Бабруйскага блогера аштрафавалі

Алег Жалноў

Бабруйскі блогер Алег Жалноў мусіць сплаціць 12 мільёнаў 750 тысяч рублёў штрафу паводле двух выракаў Бабруйскага суду.
У абодвух выпадках яго прызналі вінаватым у «непадпарадкаваньні законнаму распараджэньню службовай асобы пры выкананьні службовых паўнамоцтваў».

Нагодай для адміністрацыйнага перасьледу блогера, вядомага ў Бабруйску сваімі відэасюжэтамі, якімі, як ён заяўляе, выкрываюцца факты правапарушэньняў, учыненых міліцыянтамі, сталі аўдыёзапісы яго гутарак на прыёме ў начальніка бабруйскай міліцыі ды выканаўцы абавязкаў начальніка Бабруйскага міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту. Гутарка зь міліцэйскім начальнікам была выкладзеная Жалновым у інтэрнэт. Аўдыёзапіс прыёму у Сьледчым камітэце быў знойдзены падчас вобшуку блогера.

На разглядзе адміністрацыйных спраў прадстаўнікі міліцыі і Сьледчага камітэту даводзілі суду, што Жалноў мусіў здаць гуказапісвальную тэхніку дзяжурным, бо ўстановы, куды ён наведаўся, — рэжымныя аб’екты. Гэтага ён не зрабіў, чым парушыў службовыя інструкцыі.

Довады блогера, што запісваючы гутаркі ён кіраваўся не патрабаваньнямі службовай інструкцыі, а сваім канстытуцыйным правам «на збор, захоўваньне і распаўсюд інфармацыі, якая не зьяўляецца дзяржаўнай, ваеннай або камэрцыйнай таямніцай», на пазыцыю судзьдзяў не паўплывала.

Судзьдзя Натальля Чарапуха ў сваёй пастанове перавагу аддала прадстаўнікам Сьледчага камітэту і аштрафавала блогера на 46 базавых велічыняў. А яе калега Натальля Шэгэда прызнала правату за міліцыяй ды пакарала Жалнова на 45 базавых велічыняў. Разам сума штрафу складае 12 мільёнаў 750 тысяч рублёў.

Сябе вінаватым Алег Жалноў ня лічыць і зьбіраецца абскарджваць пакараньні. Ён мяркуе, што на судзьдзяў мог быць аказаны ціск, каб яны вынесьлі яму абвінаваўчыя прысуды.

Як тлумачыць Алег Жалноў, да кіраўнікоў бабруйскай міліцыі і аддзелу Сьледчага камітэту ён прыйшоў, каб высьветліць, дзе знаходзіцца канфіскаваная ў яго падчас ператрусу аргтэхніка. Вобшук адбыўся летась у кастрычніку. На пісьмовыя запыты, як кажа блогер, прыходзілі адпіскі. Акрамя таго Жалноў зьбіраўся высьветліць, у якім стане расьсьледаваньня знаходзяцца крымінальныя справы, фігурантам якіх ён нібыта зьяўляецца. Па адной зь іх у яго і забралі тэхніку.

Сваёй выкрывальніцкай дзейнасьці блогер спыняць не зьбіраецца. Кажа, што, як і раней, будзе рабіць відэасюжэты пра парушэньні закону міліцыянтамі і выкладаць іх на сваёй старонцы у інтэрнэце.