу па Савецкім Саюзе адтае вечная мерзлата ГУЛАГу; ён згадвае фантаста Айзэка Азімава не за тое, што зямляк і аўтар бэстсэлераў, а за тое, што той ведаў, дзе кнопка, якая ўключае ў чалавеку чалавека.

Матэрыял, зь якога зроблены гэты каляндар, называцца вечная памяць. Нарэзаную на 366 порцый, яе падаюць з адмыслова прыгатаванымі ілюстрацыямі. Таямнічая DeLez, чый бязьлітасны пэндзаль працуе на адваротным баку дабра і часу, ператварае нават непісьменных грэшнікаў у экзарцыстаў, і так яны ўваходзяць у выратавальнае кола, вузкае, як зьмяя, і мудрае, як яе бойфрэнд.

Юльянскі каляндар стварыў Гай Юлі Цэзар, грыгарыянскі — Папа рымскі Грыгор 13, ісламскі — прарок Мухамад, старажытнагрэцкі — Салон. Нават па гамбурскім рахунку аўтар у неблагой кампаніі. Кітайскі каляндар вынайшлі, напэўна, кітайцы, але каму канкрэтна належыць копірайт, маўчаць ня толькі мэдычныя энцыкляпэдыі, якія любіць пісаць Бахарэвіч. Будзем лічыць, што народ.

Гэты каляндар — таксама народны, у тым сэнсе, што яго можна вешаць, як люстраны шар у дыскатэках і рэстаранах — там гуляе з агнём Нэрон, апрануты як зорка беларускай эстрады, там адкрываецца першая грамадзкая прыбіральня ў Эўропе (хоць у Лёндане, але гэта пра Менск — «У горадзе, які прэтэндуе на тое, каб звацца адной з эўрапейскіх сталіцаў, мусіць быць мала паліцэйскіх і шмат грамадзкіх прыбіральняў»), там імпэратар адмаўляецца ад статусу бога, і ня важна, што ён японскі — важна, што адмаўляецца.

Багі, зь веданьнем справы паведамляе аўтар, любяць гуляць у словы. Калі гэты люстраны шар бразнуць аб падлогу, ён выбухне і разьляціцца на 172 366 цацак (столькі ў ім словаў) — гуляйцеся, толькі беражыце пальцы. Яны патрэбныя, каб трымаць і гартаць каляндар і, магчыма, стварыць сваю асабістую даўгавую кнігу — кожны мае права на вечнасьць.

І калі на апошнім экзамэне на чалавечнасьць анёлы спытаюць, а ці ведаеце вы?.. — вы будзеце ведаць.
Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG