Мазыр: яшчэ аднаго актывіста незалежнага прафсаюзу звольнілі з працы

Павал Наздра

У Мазыры мясцовы райжылкамунгас пазбаўляецца ад актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП, электраманцёра Паўла Наздры. Ён атрымаў афіцыйнае паведамленьне, што працоўны кантракт зь ім у чэрвені ня будзе працягнуты. Гэта ўжо сёмы актывіст незалежнага прафсаюзу, звольнены апошнім часам у рэгіёне з ініцыятывы наймальнікаў.
У аддзеле кадраў Мазырскага райжылкамунгасу пацьвердзілі, што Паўлу Наздру даслана паведамленьне пра спыненьне зь ім працоўных адносін:

«Наймальнік своечасова паведаміў яму пра спыненьне кантракту. Ёсьць на гэты конт рэзалюцыя кіраўніцтва. Гэта права наймальніка».

З 2010 году Павал працаваў электраманцёрам у ЖЭУ-4. Начальнік жыльлёва-эксплюатацыйнага ўчастку Віталь Васілёнак ніякіх тлумачэньняў наконт спыненьня кантракту актывісту не дае: маўляў, наймальнік мае права не працягваць кантракт — і нічога нікому тлумачыць не абавязаны. Тым больш што ідзе так званая аптымізацыя структураў ЖКГ.

Сам актывіст лічыць, што начальству прыйшліся не даспадобы ягоныя адкрытыя размовы з жыхарамі дамоў наконт платных камунальных паслуг — электрамантажных, сантэхнічных, малярных ды іншых, якія цяпер актыўна пашыраюць жыльлёва-камунальныя прадпрыемствы. Праз гэта насельніцтва мусіць плаціць за камунальныя паслугі дадаткова.

Кансультаваў Наздра й рабочых, зь якімі працаваў, і гэта не падабалася начальству:

«Васілёнак прамым тэкстам заявіў: „Ты тут працаваць ня будзеш“ — і ўсё тут. Усё ідзе праз Васілёнка. Магчыма, зь ім пагутарылі кампэтэнтныя органы і ветліва папрасілі пазбавіцца ад мяне. Мая праца зьвязаная зь людзьмі, і яны пабаяліся, што дзейнасьць прафсаюзу будзе разьвівацца. Я ўсіх кансультаваў, у тым ліку й рабочых. У выніку яны й вырашылі ад мяне пазбавіцца».

Звольніць актывіста меліся яшчэ летась:

«Фармальна — за выкананьне платнай заяўкі. Нібыта я выканаў заяўку, а грошы сабе забраў. Але я яе не выконваў — у журнале стаяла толькі маё прозьвішча, а подпісу майго наконт выкананьня не было. Яе ніхто не выконваў з нашых электрыкаў. Я выйшаў з адпачынку, напісаў тлумачальную — і юрысты сказалі, што няма ніякіх падставаў прыцягваць да адказнасьці».

Раней спадар Наздра быў кіраўніком Мазырскага таварыства аховы жывёлаў і багата дастаўляў клопатаў таму ж райжылкамгасу наконт жорсткага абыходжаньня з дваровымі сабакамі й катамі. Наздру ў адказ тузалі з розных бакоў — нават з ваенкамату.

Летась Павал ачоліў суполку незалежнага прафсаюзу РЭП у Мазыры і зноў стаў недаспадобы мясцовым начальнікам.

Прадстаўнік прафсаюзу РЭП у рэгіёне Віктар Казлоў:

«На яго „наехалі“ недзе паўгода таму. Ён расказваў жыхарам дамоў, якія ён абслугоўвае, як павінны браць плату за паслугі, у якім памеры. А гэта, пэўна, было ня надта прыемна для кіраўніцтва».

Пад прэс адміністрацыйнай машыны найчасьцей трапляюць неабыякавыя людзі, якія неяк выяўляюць сваю пазыцыю. Пратэстуе чалавек супраць п’янства — затрымліваюць, штрафуюць. Узьніме плякат на знак салідарнасьці з Украінай, супраць расейскай агрэсіі — арыштоўваюць.
У нашай краіне любая нефармальная дзейнасьць раздражняе ўлады


Пра гэта кажа й гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка:

«У нашай краіне любая нефармальная дзейнасьць раздражняе ўлады. І ня важна, выяўляе чалавек сябе, як Павал Наздра, у прафсаюзе РЭП, альбо — як нядаўна звольнены сябра незалежнага прафсаюзу Зьміцер Карашкоў — у грамадзянскай кампаніі „Хопіць піць — трэба жыць“. Усё адно наймальнік шукае зачэпкі, каб звольніць такіх з працы, пазбавіць іх нават адносна невялікай матэрыяльнай самастойнасьці.

Хваля арыштаў і затрыманьняў пракацілася па краіне напярэдадні адкрыцьця чэмпіянату сьвету па хакеі. За краты трапілі нашы чальцы прафсаюзу РЭП Юры Рубцоў, Андрусь Цянюта. Хутчэй за ўсё, пасьля адседкі сутак у іх таксама будуць праблемы з працай. Падаецца, што ўлады паступаюць так, каб перад будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі наагул пазбавіцца ад іншадумцаў і хоць трохі актыўных людзей».

Паводле зьвестак незалежнага прафсаюзу, на Гомельшчыне цягам году было звольнена сямёра іхніх сяброў. Апроч згаданых актывістаў, кантракт з ініцыятывы адміністрацыяў спынілі з прадстаўніком «Вясны» ў рэгіёне Анатолем Паплаўным, актывістам «Нашай Альтэрнатывы» Кастусём Жукоўскім.

Што да Паўла Наздры з Мазыра, то ён мае намер прад’явіць наймальніку свае прэтэнзіі праз суд — за невыкананьне ўмоваў працоўнага кантракту.