Жыхар Славянску: «Правы сэктар» — гэта Бабай, якім усіх пужаюць, але ніхто яго ня бачыў

Колькі праўды ў навінах расейскіх тэлеканалаў пра падзеі ў акупаваным сэпаратыстамі Славянску? Якое стаўленьне тамтэйшых жыхароў да прарасейскага курсу? Ці трэба баяцца «Правага сэктару»?
На гэтыя ды іншыя пытаньні пра сытуацыю ва ўкраінскім горадзе Славянску беларускай службе Радыё Свабода адказаў мясцовы жыхар Ігар.

Спадар Ігар жыве ў Славянску ў мікрараёне «Маладзёжны». Гэта спальны раён, адтуль відаць гара Карачун, якую ўтрымліваюць украінскія войскі.

— Ці страляюць у вашым раёне?

— Так, у панядзелак была страляніна, у аўторак была страляніна. Траплялі па школе, пэдінстытуце... Я сам жанчыну бачыў забітую ў двары. Ёй у сьпіну аскепак трапіў...

Тут ніжэй спальнага раёну ідуць кар’еры. Адтуль і вялася страляніна па ўкраінскіх вайскоўцах.

— А якія ў вас здагадкі, хто страляе па спальным раёне?

— Я спрабаваў назіраць за гэтым. Я ня бачыў успышак на Карачуне, хоць гэты пагорак вельмі добра праглядаецца. Рваліся міны... Калібр невялікі — дзесьці да 120 мілімэтраў. Каб зь мінамёта трапіць, патрэбныя прыстрэлачныя стрэлы. А іх не было...

І гэта не артылерыя біла, а мінамёты, таму што вельмі шмат аскепкаў...

Маю досыць сьлізкую інфармацыю, таму што ніхто ж ня хоча дакладна сказаць, што гэтыя абстрэлы ня толькі ўкраінцы робяць. Але і апалчэнцы адмыслова абстрэльваюць кварталы мірных жыхароў, каб была нейкая «карцінка»...

— Ці выяжджаюць людзі са Славянску, баючыся абстрэлаў?

—Так, баяцца, выяжджаюць. У суседні Сьвятагорск, напрыклад... Выехаць, у прынцыпе, можна з гораду без праблемаў. Я ў аўторак выяжджаў у Сьвятагорск (прыблізна 30 кілямэтраў ад Славянску). Два блёкпасты праехалі: адзін — апалчэнцаў, другі — нацгвардыі. Апалчэнцы глядзяць прапіску ў пашпартах, а нацгвардзеец проста зазірнуў у наш рэйсавы аўтобус і, не правяраючы, адпусьціў далей. Кіроўца яшчэ папытаўся ў яго, ці зможа назад вярнуцца. Вайсковец сказаў, што, канечне, да 21 гадзіны можна.

Учора дачка мая выехала з Славянску ў Сьвятагорск таксама без праблемаў.

Я працую ў Сьвятагорску, тут бясьпечна, вайскоўцаў ці апалчэнцаў няма.

— Ці можаце пацьвердзіць, што на баку сэпаратыстаў ваююць чачэнцы, ці бачылі іх? І ці шмат там немясцовых увогуле?

— Так, ёсьць мясцовыя, ёсьць і немясцовыя... Іх можна адрозьніць нават па экіпіроўцы. Мясцовыя бедненька экіпаваныя ў асноўным, а прыежджыя — лепей. Дый нават калі ходзяць па горадзе з аўтаматамі, то чуваць гаворка немясцовая — расейская. Наконт чачэнцаў дакладна не магу сказаць, хоць аднаго я бачыў яўна каўкаскай зьнешнасьці. Але гледзячы на ўзбраеньне — зразумела, што бязь ведама расейскіх спэцслужбаў тут няма нікога.
Гледзячы на ўзбраеньне — зразумела, што бязь ведама расейскіх спэцслужбаў тут няма нікога

— Як працуюць розныя ўстановы ў горадзе, школы, дзіцячыя сады?

— Нічога не працуе. Школы ўжо скончылі навучальны год, нават выпускных ня ладзілі. Дзіцячыя садкі таксама не працуюць. Крамы часткова працуюць, часткова зачыненыя. Як толькі пачынаецца абстрэл, адразу зачыняюцца. Але практычна ўсё ў крамах можна набыць, ніякіх чэргаў няма.

— А як адбілася закрыцьцё «Прыватбанку» на жыхарах Славянску?

— Пэрыядычна завозяць грошы ў банкаматы, у тым ліку і «Прыватбанку». Цяпер гэтай праблемы ўжо няма.

