Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Звольнілі ўдзельніка галадоўкі пратэсту Осіпава


Сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Осіпаў звольнены з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Фармальная прычына — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. Сам жа Осіпаў лічыць, што працоўныя адносіны зь ім спынілі, бо ён сябра незалежнага прафсаюзу і ўдзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць дыскрымінацыі працоўных прадпрыемства па прафсаюзнай прыналежнасьці.

У інтэрвію Свабодзе Віктар Осіпаў адзначыў:

«Мой непасрэдны начальнік ня быў супраць таго, каб я працягваў працаваць, а таксама працоўны калектыў напісаў хадайніцтва да кіраўніцтва заводу, каб мяне не звальнялі. Але паколькі я ў Свабодным прафсаюзе і ўдзельнік галадоўкі, то адміністрацыя праігнаравала думку калектыву. Тое, што я добры працаўнік, нікога з кіраўніцтва не цікавіць. Я ўсё ж спадзяваўся, што ня звольняць, але звольнілі».

Віктар Осіпаў кажа, што адпрацаваў на заводзе дзесяць гадоў на розных вытворчых участках. Нараканьняў на ягоную працу не было. Яму сорак гадоў. Лічыць, што знайсьці занятак у Бабруйску будзе яму складана, бо зьвесткі пра ягоную прыналежнасьць да незалежнага прафсаюзу перадаюцца праз вэртыкаль на розныя прадпрыемствы гораду.

Калегі Осіпава па працы, якія зьвярталіся да адміністрацыі, не задаволеныя ягоным звальненьнем, але як абараніць яго, ня ведаюць. Звальненьне Осіпава яны зьвязваюць, як і ён сам, зь сяброўствам у Свабодным прафсаюзе.

Віктар Осіпаў стаў другім звольненым актывістам у 2014 годзе. У лютым адміністрацыя прадпрыемства ня стала працягваць працоўныя адносіны зь сябрам Свабоднага прафсаюзу Беларускага Аляксандрам Нікіткам.

Галадоўка дзесяці працаўнікоў заводу трывала тры дні. Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значылася і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабавалі выдзеліць пад сядзібу суполкі памяшканьне на тэрыторыі заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG