Данбас у палоне баевікоў

У Данецкай аблдзяржадміністрацыі

У Данецкай вобласьці пад кантролем тэрарыстаў — адзін будынак абласной адміністрацыі, 8 мэрыяў, 4 гараддзелы міліцыі і 3 падразьдзяленьні СБУ.
Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС Украіны ў Данецкай вобласьці.

Пад кантролем узброеных людзей застаюцца гараддзелы міліцыі і падразьдзяленьні СБУ ў Славянску, Луганску, Краматорску і Горлаўцы.

«Групай узброеных асобаў 30 красавіка 2014 а 3:00 быў захоплены Цэнтральна-Гарадзкі раённы аддзел Горлаўскай гарадзкой управы міліцыі. Невядомыя ўварваліся ў будынак, вывелі асабовы склад райаддзелу на вуліцу і забарыкадаваліся ў памяшканьні. Дэталі здарэньня вызначаюцца», — паведамляюць у МУС.

Акрамя таго, захопленай застаецца Данецкая аблдзяржадміністрацыя.

«Вакол будынка пратэстоўцы ўзьвялі барыкады. У Данецкім гарвыканкаме знаходзяцца ўзброеныя людзі ў камуфляжнай вопратцы. Невядомыя дзяжураць на прапускным пункце і на ўсіх паверхах адміністрацыйнага будынка. Праца гарвыканкама не блякуецца», — паведамілі ў міліцыі.

Таксама ў штатным рэжыме, але пад пільнай увагай пратэстоўцаў, працуюць гарвыканкамы Краматорску, Горлаўкі, Енакіева, Канстанцінаўкі, Харцыску, Марыюпаля і Макееўкі.

На аўтадарогах вобласьці ўстаноўлена звыш 20 блёк-пастоў, найбольш — у Славянску, Краматорску і Макееўцы.