Украінскі амбасадар вярнуўся ў Менск пасьля кансультацыяў у Кіеве

Міхаіл Ежэль

Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль пасьля кансультацыяў у Кіеве вярнуўся ў Менск.
11 красавіка ён ужо выступіў на прэзэнтацыі турыстычнага патэнцыялу Ўкраіны, якая прайшла ва ўкраінскай амбасадзе.

На сустрэчы з журналістамі амбасадар Міхаіл Ежэль заявіў, што турыстычны сэзон ва Ўкраіне не сарваны, запрасіў беларусаў на ўкраінскія курорты. Дыплямат запэўніў, што турыстам ва Ўкраіне нішто не пагражае, гарантаваў таксама бясьпеку на дарогах. Ён параіў ня верыць растыражаваным у сродках масавай інфармацыі зьвесткам, што нібыта на дарогах Украіны небясьпечна.

У інтэрвію Радыё Свабода амбасадар Ежэль заявіў, што тэрыторыя Крыму незаконна захоплена расейскімі войскамі і гэтаму дадзена адпаведная ацэнка міжнароднай супольнасьці. Украінскі амбасадар перакананы: «Ня сёньня і ня заўтра, але, безумоўна, надыдзе час, калі Крым зноў стане ўкраінскай тэрыторыяй. А сэпаратысцкія настроі ва Ўкраіне зьяўляюцца правакацыяй».

Спадар Ежэль падкрэсьліў таксама, што вельмі высока цэніць афіцыйную пазыцыю Беларусі, назваў яе вельмі ўзважанай, аб’ектыўнай і надзвычай важнай для Ўкраіны.