Бабруйскі галадоўнік: «Адміністрацыя заводу робіць выгляд, што ёй усё абыякава»

На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў колькасьць працаўнікоў, якія ўдзельнічаюць у галадоўцы пратэсту супраць дыскрымінацыі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага, узрасла да 10 чалавек.
Акрамя іх, ля прахадной прадпрыемства галадае старшыня суполкі прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў, якога на завод не пускаюць.

Акцыю пратэсту падтрымліваюць і двое раней звольненых з заводу працаўнікоў, якія засталіся сябрамі незалежнага прафсаюзу. Тым часам адміністрацыя прадпрыемства заяўляе, што галадоўкі на заводзе няма.

Папераджальную трохдзённую галадоўку пратэсту прафсаюзьнікі абвясьцілі 25 сакавіка. Паводле старшыні суполкі Міхаіла Кавалькова, рашэньне распачаць акцыю пратэсту прымалася калектыўна на сходзе.

Удзельнікі акцыі патрабуюць ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэньня працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значыцца і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабуюць выдзеліць пад сядзібу суполкі памяшканьне на тэрыторыі заводу.

За двое сутак акцыі пратэсту адміністрацыя прадпрыемства, кажа Міхаіл Кавалькоў, на выстаўленыя патрабаваньні не адрэагавала. Прафсаюзны актывіст зазначае: пакуль трывае галадоўка, чакаць такой рэакцыі не выпадае, бо кіраўніцтва заводу лічыць, што саступаць свабоднаму прафсаюзу — значыць праяўляць слабасьць.

Міхаіл Кавалькоў

«Асноўная мэта галадоўкі — прыцягнуць увагу беларускіх уладаў, ад гарадзкіх да адміністрацыі прэзыдэнта, да беззаконьня, якое творыцца ў адносінах да Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, — тлумачыць Міхаіл Кавалькоў. — І толькі ад улады будзе залежаць, ці пойдзе адміністрацыя заводу з намі на перамовы пра наладжваньне сацыяльнага супрацоўніцтва, ці не».

Падводзячы вынікі двух дзён, прафсаюзны актывіст адзначае: «Гэтая акцыя набыла масавы характар. На сёньняшні дзень 12 чалавек удзельнічаюць у галадоўцы».

Галадоўка, заяўляе прафсаюзьнік, стварыла шмат непрыемнасьцяў адміністрацыі.

«Яна пабачыла, — кажа ён, — што галадае не адзін Кавалькоў. Яны цяпер ня могуць сказаць, што гэта Кавалькоў гэтак піярыцца, адпрацоўвае нечыя грошы ды бударажыць працоўны калектыў. А што яны могуць заявіць цяпер, калі людзі галадаюць ля станка?»

Генадзь Лабачоў — адзін з тых, хто трымае галадоўку двое сутак. Пачувае сябе добра. Кажа, што ўчора да яго падыходзілі з адміністрацыі і цікавіліся здароўем. Іншай рэакцыі на галадоўку не было.

«Не падобна, што і будзе нейкая рэакцыя, — выказвае меркаваньне Генадзь. — Яны папросту махнулі рукой і робяць выгляд, што ім абыякава ўсё».

Што да стаўленьня працоўных, то ён адзначае:

«Маральна нас падтрымліваюць. Усе ж разумеюць, што мы выступаем за агульныя правы працоўных. Ёсьць жа ў нас і тыя, хто ні ў якім прафсаюзе, і іх даволі шмат — і яны таксама кінутыя».

У акцыі пратэсту ўдзельнічае і вэтэран працы на заводзе Ірына Коршунава. Пра пазыцыю працоўных адносна галадоўкі яна кажа:
Уціхую нас многія падтрымліваюць. «І мы б далучыліся, але ў нас малыя дзеці або крэдыты»


«Вы ж не забывайце, што гэтымі кантрактамі запалоханыя ўсе. Уціхую нас многія падтрымліваюць. „І мы б далучыліся, але ў нас малыя дзеці або крэдыты. Калі я далучуся да вас, то не падпішуць кантракт, звольняць“. А так за вочы нас падтрымлівае бальшыня».

Працоўныя заводу, зь якімі ўдалося пагутарыць, выказваюцца станоўча пра тых, хто наважыўся на пратэст.

«Я падтрымліваю. Заўжды была на баку Свабоднага прафсаюзу, бо хоць нейкая абарона была, пакуль Міхаіл Кавалькоў на заводзе быў. Потым усё гэта спынілася. Людзі пачалі баяцца. Іх пачалі прыціскаць, пазбаўляць выплат, звальняць. Я за тое, каб гэта ўсё аднавіць, як раней было. Каб офіс быў і прафсаюзная дзейнасьць», — выказваецца адна з працаўніц.

Суразмоўніца прызнаецца, што сама не гатовая адкрыта падтрымаць пратэст — баіцца рэпрэсіяў з боку адміністрацыі:

«Сто працэнтаў, што са мной кантракт не працягнуць. Бальшыня працоўных прафсаюз падтрымлівае, але баяцца звальненьня, баяцца нявыплаты прэміяў. Ціск дужа вялікі на ўсіх».

Тым часам адміністрацыя галадоўкі працоўных не заўважае. Намесьнік генэральнага дырэктара заводу Ўладзімер Елісеенка адрэагаваў на пытаньне пра акцыю пратэсту каротка: «Няма ў нас галадовак».

Паводле саміх жа галадоўнікаў, адміністрацыя прадпрыемства на загад Міністэрства прамысловасьці высьвятляла ў іх, ці насамрэч яны галадаюць. Яны пацьвердзілі свой удзел у акцыі пратэсту.