Амбасадар: Крым будзе тэрыторыяй Украіны

Your browser doesn’t support HTML5

Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль пасьля кансультацыяў у Кіеве вярнуўся ў Менск. Ён таксама выступіў на прэзэнтацыі турыстычнага патэнцыялу Ўкраіны, якая прайшла ва ўкраінскай амбасадзе.
Міхаіл Ежэль заявіў, што Ўкраіна па-ранейшаму гатовая прымаць беларускіх грамадзянаў на свае курорты. Дыплямат запэўніў, што турыстам ва Ўкраіне нішто не пагражае, і параіў ня верыць распаўсюджаным некаторымі мэдыямі зьвесткам пра нібыта небясьпеку на дарогах Украіны:

«Чуткі пра тое, што ва Ўкраіне правалены курортны сэзон, моцна перабольшаныя. Так, сёньня фактычна на тэрыторыі аўтаномнай рэспублікі Крым прысутнічаюць акупацыйныя войскі. Крым акупаваны, і ня ўсе паедуць туды цешыцца Чорным морам. Але ў асноўным усё ва Ўкраіне захаванае. Украіна — гэта ня толькі Крым, ва Ўкраіне больш за дзьвесьце турыстычных базаў і санаторыяў. І, калі ласка, ня верце таму, што ва Ўкраіне творыцца „бязьмежжа“, што праз Украіну нельга праехаць — надта перабольшаныя гэтыя чуткі».

Сустрэча з журналістамі ў амбасадзе Ўкраіны прайшла з удзелам прадстаўнікоў беларускіх і ўкраінскіх турыстычных прадпрыемстваў з нагоды міжнароднай турыстычнай выставы, якая праходзіць у Менску. Абодва бакі выказалі непакой з прычыны падзеньня попыту на паездкі наземным транспартам праз тэрыторыю Ўкраіны. Прычынай таму — страх, народжаны чуткамі і адсутнасьцю праўдзівай інфармацыі пра стан правапарадку на ўкраінскіх дарогах, кажа дэпутат Бярэзінскага раёну Мікалаеўскай вобласьці, дырэктар турыстычнай кампаніі Мікалай Шарамецьеў:

«Мы два дні працуем на выставе, і да нас прыходзяць жыхары Беларусі: у іх вачах — страх. Так, сытуацыя няпростая. Але, паглядзеўшы беларускія тэлеканалы, страшна ўжо дадому вяртацца. А насамрэч мы прыехалі сюды машынаю і таксама хочам, каб беларусы былі ўпэўненыя, што на нашых дарогах і на нашых курортах — спакой і дабрабыт. Мы любім і чакаем беларусаў на нашых курортах. А са свайго боку ўлады Ўкраіны гарантуюць бясьпеку праезду».

Адначасна, улічваючы неспрыяльнае інфармацыйнае становішча, украінскія турыстычныя кампаніі прынялі рашэньне пакінуць кошт сваіх паслугаў на ўзроўні мінулага году. А некаторыя курорты ўводзяць дадатковыя 25% зьніжкі. У сваю чаргу, амбасадар Украіны Міхаіл Ежэль выказаў спадзяваньне, што Крым зь ягонымі курортамі і здраўніцамі будзе вернуты ў склад Украіны:

«Крым гвалтоўна анэксаваны Расеяй. Сёньня ўвесь сьвет даў ацэнку гэтым дзеяньням. І я думаю, што, магчыма, ня сёньня і ня заўтра, але надыдзе час, калі Крым, які зьяўляецца спрадвечнай украінскай тэрыторыяй, будзе тэрыторыяй Украіны».

Міхаіл Ежэль таксама заявіў, што сэпаратысцкія настроі ва Ўкраіне — правакацыя і што ён вельмі высока цэніць афіцыйную пазыцыю Беларусі адносна ўкраінскіх падзеяў і лічыць яе надзвычай важнай для Ўкраіны.