— Ці бываюць выпадкі марадэрства?

— Наконт крамаў ня ведаю, гэта ж ня будуць афішаваць. Але машыны, дакладна ведаю, забіраюць. Нядаўна нават апалчэнцы абвясьцілі, што быццам дваіх расстралялі камандзіраў за марадэрства... Разумееце ж, публіка там вельмі розная, але са зброяй... Ня ўсе людзі са зброяй там адэкватныя...

— А якое ваша асабістае меркаваньне наконт таго, што адбываецца? Дзе б вы хацелі жыць — у ДНР, Расеі ці ва Ўкраіне?

— Я адназначна хачу жыць ва Ўкраіне. Дый людзі ўжо пакрысе пачынаюць разумець, што нічога добрага з гэтага ня будзе. ДНР — гэта «рэспубліка», якая асуджана, яна доўга не праіснуе. Усе гэтыя размовы, што гавораць пра прамысловасьць, што запусьцяць вытворчасьць — гэта ўсё лухта. Таму што людзі, якія там кіруюць, яны слаба сабе ўяўляюць, што такое запусьціць прадпрыемствы. Акрамя сыравіны, абсталяваньня, патрэбныя яшчэ і людзі, калектыў. А па-другое, як яны зьбіраюцца гэта ўсё прадаць? Куды? У Расею? Дык яна ня купіць, бо трэба ж правесьці ўсе мытныя працэдуры, стварыць адпаведныя органы. Проста прывезьці на мяжу і прадаць — так жа не атрымаецца.

Я лічу, што толькі ва Ўкраіне наша будучыня. Расея, зразумела ж, нас далучаць ня будзе. А з чаго пачыналася? З усіх гэтых крыкаў за рэфэрэндум, калі думалі што пасьля рэфэрэндуму далучацца да Расеі, як той Крым. Асабліва актыўна крычалі пэнсіянэры, бо мелі спадзяваньне атрымліваць вышэйшую пэнсію. Такі чыста мэркантыльны інтарэс... Цяпер яны разгубленыя. Што далей рабіць, я думаю, ніхто ня ведае. Пуцін захоўвае маўчаньне, і гэта іх добра выцьверазіла.
Ды ўжо разьбягаюцца часам баевікі, прычым не шараговыя, а камандзіры. Час ад часу іх адлоўліваюць украінскія сілавікі
Ды ўжо разьбягаюцца часам баевікі, прычым не шараговыя, а камандзіры. Час ад часу іх адлоўліваюць украінскія сілавікі.

— А на колькі гэта ўсё зацягнецца, на ваш погляд?

— Я думаю, што да інаўгурацыі Парашэнкі тут актыўных дзеяньняў ня будзе. Думаю, што актыўная фаза пачнецца пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта.

— Ці самі не баіцеся гэтай зачысткі гораду, баявых дзеяньняў, калі яны пачнуцца?

— Вядома, мяркую выехаць і сям’ю вывезьці. Вайна гэта ёсьць вайна, калі пачнуцца баі, лепей, вядома, зьехаць. Кулі ж не разьбіраюць, дзе вайсковец, дзе цывільны.

— Ваша стаўленьне да «Правага сэктару»? Ці баіцеся «нашэсьця бандэраўцаў»?

— З «Правага сэктару» ў нас зрабілі таго Бабая, якім у дзяцінстве ўсіх палохалі, але яго ніхто ня бачыў. У нас яго не было і няма. Тут стаяць сілавікі Ўкраіны, вайскоўцы. Я ня бачыў на блёкпастах людзей з сымболікай «Правага сэктару». Проста расейскае тэлебачаньне называе нацгвардзейцаў «Правым сэктарам» — такая падмена паняцьцяў, маніпуляцыя.

— Як у вас справа з тэлебачаньнем? Якія каналы ёсьць?

— У кабэльнай сетцы ёсьць расейскія і ўкраінскія каналы.

Хадзіў да банкамату неяк, то бачыў, як здымаюць карэспандэнты каналу «Россия 24». Ня ўсе, вядома, хочуць і гутарыць нават зь імі. Выбралі там жанчыну, якая расказала пра «Прыватбанк» і Каламойскага шмат цікавага... Там абражалі і яго, і Яцанюка... Зразумела, што выбіраюць такіх, хто ў іх бок скажа... А быў час, калі прарасейскія захапілі тэлевежу, то адключылі ўкраінскія каналы і ўключылі расейскія. То гэта было — ледзь дах не паехаў. Такое ўжо нясуць... асабліва гэтыя іх ток-шоў — такую лухту казалі нават пра гісторыю Ўкраіны...