Майдан адмаўляецца разыходзіцца і перасьцерагае палітыкаў ад спробаў разгону

Майдан Незалежнасьці ў Кіеве

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і супольнасьці Майдану абнародавалі маніфэст, у якім заявілі, што не разыдуцца, пакуль ня будуць выкананыя ўсе іх патрабаваньні.
Прадстаўнік Духоўнай Рады Майдану Аляксандар Крываносаў прыгразіў, што палітыкам ня варта разганяць Майдан.

«Мы лічым, што не палітыкі Майдан сабралі, ня ім яго і разганяць. Майдан будзе стаяць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя нашы патрабаваньні і пакуль ужо цяперашняя ўлада не прыслухаецца да нас», — сказаў Аляксандар Крываносаў.

Акрамя таго каардынатарка «Майдан-прэс-цэнтру» Натальля Салаўёва агучыла заяву, згодна зь якой Майдан не разыдзецца, пакуль ня будуць выкананыя ягоныя патрабаваньні.

«Пакараньне злачынцаў; люстрацыя; пакет законаў для зьмены сыстэмы ўлады; не ўстаноўлены канстытуцыйны парадак у частцы грамадаў; не пакараныя вінаватыя ў масавых забойствах; ня створана тэрытарыяльная грамада Кіева па самакіраваньні», — зачытала патрабаваньні Натальля Салаўёва, паведамляе Укрінформ.

Яна дадала, што «фізычны Майдан» павінен быць захаваны і акультураны для стварэньня матэрыяльна-асьветніцкага комплексу. На яе думку, для гэтага трэба правесьці конкурс па рэарганізацыі тэрыторыі. «Майдан павінен быць захаваны ў межах першай — чацьвёртай барыкадаў. Ён павінен быць пешаходным», — падкрэсьліла Натальля Салаўёва.